Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прэзыдэнт Каталёніі абяцае працягваць змаганьне за аддзяленьне ад Гішпаніі


Новым старшынём ураду аўтаномнай Каталёніі быў абраны 53-гадовы Карлес П’юджмонт, прыхільнік аддзяленьня гэтага рэгіёну ад Гішпаніі.

Каталёнскі парлямэнт абраў П’юджмонта 10 студзеня, незадоўга да заканчэньня тэрміну, дадзенага дэпутатам на зацьвярджэньне кіраўніка аўтаноміі. Калі б ім гэтага зрабіць не ўдалося, у Каталёніі давялося б праводзіць новыя выбары.

У падтрымку Пьюджмонта выказаліся 70 заканадаўцаў, 63 — прагаласавалі «супраць».

Альянс сепаратысцкіх партый, які перамог на рэгіянальных выбарах у верасьні, але не атрымаў у парлямэнце абсалютнай большасьці, доўгі час ня мог дамовіцца адносна кандыдатуры прэзыдэнта Каталёніі зь левай партыяй «Кандыдаты народнага адзінства». Гэтая арганізацыя не пагаджалася падтрымаць ранейшага кіраўніка аўтаноміі Артура Маса, які ў выніку пагадзіўся сысьці ў адстаўку, назваўшы сваім пераемнікам ня надта вядомага палітыка, мэра гораду Жырона Карлеса П’юджмонта.

«Гэта праўда, што ёсьць шмат прыхільнікаў незалежнасьці Каталёніі. Гэта праўда, што іх шмат болей, чым раней, што іх болей, чым 20 гадоў таму. На гэтым этапе мы павінны атрымаць поўную дэмакратычную легітымнасьць, але нам трэба больш прыхільнікаў незалежнасьці. Я заклікаю ўсіх да актыўнага ўдзелу» — сказаў П’юджмонт у парлямэнце каталёнскай аўтаноміі пасьля свайго абраньня.

Прэм’ер-міністар Гішпаніі Мар’яна Рахой у той самы дзень заявіў, што будзе змагацца за адзінства краіны. «Урад не дапусьціць дзеяньняў, якія маглі б нашкодзіць цэласнасьці і сувэрэнітэту Гішпаніі» — падкрэсьліў Рахой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG