Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі зьбіраюцца на Антыкрызісны форум


Ілюстрацыйнае фота: сход прадпрымальнікаў у Віцебску, 5 студзеня 2016 году

Ілюстрацыйнае фота: сход прадпрымальнікаў у Віцебску, 5 студзеня 2016 году

Другі тыдзень па ўсёй Беларусі пустуюць рынкі і гандлёвыя цэнтры — прадпрымальнікі не выходзяць на працу ў сувязі з указам № 222, празь які ня могуць законна рэалізоўваць звыклыя тавары. У сытуацыі прадпрымальнікі вінавацяць уладу, і хоць ня ладзяць масавыя вулічныя пратэсты, прынамсі адзін прадпрымальнік ужо зладзіў адзіночны пікет.

Незалежнае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», якое яднае прадстаўнікоў малога бізнэсу, ладзіць 11 студзеня ў менскім гатэлі «Беларусь» Антыкрызісны форум, на якім прапануе прадпрымальнікам вызначыць далейшыя дзеяньні. Пачатак а 12-й гадзіне.

Арганізатары разьлічваюць, што заля, разьлічаная на 250 чалавек, будзе поўнай. Падрыхтоўка да форуму ідзе «ў штатным рэжыме», распавёў Свабодзе старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка:

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«Мы падвядзем вынікі, дамо ацэнку і выкажам прапановы адносна той сытуацыі, якая цяпер складваецца ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі. Прадпрымальнікі будуць мець магчымасьць выказаць сваё стаўленьне да падзеяў і погляды на тое, як яны далей бачаць сваё жыцьцё ў гэтай дзяржаве. Форум — гэта ня мітынг, ня шэсьце, ня акцыя. Гэта канструктыўная пляцоўка для таго, каб выразіць свае погляды і зьвярнуць увагу грамадзтва на сваю праблему».

Пасьля тыдня ігнараваньня дзяржаўнае ТВ распавяло пра пустыя рынкі. Але, як сьцьвярджала на АНТ начальнік упраўленьня арганізаванага гандлю і паслуг Мінгандлю Віялета Бразоўская, ніякага каляпсу няма, а не працуе толькі палова прадпрымальнікаў на рынках, што зьвязана з адпачынкамі, сьвятамі і нізкай тэмпэратурай. Пераглядаць умовы выкананьня ўказу № 222 у Мінгандлю не зьбіраюцца.

«Улады сьвядома прыніжаюць нашае значэньне, кажуць пра тое, што сплаты ІП складаюць 2-2,5% ад падатковых паступленьняў, спрабуюць абыйсьці гэтую тэму, не ўздымаючы яе на дзяржаўных каналах востра. Мы ўсе ведаем, што яны скажуць і як яны ставяцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG