Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танная нафта — гэта балюча, але добра


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

2016 год пачаўся абвалам на сыравінным рынку, эканамісты кажуць пра надыход пэрыяду таннай нафты. Ягоная галоўная стратэгічная прычына — крызіс у эканоміцы Кітая, які ў сусьветнай эканоміцы грае ролю «зборачнага цэху» і ад таго зьяўляецца ключавым спажыўцом сыравіны, ад прыроднага газу да мэталаў.

Пуцін калісьці казаў, што сусьветная эканоміка ня выжыве пра цане на нафту ніжэй за 80 даляраў за барэль. Гэта наіўнае меркаваньне. Вядома, праблемы сыравіннага сэктару сапраўды азначаюць праблемы для, скажам, тых кампаній фінансавага сэктару, якія крэдытавалі гэты сэктар альбо інвэставалі ў рэсурсавыя акцыі, ці для кампаній ў сфэры альтэрнатыўнай энэргетыкі.

Але танная сыравіна — гэта перадусім спрыяльныя ўмовы для больш высокатэхналягічнай, «прасунутай», арыентаванай на чалавека і, зрэшты, якаснай эканомікі, якой яна ёсьць ва ўсіх разьвітых краінах. Афіцыйныя расейскія і беларускія СМІ любяць тлумачыць нашыя эканамічныя праблемы нейкім глябальным крызісам — але на самой справе гэты крызіс тычыцца толькі такіх краінаў, як мы.

Чалавечая цывілізацыя бярэ прыродныя рэсурсы і перапрацоўвае іх у прадукт ці энэргію, укладаючы свой інтэлект, навуку, арганізацыйныя здольнасьці. Калі на сусьветным рынку пануюць высокія цэны на рэсурсы, дык гэта азначае, што менш выгадна разьвіваць тавары і паслугі, якія б непасрэдна паляпшалі жыцьцё чалавека і рухалі прагрэс наперад. Затое выгадней сядзець на нафце і прадаваць яе тым, хто спрабуе зь яе дапамогай стварыць якісьці свой прадукт.

Таму ў часы дарагой сыравіны і надыходзіць росквіт у тых краінах, дзе слабавата з навукай, інавацыямі і ўвогуле сучаснымі грамадзкімі інстытутамі, але якім проста выпала сядзець на запасах прыродных рэсурсаў. У такіх краінах няма матэрыяльнага стымулу да пабудовы эфэктыўнага дэмакратычнага грамадзтва, дзе былі б спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі людзьмі свайго патэнцыялу, бо грошы можна зарабляць і бяз гэтага. Прычым, адначасова можна і наадварот заняцца вывядзеньнем тэорый пра сваю ўнікальнасьць, духоўнасьць і веліч на фоне тых няўдачнікаў, якім Алаг не паслаў запасаў нафты.

Гэта і пуцінская Расея, і (празь яе) лукашэнкаўская Беларусь — а перад гэтым СССР. Гэта і арабскія краіны, адкуль ідзе галоўнае спонсарства ісьламскага тэрарызму — найбольш моцнай варожай прагрэсу сілы ў сучасным сьвеце. Гэта і краіны кшталту чавэсаўскай Вэнэсуэлы, і афрыканскія рэжымы.

Гэта часткова і сам Кітай, толькі ў яго замест нафты была танная рабочая сіла, якая цяпер перастала быць таннай і што, у рэшце рэшт, падрывае кітайскі эканамічны цуд і вымусіць кітайскія ўлады да рэформаў.

Патаньнелая нафта — момант ісьціны для ўсіх такіх адсталых рэжымаў. Гэта апошні шанец для нашых краінаў, у тым ліку і для Беларусі, зьдзейсьніць якасны рывок наперад у пляне разьвіцьця рынкавых і дэмакратычных інстытутаў — бо калі мы ня будзем іх разьвіваць, эканамічны крызіс мы не пераадолеем.

Нафтавая і рэсурсавая халява скончылася, трэба зноў працаваць мазгамі. Неабходна даць людзям магчымасьць рэалізаваць свае таленты, ідэі і прадпрымальніцкія здольнасьці. Неабходна даць народу права слова ў вызначэньні дзяржаўнай палітыкі і ў фармаваньні органаў улады, як гэта і запісана ў законе. Разуменьне таго, што жыць па-старому больш нельга, звычайна прыходзіць да палітыкаў марудна. Але калі яно ня прыйдзе, прымаць рашэньні ў рэшце рэшт будуць ужо іншыя палітыкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогу, могуць не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.
  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG