Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім кампаніям нагадалі, што карыстацца трэба ліцэнзійнай Windows


Ад вясны 2015 году барацьба зь пірацтвам у Беларусі ўвайшла ў актыўную фазу. Па кампаніях праводзяць рэйды, выпісваюць штрафы.

Карпарацыя Microsoft ад пачатку зімы рассылае беларускім прадпрыемствам лісты з напамінам пра неабходнасьць карыстацца ліцэнзійнай вэрсіяй Windows.

«У сувязі з усё больш частымі выпадкамі праверак і арыштаў пэрсанальных кампутараў гэтым лістом мы хацелі зьвярнуць вашу ўвагу на неабходнасьць ліцэнзіяваньня апэрацыйнай сыстэмы Windows, усталяванай на пэрсанальных кампутарах вашай арганізацыі», — пішуць у лісьце і нагадваюць, дзе шукаць сэртыфікаты сапраўднасьці легальных вэрсіяў Windows, а таксама — як набыць сэртыфікаты на ўжо ўсталяваныя копіі Windows.

Таксама ў лісьце нагадваюць пра магчымасьць бясплатнага абнаўленьня да Windows 10 для ліцэнзійных вэрсіяў «сямёркі» і «васьмёркі» (Windows XP ужо не падтрымліваецца кампаніяй, бясплатнага абнаўленьня зь яе на «дзясятку» не прапануецца).

Узровень пірацтва ў Беларусі складае 86%.

«Узровень пірацтва ў Беларусі складае 86%. Вы бачыце, што адбыліся рэйды з боку праваахоўных органаў, гэта сыстэматычная праца, — патлумачыў Радыё Свабода Ўладзімер Грузьдзеў, рэгіянальны прадстаўнік Microsoft у Беларусі. — Таму наша задача — папярэдзіць, зьвярнуць увагу на неабходнасьць легалізацыі. Таму мы зрабілі комплексную рассылку па базе замоўцаў па Беларусі, тысячы кампаніяў атрымалі гэтыя лісты».

Упершыню ў Беларусі штраф за неліцэнзійную копію Windows быў выпісаны ў красавіку 2015 году. Тады за неліцэнзійныя Windows і Office розных вэрсіяў на 40 базавых велічыняў была аштрафаваная група кампаніяў «Родная старана», яшчэ на 22 базавыя велічыні — яе супрацоўнік, адказны за ІТ-інфраструктуру кампаніі. Пасьля рэйды і штрафы працягнуліся, дайшлі нават да такіх прадпрыемстваў, як Віцебскі алееэкстракцыйны завод.

Microsoft Windows — самая папулярная, але не адзіная ў сьвеце апэрацыйная сыстэма для настольных кампутараў. На канец 2015 году, паводле зьвестак statista.com, розныя вэрсіі Windows займалі амаль 85% рынку настольных апэрацыйных сыстэмаў (самая папулярная — Windows 7 з 47,5% рынку). Яшчэ амаль 10% мела MacOS X ад Apple, 1,5% — розныя вэрсіі вольнай апэрацыйнай сыстэмы Linux, бясплатнае выкарыстаньне якой распрацоўшчыкі толькі вітаюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG