Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія тэндэнцыі назіраліся ў сфэры недзяржаўных арганізацыяў Беларусі ў 2015 годзе? Ці ўзмацніў трэці сэктар свае пазыцыі, ці павялічыў уплыў на грамадзтва? Як паўплывала на дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці новае заканадаўства? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць палітоляг Юры Чавусаў і кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

«НДА падпалі пад тэндэнцыю адзяржаўленьня»

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Якія асноўныя тэндэнцыі мелі месца ў сфэры недзяржаўных арганізацыяў Беларусі ў 2015 годзе?

Чавусаў: Мой адказ будзе, магчыма, парадаксальны. Мне падаецца, што 2015 год быў больш насычаны за іншыя гады падзеямі і тэндэнцыямі ў сфэры грамадзянскай супольнасьці. Магчыма, ня ўсе гэтыя тэндэнцыі былі пазытыўныя, і ўплыў грамадзянскай супольнасьці на грамадзтва не павялічыўся.

Аднак любая дынаміка, любое зьмяненьне вонкавых умоваў — чыньнік, які ў пэрспэктыве можа паўплываць на грамадзянскую супольнасьць пазытыўным чынам. Мы бачым, як на фоне фінансавага крызісу адбываецца рост усялякіх краўндфаўндынгавых плятформаў, дабрачынных праектаў. Таму ў мяне ёсьць стрыманы аптымізм.

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Мацкевіч: Я б адзначыў трохі іншыя аспэкты. Грамадзянская супольнасьць пачынае патроху ўсьведамляць сваю адрознасьць ад НДА (недзяржаўных арганізацыяў) і «трэцяга сэктару». Як мы гэта мэтафарычна называем — зьяўленьне «чацьвёртага сэктару». Бо НДА досыць даўно ўжо падпалі пад тэндэнцыю адзяржаўленьня і сталіся прыдаткамі альбо дзяржавы, альбо напаўдзяржаўных нейкіх фондаў.

Мы заўважаем, што грамадзянская супольнасьць паціху пачынае жыць сваім жыцьцём, не зважаючы на дзяржаву, на бізнэс і на НДА. Тое, што Юры ўзгадаў — гэта адбываецца па-за трэцім сэктарам, і яны нават ня надта хочуць зь ім зьвязвацца, хоць часам вымушаныя ў пошуках сродкаў. І гэтая тэндэнцыя працягваецца, і, я мяркую, яна пойдзе на карысьць грамадзянскай супольнасьці.

«НДА перастаюць быць „школай дэмакратыі“»

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Чавусаў: Мне падаецца, Уладзімер слушна заўважыў пэўныя тэндэнцыі. Але я б дапоўніў іх сваімі пэсымістычнымі назіраньнямі як юрыст, які займаецца кансультаваньнем НДА. Мы бачым, што ўсё больш рэгіструецца арганізацыяў у форме «ўстановаў» — іх лёгка зарэгістраваць, ім прасьцей дзейнічаць.

Самі НДА перастаюць быць «школай дэмакратыі». Гэта калі валянтэры прыходзяць у арганізацыю, укладаюць сваю працу, удзельнічаюць у сходах, вучацца ўнутранай дэмакратыі. Дык ва ўстановах усяго гэтага няма — яны ствараюцца адным чалавекам і ім кіруюцца. І мы бачым парадаксальную сытуацыю — можа існаваць установа, якая акумулюе дзейнасьць сотняў людзей, але гэтая дзейнасьць не пераўтвараецца ў дзейнасьць арганізацыі, структуры грамадзянскай супольнасьці.

На мой погляд, гэта даволі трывожная тэндэнцыя. Яна існуе і ў іншых краінах — паўсюль кажуць пра заняпад арганізацыяў, заснаваных на трывалым сяброўстве. Але ў Беларусі гэта абцяжарваецца кепскімі прававымі ўмовамі, калі многія арганізацыі, якія ня маюць шанцаў зарэгістравацца як аб’яднаньне, існуюць у форме ўстановаў. І гэта досыць сур’ёзная пагроза для доўгатэрміновай устойлівасьці грамадзянскай супольнасьці менавіта як супольнасьці вольных, адказных грамадзянаў.

Цыганкоў: Як у 2015 годзе зьмянілася заканадаўства ў сфэры недзяржаўных арганізацыяў?

Для донараў зьяўляецца больш магчымасьцяў фінансаваць дзяржаўныя праекты ці праекты грамадзянскай супольнасьці, якія рэалізуюцца з удзелам дзяржаўных органаў.

Чавусаў: Гэты год будзе адзначаны ў гісторыі як год зьмяненьня заканадаўства пра замежнае фінансаваньне. Год прэзыдэнцкіх выбараў звычайна адзначаўся пагаршэньнем умоваў для атрыманьня замежнага фінансаваньня, але 2015 год гэтым не адзначаўся. Новы Дэкрэт пра замежную бязвыплатную дапамогу (распрацоўвалася зь вясны 2015-га — значыць, да вызваленьня палітвязьняў, да прэзыдэнцкіх выбараў), безумоўна, застаецца ў межах ранейшай кантраляванай дзяржавай працэдуры атрыманьня фінансавых сродкаў.

Але пагаршэньня не адбылося. Для донараў, наадварот, зьяўляецца больш магчымасьцяў фінансаваць дзяржаўныя праекты ці праекты грамадзянскай супольнасьці, якія рэалізуюцца з удзелам дзяржаўных органаў. Гэтым, дарэчы, тлумачыцца ўсё большая колькасьць арганізацыяў, якія не назавеш дэмакратычнымі, хутчэй — ляяльнымі да ўлады.

Цыганкоў: Уладзімер, а як вы ацэніце тое, што дзяржава ўсё больш актыўна ідзе на стварэньне ляяльных арганізацыяў «трэцяга сэктару»?

«Калі традыцыйныя НДА захочуць існаваць гэтаксама, як раней, то ім давядзецца павялічваць сваю ляяльнасьць рэжыму»

Калі традыцыйныя НДА захочуць існаваць гэтаксама, як раней, ім давядзецца павялічваць сваю ляяльнасьць рэжыму. Тым самым трэці сэктар губляе апазыцыйны характар, сваю сутнасьць іншасьці.

Мацкевіч: Гэты працэс узмацніўся ў 2015 годзе, але назіраецца даўно. Ён быў вельмі заўважны, калі дзяржава пайшла на стварэньне Грамадзка-кансультацыйнай Рады, у якую яны самі вылучылі некаторых лідэраў грамадзянскай супольнасьці. З гэтага часу яны не прыпынялі гэтыя працэсы, але ў 2015 годзе гэта стала відавочным для ўсіх.

І гэта распаўсюджваецца ня толькі на так званыя GONGO-арганізацыі (недзяржаўныя арганізацыі, арганізаваныя дзяржавай. — РС), але і на традыцыйныя НДА, якія паводле сваёй інтэнцыі быць апалітычнымі вымушаныя паддавацца гэтай тэндэнцыі і добраахвотна адзяржаўлівацца. І калі традыцыйныя НДА захочуць існаваць гэтаксама, як раней, то ім давядзецца павялічваць сваю ляяльнасьць рэжыму. І тым самым трэці сэктар губляе свой апазыцыйны характар, сваю сутнасьць іншасьці. Гэта стала вельмі заўважна ў 2015 годзе.

Цыганкоў: У 2015 годзе існаваў такі непрыемны для апазыцыі працэс, як спробы яе адсоўваньня ад перамоваў з Захадам, спробы ўладаў прадставіць сябе як адзінага перамоўшчыка з Захадам. Ці адбывалася тое самае з «трэцім сэктарам»?

Голас грамадзянскай супольнасьці на міжнароднай арэне гучыць усё менш. Але выклікана гэта перш за ўсё зьнешнімі прычынамі, геапалітычнымі падзеямі.

Чавусаў: Мне падаецца, тут ня трэба разводзіць палітычныя і грамадзянскія структуры — яны ў аднолькавай ступені аказаліся адсунутымі ад працэсу прыняцьця рашэньняў. Была і пэўная пыха асобных дзеячаў трэцяга сэктару, якія ў часы канфлікту Захаду і Менску былі жаданымі прамоўцамі на розных канфэрэнцыях. Тады іхняя пазыцыя была запатрабаваная, цяпер — не. Таму голас грамадзянскай супольнасьці на міжнароднай арэне гучыць усё менш. Але выклікана гэта перш за ўсё зьнешнімі прычынамі, геапалітычнымі падзеямі.

Мацкевіч: Сапраўды, уплыў і вага трэцяга сэктару, НДА значна зьменшылася. І ў першую чаргу я гэта зьвязваю з паразаю ініцыятывы Эўрапейскага дыялёгу па мадэрнізацыі, калі лідэры грамадзянскай супольнасьці недальнабачна і эгаістычна паводзілі сябе ў гэтым працэсе. І калі заходнія партнэры ўбачылі такую бязьдзейнасьць, пэўную імпатэнцыю грамадзянскай супольнасьці, якая запалоханая кантактамі з апазыцыяй ды імкнецца да сэпаратных стасункаў зь дзяржавай, то на гэтыя НДА проста перасталі зьвяртаць увагу як на магчымых агентаў пераменаў.

Мы страцілі тыя магчымасьці, якія адкрываліся перад намі з 2012 па 2014 год. Таму сёньня мы альбо будзем цалкам выкінутыя з дыялёгу Эўропы і Менску, альбо будзем прысутнічаць у ім у самым мінімальным выглядзе — як асобныя экспэрты, кансультанты, якія не прадстаўляюць нейкія грунтоўныя арганізацыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG