Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мець тысячы фрэндоў на фэйсбуку – гэта ілюзія таго, што прафанная журналістыка прыйдзе на зьмену прафэсійнай. Дастаткова некалькіх ці некалькіх дзясяткаў – тых, каго ты ведаеш асабіста.

Ты можаш падзяліцца зь сябрамі спасылкай на артыкул, фотарэпартаж, фільм, але гэта ня будуць творы, народжаныя ў сацсетках.

Вэрсія сацыяльных сетак як новага глябальнага СМІ, якое заменіць сабою традыцыйную журналістыку, для мяне канчаткова памерла на парозе новага 2016 году. Я разумею, што гэта быў калектыўны самападман на постсавецкай прасторы, бо ў краінах старой дэмакратыі ніхто такіх ілюзіяў ня меў ад пачатку. Людзі абменьваліся думкамі і матэрыяламі з калегамі і сябрамі і пры тым не ўпадалі ў аблуду, што праз фэйсбук могуць зьвярнуцца да ўсяго сьвету, скласьці канкурэнцыю дзяржаўнай прапагандзе, а нават арганізаваць рэвалюцыю. Для гэтых мэтаў калегі на Захадзе, як і раней, пісалі і чыталі кнігі, часопісы і газэты, здымалі і глядзелі фільмы і тэлеперадачы, нязьменна давяраючы традыцыйным каналам. Жанры – вось чым адрозьніваецца СМІ ад сацсетак. У сацыяльных сетках жанраў няма.

Але гэта там, у Нямеччыне, Гішпаніі ці нават у Польшчы і Літве. Пра новыя мэдыйныя формы марылі мы – тыя, у каго ў краінах традыцыйныя СМІ ўзурпаваныя дзяржавай і пазбаўленыя свабоды. Мы канструявалі інтэрнэт-тэлевізію, казалі пра тое, што навіны цяпер будзе рабіць нават робат, чыталі фэйсбук як ранішнюю газэту. Але ўсё гэта аказалася ілюзіяй. Без эфіру немагчыма стварыць тэлевізію, бо на ютубе якраз аматарскія «недаробленыя» ролікі б’юць рэкорды прагляду. Глядзець выпуск «нармальных» навін у ютубе – прыблізна тое ж, што чытаць фэйсбучную стужку з экрана тэлевізара. Прычына ў тым самым – ютуб і фэйсбук па вызначэньні бязжанравыя каналы, а выпуск навін на тэлевізіі вымагае дасканалае формы і найвышэйшага прафэсіяналізму ад рэдактараў, журналістаў, апэратараў, вядоўцаў і яшчэ дзясятка спэцыялістаў.

За гэтыя некалькі гадоў так і ня ўзьнікла «інтэрнэт-тэлевізіі», якую б ня тое што глядзелі, а ведалі ўсе, якая б выцесьніла традыцыйныя навіны з тэлевізара – нават «нашу» Панараму. Верагодна, калі б інтэрнэт-тэлевізія была магчымай, яна б даўно ўжо зьявілася на тэхналягічна прасунутым Захадзе. Але яе няма.

Пару гадоў мне давялося канструяваць «новыя жанры» для відэафармату ў інтэрнэце. Марна. Вось калі я зразумеў, што без эфіру і традыцыйнага экрану гэта немагчыма. Экран манітора не разьлічаны на жанры. Толькі на тэхнічнае азнаямленьне з жанравымі прадуктамі. Вось сябра даслаў запіс новага спэктаклю – чыста для інфармацыі, а не для таго, каб я атрымаў асалоду ад мастацтва.

Наадварот, усё большую вагу ў тэлевізіі, радыё, друку набываюць умельствы журналістаў у традыцыйных формах – навін, рэпартажаў, асьветніцкіх сюжэтаў, гутарак у студыі – усё найперш залежыць ад людзей-прафэсіяналаў. Якія здымкі канцэртаў на канале Мэцца ці фільмы пра жывёл на Энімал Плэнет ці дакумэнтальныя стужкі на Гістары! Гэтыя каналы ўспрымаюцца зусім не як рэтраградзтва, а як клясыка. Нават Белсат настолькі «вымучвае» ў інтэрнэце, што бярэш урэшце і ставіш на дом талерку.

Можа быць, сеткі выцясьняюць друкаваную журналістыку? Не, з той самай прычыны. Друкаваная журналістыка цяпер калі не фізычна друкаваная, дык жыве на сайтах часопісаў і газэт, дзе ёсьць тая самая рэдакцыйная палітыка, жанры і стыль, свой падбор аўтараў. Гэта ілюзія, што прафанная журналістыка заменіць сабою прафэсійную. Пачытайце аўтарскія матэрыялы на сайце Свабоды. Ня блогі, якія, на думку некаторых, толькі і застануцца ад традыцыйных часопісаў і газэт. Пачытайце рэпартажы, інтэрвію, лонгсторыз – усю сукупнасьць традыцыйных жанраў, нязьменна запатрабаваных і якіх сеткамі замяняць ня толькі няма патрэбы, але і немагчыма.

Фэйсбук замяняе людзям жывое дачыненьне – у большай ступені. У меншай гэта робяць твітэр, інстаграм, ютуб, дзе самае каштоўнае – спантанны запіс зь відэарэгістратара. Зь сеткамі адбываецца тое, што ў свой час было з тэлевізарам, якому прарочылі быць магільшчыкам кіно, з кіно – магільшчыкам тэатра. А гэта проста новы дадатковы канал, які займае сваю нішу побач з традыцыйнымі. І вось на вачах зьнікае мэдыйная ілюзія, маўляў сеткі – новыя СМІ. Ня новыя і ня СМІ, а канал сумоўя са сваімі, іншымі магчымасьцямі.

Калі ў цябе ў фэйсбуку пяць тысяч фрэндоў, гэта зусім ня значыць, што тваё слова важыць болей, чым у таго, у каго сяброў – пяць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG