Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці не пусьцілі адведаць сына, які ляжыць у коме пасьля спробы суіцыду ў турме


Жодзінская турма, ілюстрацыйнае фота
Жодзінская турма, ілюстрацыйнае фота

Сьвятлане Пратасені не ўдалося адведаць сына ў жодзінскім шпіталі, куды яна прыехала ўвечары 11 студзеня. Жанчына распавяла, як спрабавала прайсьці да сына, які дагэтуль застаецца ў коме пасьля спробы суіцыду ў жодзінскай турме. Прычынаў, з-за якіх яе не пусьцілі да сына, Сьвятлана Пратасеня ня ведае.

Ягор жа ня проста ў рэанімацыі, ён пад аховай, яго там сьцерагуць дзень і ноч тры чалавекі ў форме.

«Калі я прыехала ў шпіталь, дык загадчык аддзяленьня рэанімацыі быў ня супраць мяне пусьціць. Сказаў, калі дазволяць з турмы, дык пушчу. Але Ягор жа ня проста ў рэанімацыі, ён пад аховай, яго там сьцерагуць дзень і ноч тры чалавекі ў форме. Я пачала званіць намесьніку начальніка турмы. Дазванілася. Той сказаў, што пойдзе раіцца з начальнікам турмы. Параіўся і сказаў — „Не“. Без тлумачэньняў. Кажу яму, што я прыехала з Салігорску, такі шлях, што лекар дазваляе. Нават дала яму нумар тэлефону лекара. Кажу, пазваніце яму, ваша ж ахова, тры міліцыянты, якія сьцерагуць дзіця без прытомнасьці, яны ж вас ведаюць па прозьвішчы і пацьвердзяць лекару, што гэты вы. Хіба лекар вам не паверыць? „Не“. Сказаў толькі, што заўтра зноў будуць з кімсьці раіцца і каб пазваніла пасьля 10.00», — распавяла Сьвятлана Пратасеня.

Сёньня, калі Сьвятлана Пратасеня зноў пазваніла ў турму, ёй сказалі, што яны можа прыехаць на сустрэчу з сынам заўтра, 13 студзеня, але толькі пры ўмове, што атрымае дазвол судзьдзі Салігорскага суду. На момант нашай размовы са Сьвятланай Пратасеняй такога дазволу яна яшчэ ня мела.

20-гадовы жыхар Салігорску Ягор Пратасеня на пачатку году спрабаваў павесіцца ў адзіночнай камэры жодзінскай турмы, куды трапіў пасьля арышту ў красавіку мінулага году. У канцы сьнежня Салігорскі суд прызнаў Ягора вінаватым у распаўсюдзе наркотыкаў і асудзіў на 14 год зьняволеньня. У лістах дамоў і на спатканьні з маці пасьля суду Ягор Пратасеня распавядаў пра зьдзекі і катаваньні з боку супрацоўнікаў управы міліцыі па наркакантролі і папярэджваў, што скончыць жыцьцё самагубствам — на знак пратэсту і каб адпомсьціць міліцыянтам. 5 студзеня Сьвятлана Пратасеня прыехала ў турму на спатканьне з сынам, але ёй сказалі, што сын трапіў у рэанімацыю пасьля спробы самагубства. За мінулыя 8 дзён маці так і не дазволілі пабачыць сына, які, паводле мэдыкаў, ляжыць у коме. Што маці вядома пра цяперашні стан Ягора Пратасені?

Лекар сказаў, што надзеі мала, што ў яго пашкоджаны мозг. Таму я не паверу іх словам, што ў іх толькі хвіліна пайшла на тое, каб пасьля суіцыду яго дастаць зь пятлі.

«Лекар сказаў, што надзеі мала, што ў яго пашкоджаны мозг. Таму я не паверу іх словам, што ў іх толькі хвіліна пайшла на тое, каб пасьля суіцыду яго дастаць зь пятлі. За хвіліну мозг ня будзе гэтак пашкоджаны», — кажа Сьвятлана Пратасеня. Па зьвестках ад лекараў, яе сын цяпер падключаны да апарату штучнага дыханьня, ягоны арганізм падсілкоўваюць праз кропельніцу.

У жодзінскай турме не камэнтуюць інцыдэнт са спробай суіцыду Ягора Пратасені. Дзяжурны, пачуўшы ад карэспандэнта прозьвішча Пратасені, проста кінуў слухаўку. Пры гэтым вядома, што ў прыватных размовах міліцыянты спасылаюцца на тое, што хлопец пакутаваў ад наркатычнай залежнасьці. Сьвятлана Пратасеня ня згодная зь меркаваньнем, што яе сын ужываў наркотыкі, тым больш псыхатропы. Паводле маці, з псыхічным здароўем у Ягора Пратасені да арышту ўсё было нармальна, і ягоныя паводзіны ня сьведчылі пра залежнасьць ад наркотыкаў.

Паводле Сьвятланы Пратасені, праверку інцыдэнту зь яе сынам распачалі ў жодзінскай управе Сьледчага камітэту.

У Сьледчым камітэце пацьвердзілі, што пачалася перадсьледчая праверка інцыдэнту ў жодзінскай турме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG