Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстуйце ў жэтоны! 10 варыянтаў накапленьня ў беларускіх рублях


Як варта было паступіць з 10 мільёнамі беларускіх рублёў у 2005-м, каб гэта прынесла максымальную карысьць у 2015-м? Набыць даляры, пакласьці ў банк ці накупляць жэтонаў на мэтро?

Зараз і спраўдзім. А дзеля параўнаньня дамо магчымасьць паглядзець, што б адбылося, калі б вы ўкладаліся ў акцыі заходніх кампаній.

Такім чынам, з 10 мільёнаў рублёў у 2015 годзе мы б атрымалі:

Жэтоны

137 500 000 рублёў

Кошт адной паездкі вырас з 400 рублёў у 2005-м да 5500 рублёў у 2015-м. Інвэстыцыя была б выгадная, але жэтоны маюць даволі нізкую ліквіднасьць.

Цыгарэты 68 000 000 Цыгарэты і алькаголь няспынна даражэюць. Калі ўявіць, што дзесяць год таму вы набылі б тытунёвых вырабаў на 10 млн, то сёньня гэта бы каштавала прыкладна ў сем разоў болей.

Даляры

85 914 000 рублёў

У 2005-м на гэтую суму можна было б набыць прыкладна 4500 даляраў.

Эўра 72 222 000 Дзесяць год таму за 10 млн можна было атрымаць прыблізна тры з паловай тысячы эўра.

Дэпазыт у рублях

125 000 000 рублёў

Мы лічылі ўмоўна і па сярэдніх стаўках. За дзесяць год ваш рублёвы ўклад вырас бы да 125 млн.

Дэпазыт у валюце

193 103 000 рублёў

Яшчэ выгадней было б пакласьці грошы ў банк у валюце.

Бэнзін А-95

72 700 000 рублёў

Кошт паліва ў Беларусі за гэты час вырас у 7 разоў.

Квадратныя мэтры

151 000 000

У 2005-м за 10 млн можна было б набыць чатыры з паловай «квадраты» (800 даляраў), іх кошт у валюце вырас бы ў два разы, а вашы 10 млн беларускіх рублёў памножыліся б у 15 разоў.

Акцыі Apple

826 000 000

У 2005-м яшчэ не прадставілі iPhone — у 2007 годзе кошт акцыяў пачаў імкліва расьці.

Акцыі Google

632 000 000

Вось што такое фондавы рынак, калі ўгадаць з інвэстыцыямі.

Калі ж вы пакінулі ў 2005 годзе 10 мільёнаў беларускіх рублёў «пад падушкай», то да 2015 году вы б страцілі большую частку гэтай сумы — каля 4000 даляраў у пераводзе на амэрыканскую валюту.

Гэтыя падлікі сьведчаць, што беларускі рубель, па-першае, не выконвае адну з галоўных функцыяў грошай — быць сродкам накапленьня. А па-другое, што ў беларусаў няма асаблівых фондавых інструмэнтаў — акцыяў, аблігацыяў, вэксаляў, якія б маглі зьберагчы і памножыць даходы. Застаецца купляць жэтоны або валюту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG