Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягнікі з танкамі йшлі празь мяжу


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У інтэрвію нямецкаму «Більду» Пуцін патлумачыў, якія грахі зрабіў перад Масквой Захад пасьля заканчэньня халоднай вайны. І наконт Крыму «вправил мозги».

Са словаў Пуціна, усё проста. Дваццаць пяць гадоў таму перастала існаваць Бэрлінская сьцяна, якая падзяляла Эўропу на два лягеры. Але раскол Эўропы ня быў пераадолены, кажа ён, «нябачныя сьцены проста былі перасунутыя на ўсход». І далей: «Гэта стварыла перадумовы для будучых узаемных папрокаў, неразуменьня і крызысаў». У прыватнасьці — «перадумовы» для таго, што ён учыніў з Украінай, як вынікае са слоў прэзыдэнта РФ.

Што насамрэч адбылося, калі закончылася халодная вайна? Толькі на тэрыторыі адносна невялікай ГДР СССР трымаў паўмільённую армію. Яна аб’ядала і немцаў (дзе таксама пагоршылася эканамічнае становішча), і сам СССР. Утрыманьне каштавала нядзёшава, плюс туды ішлі найлепшыя харчы. Другім нятанным мерапрыемствам, як вядома, была вайна ў Аўганістане. Ня кажучы, што кожны год кляпалі паўдзясятка новых атамных субмарын. І космас безупынна штурмавалі. У краіне проста не хапала ежы. Не было ботаў, чаравікаў, не хапала лекаў, звычайных шкарпэтак, майтак. Абваліўся рубель.

Ні Нямеччына, ні Францыя, ні ЗША ў такой жаласнай сытуацыі не апынуліся. Што ж, давялося дапамагаць ежай і ўсім астатнім. Ну, але Пуцін нічога ня памятае. Захад у яго вінаваты ва ўсіх грахах.

Я добра памятаю, як эшалёны з узбраеньнямі ішлі праз Горадню на Расею. Гэта нагадвала фільмы пра вайну, толькі цяпер цягнікі з танкамі і гарматамі вярталіся назад. З адной толькі ГДР трэба было вывезьці несусьветную колькасьць вайсковай маёмасьці. Зазначым: быў 1994 год. ГДР не існавала, СССР таксама, расейская армія працягвала займаць значную тэрыторыю ФРГ. І нікуды асабліва не зьбіралася. Хоць яе не было нават на што ўтрымліваць. У Расеі для войскаў Заходняй групы зь Нямеччыны не было месца, іх там ніхто не чакаў.

Пуцін праз 25 год «заканчэньня дракі» тлумачыць «Більду» — што павінна было стаць потым з Цэнтральнай Эўропай. У вайсковым сэнсе. Не ўспамінаючы, што Варшаўскі дагавор вобмегам распаўся. Прэзыдэнт РФ спасылаецца на нейкую размову, на меркаваньне нейкага нямецкага палітыка, які на той момант — у 1990 годзе выказаў думку: НАТО ня трэба рухацца туды. А што трэба? Цытата: «Уся Цэнтральная Эўропа, уключаючы Ўсходнюю Нямеччыну альбо безь яе, павінна была аб’яднацца ў асобны саюз з удзелам і Савецкага Саюзу, і Злучаных Штатаў».

З пункту гледжаньня сёньняшняга дня, гэта нейкая дзіўная манілаўшчына. А прэзыдэнт РФ кажа, што — самае сэнсоўнае выйсьце. І разьвівае думку таго немца: што трэба было «стварыць нешта агульнае, аб’ядноўваючае ўсю Эўропу». Але ніхто не пачуў. А НАТО сапсавала ўсё нашчэнт, пасунуўшыся на ўсход.

Але ж Эўропа пасьпяхова аб’ядноўваецца. Няўжо Пуціну аб гэтым нічога невядома? Няўжо невядома, што палякі, вэнгры, чэхі, прыбалты прагнулі, каб савецкая армія, стаўшы тады расейскай, пакінула чым хутчэй іхнія тэрыторыі? Яны няжорстка, але няўхільна патрабавалі гэтага. Хаця ніхто не абвастраў, ня гнаў у каршэнь.

Сёньня ВВП лічыць, што ня мелі права яны, былыя члены Варшаўскай дамовы, і прыбалты таксама, уступаць у НАТО. А яно вельмі дрэнна зрабіла, іх прыняўшы. Але факты гавораць самі за сябе. Варта параўнаць: зь якой хуткасьцю распаўся вайсковы блёк, створаны некалі Масквой, і зь якой настойлівасьцю краіны Цэнтральнай Эўропы стукаліся ў дзьверы НАТО.

Масква ўсё сама разумее, канечне, але раздражняецца: калі б Літва, Латвія, Эстонія не былі ў НАТО, крымскі сцэнар можна было б зь лёгкасьцю ў любы час паўтарыць. Урэшце нават ня крымскі, а — прыбалтыйскі менавіта, сталінскі. Як у 1939-1940-м. Мова палітычнага шантажу, ціск, ультыматумы. Патрабаваньне ўпусьціць Чырвоную армію, даць месца для базаў. Усе сродкі выкарыстоўваліся.

Генэральная асамблея ААН у 1974 годзе пашырыла вызначэньне паняцьця «агрэсія». Выказаўшы перакананьне, гэта будзе «спрыяць ўмацаваньню міжнароднага міру і бясьпекі». У рэзалюцыі, у прыватнасьці, гаварылася, што незалежна ад абвяшчэньня вайны актам агрэсіі будзе лічыцца «любая анэксія з выкарыстаньнем сілы». А таксама: «Блякада портаў ці берагоў дзяржавы ўзброенымі сіламі іншай дзяржавы».

І яшчэ два важныя пункты, аб якіх нічога невядома кіраўніку вельмі вялікай па памерах краіны Расеі. Агрэсіяй будзе «выкарыстаньне ўзброеных сілаў адной дзяржавы, якія знаходзяцца на тэрыторыі іншай дзяржавы па дамове з прымаючай дзяржавай, у парушэньне ўмоў, прадугледжаных у дамове». А таксама: «Засылка дзяржавай альбо ад імя дзяржавы ўзброеных бандаў, груп, ірэгулярных сілаў ці наёмнікаў, якія ажыцьцяўляюць акты ўжываньня збройнай сілы супраць іншай дзяржавы».

Ну, слухайце, але таго ВВП трэба пасылаць на курсы непісьменнасьці ў ААН. Бо ў той жа рэзалюцыі, якую ён парушыў праз сорак (!) гадоў пасьля яе прыняцьця, чорным па белым напісана быццам для яго спэцыяльна:

«Ніякія меркаваньні любога характару, будзь то палітычнага, эканамічнага, ваеннага ці нейкага іншага, ня могуць служыць апраўданьнем агрэсіі. Ніякі тэрытарыяльны набытак ці асаблівая выгады, атрыманыя ў выніку агрэсіі, не зьяўляюцца і ня могуць быць прызнаныя законнымі».

Вось, між іншым, што такое расейскія базы на чужой тэрыторыі. Што тут яшчэ скажаш? Трымці, сінявокая Беларусь! Калі ты ў саюзе з чалавекам, які ААН лічыць паўдуркамі, з табой можа здарыцца ўсё, што заўгодна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG