Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьнежнае покрыва за дзень вырасьце яшчэ на 10 см


Моцны сьнегапад у Менску чакаецца да 21-й гадзіны, на поўдні Беларусі — сьнег з дажджом.

Цыклён Даніэла праходзіць па Беларусі з паўднёвага захаду праз цэнтар на паўночны ўсход. Сьнежнае покрыва па розных рэгіёнах Беларусі павялічыцца на 10 см і болей, паведаміла БЕЛТА галоўны сыноптык Рэспубліканскага цэнтру па гідрамэтэаралёгіі, кантролі радыёактыўнага забруджаньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Мінпрыроды.

Ужо ў ноч з 11 на 12 студзеня амаль па ўсёй краіне прайшлі моцныя сьнегапады, на поўдні Гомельскай і Берасьцейскай, а таксама на паўднёвым захадзе Магілёўскай вобласьці прайшоў сьнег з імжой і дажджом.

Найбольш сьнегу выпала ў Менскай і Віцебскай абласьцях. На поўначы Беларусі сьнежнае покрыва прырасло на 10-11 см, на 10 см — у сталіцы. На поўдні празь сьнег з дажджом вышыня сьнежнага покрыва не павялічыцца.

На 9 гадзінаў раніцы вышыня сьнегу ў Менску складала 22 см, а сьнег мае ісьці да 21 гадзіны дня, паводле прагнозу надвор’я ад Gismeteo.by . Разам са сьнегам Даніэла прынесла завею, на ўсходзе краіны — магутны вецер з парывамі на 18 м/с. З-за цыклёну «Даніэла» без электрычнасьці застаюцца 48 населеных пунктаў Беларусі. Менская міліцыя прызнала: на дарогах сталіцы «лютае пекла». Паводле «Яндэксу», заторы ў Менску вагаюцца па магутнасьці між 9 і 10 баламі зь 10.

XS
SM
MD
LG