Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Imagine Dragons ацанілі беларускамоўнае выкананьне свайго гіта


Imagine Dragons

Imagine Dragons

Беларускую вэрсію «Radioactive» пачулі ў Віетнаме, Расеі, Тайляндзе, Ганконгу і Бразыліі.

Амэрыканскі рок-гурт Imagine Dragons, які мае выступіць у Менску 22 студзеня, пазытыўна ацаніў беларускі пераклад свайго гіту «Radioactive», напісаны 16-гадовай менскай школьніцай Аленай Койстрай і выкананы гуртом Navi. Відэазапісам песьні «Радыёактыўны» падзяліліся фан-клюбы гурту па ўсёй плянэце, ад Віетнаму да Бразыліі.

«Мы ніколі не перастанем зьдзіўляцца таму, што нашыя песьні становяцца часткай культуры ва ўсім сьвеце. Гэта напамін пра тое, што музыка ня мае межаў. Для нас гонар, што беларусы зрабілі свае пераклады нашай песьні. Пабачымся на канцэрце ў Менску!» — перадалі Imagine Dragons беларускім прыхільнікам.

Арганізатары менскага канцэрту ладзілі конкурс на найлепшы пераклад, гурту Navi давялося абіраць са 130 работ. Аўтарка найлепшага перакладу асабіста сустрэнецца з гуртом у дзень іх канцэрту на «Чыжоўка-арэне». Navi ў той жа дзень выступяць у якасьці адзінага беларускамоўнага ўдзельніка фіналу нацыянальнага адбору на «Эўрабачаньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG