Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перадайце прэзыдэнту дзякуй за тое, што нарабіў яго ўказ», — жыхары Крычава пра зачыненыя павільёны на рынку


Некаторыя гандлёвыя месцы ўсё ж адчыненыя

Некаторыя гандлёвыя месцы ўсё ж адчыненыя

Другі тыдзень праца рэчавых рынкаў і гандлёвых цэнтраў паралізаваная прэзыдэнцкім указам № 222.

Спыненьне гандлю таварамі расейскага легпраму выклікае ў спажыўцоў і прадпрымальнікаў разгубленасьць ды абурэньне. Асабліва гэта адчуваецца ў глыбінцы. Карэспандэнт Свабоды наведаў адзін з буйных райцэнтраў Магілёўшчыны Крычаў.

На цэнтральным рынку Крычава сытуацыя з гандлем мала чым адрозьніваецца ад іншых рынкаў Беларусі. Павільёны зачыненыя. З паўтары сотні прадпрымальнікаў на працоўных месцах — дзясятак, ды й тыя прадаюць толькі тое, на што маюць неабходны пакет дакумэнтаў.

Крычаўскі рынак. Адбіткі чалавечых ног ёсьць, а павільёны зачыненыя

Крычаўскі рынак. Адбіткі чалавечых ног ёсьць, а павільёны зачыненыя

Адна з такіх гандлярак прызнаецца, што выйшла на працу першы дзень. Яе невялікі павільён выглядае сіратліва на фоне іншых зачыненых. Жанчына кажа: у людзей цяпер няма грошай, каб купіць сабе неабходнае. Апошнія гады, зазначае яна, гандлю наагул няма. Сваю працу яна называе дапамогаю бедным людзям:

«Людзі ня могуць дазволіць сабе пайсьці ў элітныя беларускія крамы і купіць там тавар. Там у два разы даражэйшыя рэчы. Чаму людзям ня даць выбар: хочуць — купляюць з сэртыфікатам, а хочуць — безь яго. Наша праца — гэта хутчэй дапамога. Мы тут асабліва не зарабляем, — сьцьвярджае суразмоўніца. — Пакупніцкая здольнасьць упала ў людзей. Тутэйшым людзям цяпер прасьцей паехаць у Расею і там купіць рэчы, бо там яны таньней, чым у нас. Што ад нас ехаць да Суража — гадзіну».

Беларускі бюстгальтар — 500 тысяч. Майткі — 300 тысяч. Заробак 2 мільёны

Наступныя суразмоўніцы, дзьве жанчыны, даведаўшыся пра інтарэс журналіста, адрэагавалі: «Пра парожні рынак? А што з намі пра яго гаварыць? Вы б Яму сказалі дзякуй».

«Учора гэтак людзі нам казалі: «Трэба прэзыдэнту нашаму сказаць дзякуй за ўсё гэта». Людзі абураныя. «Каму патрэбныя, кажуць, гэтыя сэртыфікаты. Нам трэба патаньней, каб апрануць дзяцей, навучыць іх, ды на ежу каб засталося. Таргі дык даўно ўпалі», — перабіваючы адна адну, выказваюцца гандляркі.

«Беларускі бюстгальтар — 500 тысяч каштуе. Майткі — 300 тысяч. Каму яны патрэбныя і хто іх купіць? Два мільёны людзі зарабляюць у Крычаве. Гэта ж ужо сьмешна нават», — раздражнёна заяўляе адна з суразмоўніц.

На той палове рынку, дзе некалі было ажыўлена

На той палове рынку, дзе некалі было ажыўлена

Пра тое, што ў Менску мае адбыцца антыкрызісны прадпрымальніцкі форум, крычаўскія бізнэсоўцы ведаюць. Чакаюць пазытыўных зьменаў для сябе. Аднак паводзіны ўрадоўцаў іх насьцярожваюць:

«Наколькі я ведаю, па тым, што чытала ў інтэрнэце, ніхто з прадпрымальнікамі не выходзіць на кантакт. Лукашэнку, відаць, гэта не патрэбна. Добра будзе, калі на форум прыйдуць хоць нейкія міністры, каб пагутарыць. Калі ніхто зь іх на форум ня прыйдзе, то нічога ня зьменіцца», — прагназуе прадпрымальніца.

Пра спадзеў на тое, што ўлада, убачыўшы эфэкт ад 222-га ўказу, саступіць прадпрымальнікам альбо зробіць ім палёгку, кажа яшчэ адна прадпрымальніца. Яна гандлюе прывазным польскім таварам. З дакумэнтамі ў яе ўсё ў парадку. Прызнаецца, што апошні год гандаль рэзка ўпаў.

У людзей няма грошай, каб купляць дарагі тавар. Яны прыходзяць гэтымі днямі на рынак, бегаюць па ім, шакаваныя сытуацыяй.

«Спадзяюцца ўсе, што ўлада пойдзе на саступкі. Я разумею, што ёсьць дзяржаўныя інтарэсы, але ў людзей няма грошай, каб купляць дарагі тавар. Яны прыходзяць гэтымі днямі на рынак, бегаюць па ім, шакаваныя сытуацыяй. Няма таго таннага тавару, які яны маглі раней купіць. Цяпер я ня ведаю, дзе яны будуць браць гэты танны тавар, асабліва вяскоўцы, якія зарабляюць капейкі. Відаць, будуць у Расею езьдзіць. У нас жа тут побач Расея. На дызель сеў — ён танны. Па прадукты ўжо даўно езьдзяць, а цяпер там і рэчы будуць купляць. У мяне такое адчуваньне, што гэтага рынку больш ня будзе, як раней быў. Назва ж рынак — гэта ад таго, што тут таньней усё», — лічыць кабета.

На беларускае трэба зьмяншаць цэны, каб яго бралі

Наведнікі рынку ў зьбянтэжанасьці. Прызнаюцца, што хадзіць сярод зачыненых павільёнаў ім дзіка.

«Я проста ў шоку. Тут жа раней так ажыўлена было — не прапхнуцца, — выказвае сваё стаўленьне да сытуацыі на рынку адна з наведніц. — Тут таньней было ўсё. З гандлярамі можна было дамовіцца. Яны зьніжку рабілі. А цяпер — вось там, у нас, кіёск ёсьць, дзе беларускае, а ў мяне сям’я не заможная, дык я лепей пайду туды, дзе таньней».

Там, дзе прадаюць харчы, на рынку ажыўлена. Уваход на рынак

Там, дзе прадаюць харчы, на рынку ажыўлена. Уваход на рынак

«Раней тут быў выбар і ўсе палаткі працавалі, — камэнтуюць сытуацыю на рынку мужчына і жанчына сталага веку. — Не хацеў я тую куртку, дык другую браў. А цяпер такога выбару няма. А цэны — вы паглядзіце, якое беларускае дарагое. Хіба за такія грошы будзе хто браць яго. На беларускае трэба зьмяншаць цэны, каб яго бралі».

«Нас сытуацыя на рынку ня дзівіць, — выказваецца жанчына, ведучы за руку, малога хлопца. — Іншага ад гэтай улады мы не чакалі. Будзем цяпер старое даношваць, альбо ў Расею паедзем — там таньней».

У Смаленску шмат нашых крамаў і там тавар таней, чым у нас

Ля прылаўкаў зь беларускай прадукцыяй на супрацьлеглым баку рынку пакупнікоў няшмат. Прадавачка абутку прызнаецца, што гандлю і ў яе няма, бо людзі ў безграшоўі.

«Цяпер заробкі ўразаюць. Заводы спыняюцца. Людзей скарачаюць — зразумела, што пакупніцкая здольнасьць насельніцтва падае», — тлумачыць прадавачка.

Харчы тут купляюць пераважна людзі сталага веку

Харчы тут купляюць пераважна людзі сталага веку

Паводле яе слоў, абутак той маркі, якой гандлюе яна, папулярны ў расейскіх прадпрымальнікаў. Ім завод, кажа суразмоўніца, скасоўвае 20-працэнты падатак на дадатную вартасьць. Мясцовым жа прадпрымальнікам такой палёгкі няма, таму абутак і дарагі для беларусаў.

«Яны ж адразу разьлічваюцца валютай. Расейскімі рублямі. А гэта ўжо плюс. У Смаленску шмат нашых крамаў і там тавар таней, чым у нас», — зазначае гандлярка.

Няма наплыву пакупнікоў і ў былы райцэнтраўскі ўнівэрмаг

Няма наплыву пакупнікоў і ў былы райцэнтраўскі ўнівэрмаг

У гарадзкіх крамах абутку і адзеньня таксама пакупнікоў няшмат. Прадаўцы такую сытуацыю тлумачаць сэзонным спадам пакупніцкай актыўнасьці, маўляў, пасьля навагодніх сьвятаў, першыя два месяцы, заўжды гэтак бывае. Калі прадпрымальнікі не адновяць працу на рынку, то крамнікі чакаюць, што ў іх паболее пакупнікоў.

«У нас стане павесялей. Мы ж даўно па дакумэнтах працуем. Тут прадаецца ўсё фірмовае, таму з рынкам нам няма чаго цягацца — у нас даражэй. Там пазачыняліся амаль усе. Чакаюць нечага, але, я думаю, што наўрад ці нешта зьменіцца. Раней, вядома ж, было лепей. Цяпер у Крычаве многае пазачынялася. У нас тут раней адзін толькі цэмзавод чаго варты быў. Як людзі атрымлівалі заробак — адразу адчувалася», — зазначае гандлярка былога крычаўскага ўнівэрмагу, а цяпер гандлёвага дому «Век».

Плякат на адным з дамоў Крычава

Плякат на адным з дамоў Крычава

Чакаем Форум. На яго спадзяёмся. Мо пачуюць нас

Пагутарыць удалося і з крычаўскімі прадпрымальнікамі, якія зачынілі свае павільёны і ад 1 студзеня больш не выходзілі на свае працоўныя месцы. Яны спадзяюцца, што сытуацыя ўсё ж выправіцца.

«Спадзяемся, што нам у нечым саступяць. Чакаем Форуму. На яго спадзяёмся. Мо пачуюць нас, — выказваецца прадпрымальніца. — Усе ж пакупнікі кажуць, што ня трэба нам гэтыя сэртыфікаты. У нас жа заробкі падаюць уніз. Пазачынялі колькі прадпрыемстваў. У людзей па трое дзяцей і на біржу нават не запісваюць. Кажуць: спачатку абыдзіце ўсе прадпрыемствы, мо самі знойдзеце што».

Каму і за што давядзецца любіць Крычаў?..

Каму і за што давядзецца любіць Крычаў?..

На пытаньне, што чакае прадпрымальнікаў, калі ўлада не саступіць ім, крычаўскія бізнэсоўцы пэўнага адказу не далі. Нехта, кажуць яны, наважыцца выехаць у недалёкую Расею, а некаторыя пашукаюць іншага занятку на радзіме.

Згодна з указам № 222 прадпрымальнікам дазволена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG