Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аварыя ў Чэхіі: параненыя бацькі едуць да сына, які так і не апрытомнеў


Трое найбольш пацярпелых у выніку аварыі беларускага аўтобусу ў Чэхіі — адна сям’я. Сьледзтва вывучае, ці былі пасажыры прышпіленыя пасамі бясьпекі.

Доктар Здэнек Тушл з клінічнай бальніцы ў горадзе Градэц Кралавэ сёньня паведаміў нашаму Радыё, што стан падлетка, які быў дастаўлены сюды зь месца аварыі, вельмі неспрыяльны. Ён падарожнічаў разам з бацькамі, якія таксама былі параненыя, але былі адвезеныя ў шпіталь гораду Нахад. Бацькі зьбіраюцца наведаць сына. Ад моманту аварыі ён не прыходзіў у прытомнасьць.

Гэтыя трое асобаў застаюцца ў Чэхіі, астатнія вярнуліся ў Беларусь. Як паведамілі нам у беларускім пасольтве ў Празе, ім аказаная патрэбная кансульская дапамога для працягу знаходжаньня ў Чэхіі.

Чэская паліцыя працягвае вывучаць прычыны аварыі. Паручык Эва Прахаржава паведаміла нам, што сярод іншага будуць вызначаць, ці былі пасажыры прышпіленыя пасамі бясьпекі і ці патрабаваў ад іх гэтага шафёр. Чэскі закон "Аб дарожным руху" абавязвае пасажыраў ужываць пасы бясьпекі, калі аўтобус імі абсталяваны. Паручык Прахаржава ўдакладніла, што гэты беларускі аўтобус меў пасы для пасажыраў.



Аварыя адбылася 6 студзеня на засьнежанай дарозе, калі аўтобус зь беларускімі школьнікамі, настаўнікамі і бацькамі, пасьля экскурсіі ў Празе накіроўваўся ў Польшчу. Усяго пацярпелі 16 чалавек. Пасажыры і аўтобус былі застрахаваныя.



Страхавыя кампаніі Эўразьвязу у сваёй практыцы пры пакрыцьці падобных выпадкаў зьвяртаюць увагу на тое, ці былі пасажыры прышпіленыя. Калі не, маюць права нават зьменшыць страхавыя выплаты. У чэскай паліцыі нам таксама палумачылі, што шафёры аўтобуса не нясуць пэрсанальную адказнасьць за тое, што нехта не прышпіліўся, аднак яны абавязаныя аб правілах бясьпекі інфармаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG