Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Антыкрызісны форум сабраў каля 1500 прадстаўнікоў малога бізнэсу


На форум зьехаліся прадпрымальнікі зь Менску, Гомеля, Берасьця, Віцебску, Магілёва, Барысава, Жлобіна, Слуцку, Полацку, Наваполацку, Воршы, Слоніма, Маладэчна, Быхава, Бабруйску, Сьветлагорску, Асіповічаў, Мазыра, Добруша, Ліды, Червеня, Заслаўя, Ваўкавыску, перадае БелаПАН.

Дзяржаўныя органы на форуме прадстаўляюць намесьнік начальніка ўпраўленьня арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Андрэй Мяшкоў і кансультант дэпартамэнту па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Валерый Хомчанка.

Арганізатарам форуму выступае рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва». Адкрываючы сустрэчу, старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка распавёў пра «гісторыі барацьбы ўлады з прадпрымальнікамі» пачынаючы з 2000 году. Ён адзначыў, што ў сярэдзіне 2000-х гадоў былі прыклады, калі дзяржаве і прадстаўнікам малога бізнэсу ўдавалася дамовіцца і дасягнуць кампраміснага варыянту па ўмовах працы ІП.

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«Гэта значыць, што гэтага можна дамагчыся шляхам кампрамісу, дыялёгу, у рамках дамоўленасьці бакоў», — сказаў Шумчанка.

Ён падкрэсьліў, што беларускія прадпрымальнікі выступаюць ня супраць «сэртыфікацыі тавараў, цывілізаванага гандлю».

«Мы супраць таго, каб бяз нашага меркаваньня прымалі ў дачыненьні да нас законы тыя, хто зьяўляецца прамым канкурэнтам нашаму бізнэсу. Калі за вас прымае рашэньне канкурэнт, які сьпіць і бачыць, што вас няма, гэта называецца лабіраваньне інтарэсаў», — заявіў лідэр «Пэрспэктывы».

Шумчанка зьвярнуў увагу на тое, што ў раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва, якая ўдзельнічае ў распрацоўцы профільнага заканадаўства, не ўваходзяць прадстаўнікі малога бізнэсу.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў па просьбе Шумчанкі прааналізаваў указ прэзыдэнта № 222 і прыйшоў да высновы, што гэты дакумэнт незаконна абмяжоўвае шэраг правоў грамадзян.

«Гэта значыць, гэтыя законы прывялі да сацыяльнага канфлікту. У такім выпадку закон павінен быць неадкладна адменены альбо прыпынены», — сказаў лідэр «Пэрспэктывы».

Ён выказаў здагадку, што прадпрымальнікам, магчыма, варта «скарыстацца сваім правам заканадаўчай ініцыятывы» і шляхам збору 50 тысяч подпісаў унесьці ў парлямэнт праект уласнага закону, які б стварыў спрыяльныя ўмовы для працы малога бізнэсу.

З 1 студзеня 2016 году ў Беларусі дзейнічае ўказ прэзыдэнта № 222 «Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі». Згодна з указам ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасьці, увезеную з краін Мытнага саюзу, толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі. Аднак расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляе тавар большасьць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакумэнты аб паходжаньні прадукцыі альбо прадстаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку індывідуальных прадпрымальнікаў штрафуюць, у іх канфіскуюць тавар.

Неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў адмяніць указ пачутыя не былі. У першыя дні новага году ў Менску і іншых гарадах Беларусі шмат якія рынкі і гандлёвыя цэнтры сталіся практычна пустымі — пераважная большасьць ІП прыпынілі сваю працу з-за немагчымасьці выконваць патрабаваньні ўказу.

XS
SM
MD
LG