Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агрэсіўная рэакцыя на разбор гульні Лукашэнкі ў хакей зьдзівіла — Марына Золатава


Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь −1» паказаў крытычны сюжэт пра журналіста Юрыя Міхалевіча, які зрабіў падрабязны аналіз таго, «як жа на самай справе гуляе ў хакей прэзыдэнт Беларусі». Юры Міхалевіч на Sport.Tut.by падаў свой тэхніка-тактычны аналіз гульні Аляксандра Лукашэнкі падчас Каляднага турніру.

За дзень да фіналу Каляднага турніру з журналістам зьвязаліся прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму і прапанавалі папрацаваць з акрэдытацыяй на спаборніцтвах, хоць некалькі дзён таму яны адмаўляліся. Пасьля матчу Міхалевіча нават дапусьцілі ў мікст-зону і дазволілі прысутнічаць на сустрэчы прадстаўнікоў СМІ з Лукашэнкам.

Кіраўнік краіны адказаў на два пытаньні Юрыя Міхалевіча і нават падараваў яму сваю клюшку з аўтографам. Журналіст папрасіў дазволу выставіць гэтую клюшку на дабрачынны аўкцыён.

Аднак у перадачы «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1» быў зроблены разнос журналісту Юрыю Міхалевічу за разбор гульні Лукашэнкі. Карэспандэнт АТН нават узяў інтэрвію ў Міхалевіча, падчас якога зладзіў яму праверку на веданьне хакейных правілаў.

Пракамэнтаваць сытуацыю карэспандэнт Свабоды папрасіў галоўную рэдактарку парталу tut.by Марыну Золатаву.

Марына Золатава
Марына Золатава

Марына Золатава: Я таксама разважала, гэта была ўласная ініцыятыва альбо гэта быў загад зьверху. Пакуль што я не прыйшла да адназначнай высновы. Дзіўнаваты, канечне, атрымаўся сюжэт, цалкам у стылі дзяржаўнага тэлебачаньня. Таму вельмі сур’ёзна да яго ставіцца не выпадае. Мы пажартавалі з калегамі, зьдзівіліся такой увазе, бо шэсьць хвілін у галоўным эфіры выніковай тэлепраграмы — гэта насамрэч дзіўна,

Радыё Свабода: Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце пра стыль дзяржаўнага тэлебачаньня?

Марына Золатава: З усьмешкамі і кпінамі адначасова. Напрыклад, выцягнулі з нашага матэрыялу і працытавалі самыя замінусаваныя камэнтары, зь якімі чытачы былі ня згодныя, а не працытавалі тыя, якія былі самыя залайканыя, самыя папулярныя. Такім чынам яны аргумэнтавалі сваю крытыку Юрынага артыкулу. Насамрэч артыкул вельмі цікавы, бо ўпершыню гульню прэзыдэнта ў хакей прафэсійна разабралі: як насамрэч Лукашэнка гуляе ў хакей. Ніхто дагэтуль гэтага не рабіў. І агрэсіўная рэакцыя на гэта зьдзівіла, а сам стыль, як гэта было зроблена, зусім не зьдзівіў.

Радыё Свабода: Відаць, Лукашэнка прачытаў гэты разбор ягонай гульні Юрыем Міхалевічам?

Марына Золатава: Я думаю, што чытаў. Пра гэта сьведчыць усё, што адбылося пазьней.

Атрымалася так, што загадзя мы не афармлялі акрэдытацыю на турнір, бо не зьбіраліся сур’ёзна яго асьвятляць. Аднак пасьля артыкулу, напярэдадні закрыцьця турніру, нам патэлефанавалі з мінспорту і прапанавалі даслаць дадзеныя для акрэдытацыі. І на другі дзень наш карэспандэнт пайшоў на закрыцьцё турніру. Яго запрасілі разам з журналістамі з вузкага пулу прэзыдэнта паразмаўляць з кіраўніком краіны. Там ён атрымаў гэтую клюшку з аўтографам. Далей Юрыя карэспандэнты першага тэлеканалу адцягнулі ў бок і запісалі тэлесюжэт.

Радыё Свабода: То бок яўна была мэта неяк прынізіць журналіста, паказаць яго некампэтэнтнасьць?

Марына Золатава: Мне цяжка разважаць з пазыцыі тэлеканалу. Але выглядае на тое, што яны адмыслова выстаўлялі яго ў такім сьвятле. І між іншым шмат прэтэнзій былі прыцягнутыя за вушы. Калі Юры піша, што абаронцы расступаліся, ён жа гэта не прыдумаў. Ці тое, што тычыцца ролі Лукашэнкі-хакеіста ў матчы.

Насамрэч, яны хацелі яго выставіць у такім непрыгожым сьвятле, але гэта найперш характарызуе іх як журналістаў.

Радыё Свабода: Магчыма, гэта такі пасыл, што крытыкаваць Лукашэнку нельга, нават ягоную гульню ў хакей?

Марына Золатава: Я думаю, тут больш складаная інтрыга. Тое, як яны сябе павялі ў гэтай сытуацыі, канечне, дзіўна, непрыемна і проста непрафэсійна ў дачыненьні да калег.

Радыё Свабода: А што з гэтай клюшкай?

Марына Золатава: Яна ў нас ляжыць і мы яе выставім на дабрачынны аўкцыён, спадзяемся, што яна некаму дапаможа.

Радыё Свабода: А вы насамрэч мяркуеце, што яе нехта купіць і за якія грошы?

Марына Золатава: За якія грошы я не магу ўявіць, але думаю, хто-небудзь купіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG