Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на нафту ў Нью-Ёрку ўпалі больш чым на 5 працэнтаў


Радовішча сланцавай нафты ў Тэхасе

Радовішча сланцавай нафты ў Тэхасе

Цэны на нафту абваліліся з пачатку году на 16 працэнтаў.

На сыравінных біржах зафіксаванае чарговае падзеньне цэнаў на нафту. У панядзелак яна ўпала яшчэ на 5 зь лішнім працэнтаў, зьнізіўшыся да 31,41 даляра за барэль. Такая нізкая цана апошні раз назіралася ў сьнежні 2003 году.

З пачатку гэтага году за шэсьць дзён таргоў нафта патаньнела на 16 працэнтаў. За 2015 год цана яе апусьцілася сумарна на 30 працэнтаў. Свайго дваццацігадовага максымуму, 143,29 даляра за барэль, цана нафты дасягнула ў ліпені 2008 году, і з таго часу панізілася на 79 працэнтаў.

Чарговае значнае патаньненьне нафты адбылося на фоне паведамленьняў аб запаволеньні росту попыту на нафту ў Кітаі і нэгатыўных камэнтароў вядучых фінансавых фірмаў, якія прагназуюць далейшае падзеньне цэнаў на нафту. Інвэстыцыйны банк Morgan Stanley чакае падзеньня цэнаў да 20 даляраў за барэль, Guggenheim Partners — да 25 даляраў. У гэтых прагнозах аналітыкі зыходзяць з запаволеньня эканамічнага росту ў сьвеце, у першую чаргу, у Кітаі. На попыт на нафту за межамі ЗША адмоўна адбіваецца таксама павелічэньне абменнага курсу даляра ў адносінах да іншых вядучых валют. Пры гэтым прапанова нафты на рынках павінна ўзрасьці, паколькі да канца студзеня павінна быць зьнятая міжнародная забарона на экспарт іранскіх энэрганосьбітаў.

Аб’ём здабычы ў ЗША скараціўся ў апошнія месяцы, але ня гэтак моцна, як меркавалі экспэрты. Сабекошт здабычы зьніжаецца дзякуючы тэхнічным інавацыям і дазваляе амэрыканскім нафтавікам весьці бурэньне там, дзе яшчэ нядаўна яно было б нерэнтабэльным.

XS
SM
MD
LG