Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Мы нікога не акупавалі ў Крыме


Уладзімір Пуцін

Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію нямецкаму выданьню Bild заявіў, што Расея не парушыла ў Крыме міжнароднае права.

«У выпадку з Крымам міжнароднае права не парушана — сказаў Пуцін. — У адпаведнасьці са Статутам ААН кожны народ мае права на самавызначэньне».

Паводле Пуціна, прысутнасьць расейскіх узброеных сілаў на паўвостраве была неабходная толькі для таго, каб прадухіліць «умяшаньне ў свабоднае волевыяўленьне людзей».

«Мы не ваявалі, не акупавалі нікога, нідзе не стралялі, ніводзін чалавек не загінуў у выніку падзей у Крыме. Ніводзін! Мы выкарысталі узброеныя сілы толькі для таго, каб стрымаць дваццаць зь лішнім тысяч вайскоўцаў Украіны, якія там знаходзіліся, ад умяшаньня ў свабоднае волевыяўленьне людзей, якія там пражываюць» — сказаў Пуцін, спаслаўшыся на прыклад Косава.

«Косава заявіла аб сваёй незалежнасьці, і ўвесь сьвет прыняў гэта, па сутнасьці, ведаеце, якім спосабам? Рашэньнем парлямэнту. Яны нават не праводзілі рэфэрэндуму» — сказаў Пуцін.

Расея прызнала Ўкраіну ў яе сучасных межах, падпісаўшы тры міжнародныя дакумэнты: Алма-Атынскую дэклярацыю 1991 году, Будапэшцкі мэмарандум 1994 году і Пагадненне Украіны і Расеі аб разьмяшчэньні Чарнаморскага флёту РФ у крымскіх партах 1997 году.

Насуперак гэтым абавязацельствам, Расея павялічыла свае вайсковыя сілы ў Крыме бяз згоды Ўкраіны. Яна разгарнула іх за межамі ўзгодненых базаў, узяўшы пад свой кантроль ключавыя аб’екты, у тым ліку аэрапорты і некаторыя ўкраінскія вайсковыя часткі.

Поўны тэкст інтэрвію Пуціна даступны на сайце Крамля.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG