Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявак Дэвід Боўі памёр ад раку ў 69 год


Дэвід Боўі

Дэвід Боўі

Дэвід Робэрт Джонс, таксама вядомы як Дэвід Боўі і Зігі Стардаст, 18 месяцаў змагаўся з ракам. Ён памёр 10 сьнежня ў атачэньні сям’і.

Брытанскі рок-музыка Дэвід Боўі памёр ад раку, пацьвердзіў The Hollywood Reporter прадстаўнік артыста.

«Дэвід Боўі сёньня памёр ціха ў атачэньні сваёй сям’і пасьля 18 месяцаў адважнага змаганьня з ракам», — пішуць у афіцыйных акаўнтах сьпевака ў сацсетках.

Музыка памёр праз два дні пасьля выхаду свайго 25-га альбому, «Blackstar», — і праз два дні па сваім 69-м дні народзінаў. За 40 год музычнай кар’еры яго плыткі разышліся накладам у 140 млн асобнікаў, многія зь іх станавіліся залатымі і плятынавымі. Ён трапіў ня толькі ў Залю славы рок-н-ролу, але і ў Залю славы навуковай фантастыкі і фэнтэзі. За сваю кар’еру Боўі ня раз мяняў сцэнічныя вобразы і стыль музыкі.

Дэвід Робэрт Джонс нарадзіўся ў 1947 годзе ў Лёндане (Вялікабрытанія), з шасьці год сьпяваў у школьным хоры, рос на грамзапісах Літл Рычарда, Фэтса Доміна і Элвіса Прэсьлі. Свой першы гурт заснаваў у 15 год, а першы самотнік, «Liza Jane», ужо пад псэўданімам Дэвід Боўі, выдаў у 17.

Першы гіт Дэвіда Боўі, «Space Oddity», зьявіўся на плытцы ў 1969 годзе. Песьня стала папулярнай ня толькі на плянэце Зямля, але і па-за яе межамі. У 2013 годзе астранаўт Крыс Хэдфілд запісаў свой кавэр на «Space Oddity» на Міжнароднай касьмічнай станцыі.

У часы росквіту глэм року, у 1970-х гадах быў папулярным вобраз Зігі Стардаста, лідэра фантастычнага рок-гурту з Марса, што грае за пяць год да пагібелі Зямлі. Боўі стварыў пэрсанажа ў канцэптуальным альбоме «The Rise and Fall of Ziggy Stardust and the Spiders From Mars» 1972 году. У гэтым вобразе Боўі наведваў у 1973 годзе Савецкі Саюз, праехаўшыся цягніком праз Транссыбірскую магістраль і наведаўшы першамайскі парад у Маскве. Праз тры гады Боўі вярнуўся ў СССР з Ігі Попам.

У Боўі засталіся сын, 44-гадовы кінарэжысэр Данкан Джонс, адказны за будучы фільм «Варкрафт», і дачка, 14-гадовая Аляксандра Зара Джонс.

XS
SM
MD
LG