Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі пойдуць на наступны Антыкрызісны форум 25 стузеня


Прадстаўнікі ўладаў абяцалі разглядзець патрабаваньні прадпрымальнікаў, выказаныя на Антыкрызісынм форуме. «Пэрспэктыва» тым часам ужо рыхтуе наступны форум.

На Антыкрызісным форуме прадпрымальнікаў, што праходзіў у Менску 11 студзеня, сабралося ўдвая, калі не ўтрая больш людзей, чым магла зьмясьціць канфрэрэнц-заля гатэлю «Беларусь». Прадпрымальнікі абмеркавалі між сабой і з прадстаўнікамі ўлады сытуацыю, што прывяла да пустых рынкаў.

У часе форуму намесьнік начальніка ўпраўленьня арганізацыі тавараў і паслугаў Андрэй Мяшкоў заявіў, што ўрад выдаў адпаведным міністэрствам даручэньні разглядзець сытуацыю да канца тыдня. Ён прапанаваў прадпрымальнікам унесьці прапанову ў Мінэканомікі. Старыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка запэўніў, што праграму мае і неўзабаве напіша ліст у міністэрства з прапановай стварыць рабочую групу.

Пра вынікі гутаркі з прадстаўнікамі ўладаў Анатоль Шумчанка апавёў Свабодзе без захапленьня — і анансаваў наступны форум праз два тыдні:

«Сёньня прыйшло вельмі многа людзей, бо ёсьць праблема. Міністэрства гандлю заклапочанае, Міністэрства эканомікі ігнаруе пакуль нашыя прапановы пра сустрэчы, хоць яго прадстаўнік сёньня быў.

25 студзеня мы хочам правесьці яшчэ адзін форум прадпрымальнікаў. Спадзяёмся, што да гэтага будуць нейкія перамовы, нейкія прапановы з боку ўладаў. Але ў любым выпадку невырашэньне гэтай сытуацыі прывядзе да канфрантацыі, і яна будзе ў любым выпадку ў нешта вылівацца.

Прадстаўнікі Міністэрства эканомікі сёньня выступілі, Міністэрства гандлю заявіла пра тое, што пытаньне з намі сёньня прапрацоўваецца. Вядома ж, яны манітораць сытуацыю. Яны кажуць, што прапрацоўваюць пытаньне, цягам тыдня мусяць быць нейкія зрухі».

Анатоль Шумчанка на форуме

Анатоль Шумчанка на форуме

Паралельна з выступамі прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў міністэрстваў у залі спрабавалі выступіць палітыкі — але ў кулюарах. Прадпрымальніка і актывіста Алеся Макаева, які заклікаў выходзіць на Плошчу, ды палітыка Тацяну Караткевіч, якая заклікала прадпрымальнікаў браць удзел у парлямэнцкіх выбарах і далучацца да ейнай каманды, слухалі нямногія. Іх перабівалі, перакрыквалі, і яны адышлі ад шырокага кола прадпрымальнікаў, працягнуўшы гутарку ўжо з журналістамі.

Шумчанка выказваў Свабодзе абурэньне візытам палітыкаў:

«„Пэрспэктыва“ — не адзіная арганізацыя ў краіне, і Шумчанка — не адзіны чалавек, якога ўсе абавязаныя слухаць. У нас ёсьць мноства партыяў, рухаў, мноства палітычных лідэраў, якім „Пэрспэктыва“ не закрывае рот. Працуйце, прапануйце, дапамагайце! Але, як бачыце, нешта робіць пакуль толькі „Пэрспэктыва“. Людзі да нас прыходзяць — гэта значыць, яны нам давяраюць. Мы не дапусьцім, каб нехта прыходзіў на нашыя мерапрыемствы і ўносіў свае ідэі, — бо маем свае ідэі і задачы, свой плян, па якім мы ідзём».

Пад заканчэньне форуму ў гатэль «Беларусь» прыйшоў і палітык Мікола Статкевіч, які перад вузкім колам прадпрымальнікаў і журналістаў у кавярні побач з канфэрэнц-заляй даў параду на выпадак, калі ўлады не прыслухаюцца да прадпрымальнікаў: адначасова і масава прыйсьці да адміністрацыі прэзыдэнта, каб падаваць скаргі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG