Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На плошчы Рэспублікі ў Парыжы ўшанавалі памяць ахвяр тэрактаў


У цэнтры Парыжа ў нядзелю прайшла памятная цырымонія з нагоды гадавіны тэрарыстычных нападаў, якія пачаліся з нападу на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo 7 студзеня.

Завяршальны тыдзень памятных мерапрыемстваў цырымонія з удзелам сваякоў ахвяр тэрактаў, палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, прайшоў на плошчы Рэспублікі. У мінулым годзе гэтая плошча стала сымбалем салідарнасьці парыжан, якія выйшлі 11 студзеня на масавую акцыю ў абарону эўрапейскіх каштоўнасьцяў і свабоды слова.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд усклаў падчас нядзельнай цырымоніі вянок. Прайшла хвіліна маўчаньня. Рок-сьпявак, кампазытар Джоні Холідэй выканаў разам з вайсковым хорам кампазыцыю, зьвязаную з трагічнымі падзеямі.

Алянд і мэр Парыжа Ан Ідальга адкрылі мэмарыяльную дошку каля пасаджанага адмыслова ў памяць пра ахвяраў тэрактаў дзесяцімэтровага дуба. Мэмарыяльная дошка прысьвечана ня толькі загінулым у выніку студзеньскіх нападаў на рэдакцыю Charlie Hebdo, але і тым, хто загінуў пры тэрактах 13 лістапада. Усяго ахвярамі радыкальных ісламістаў у мінулым годзе ў Францыі сталі каля 150 чалавек, некалькі нападнікаў былі забітыя.

У нядзелю Алянд наведаў галоўную мячэць Парыжа, пра што раней не абвяшчалася.

"Там ў прэзыдэнта адбылася кароткая гутарка, нешта кшталту моманту сяброўства і братэрства за кубкам гарбаты", - заявілі ў Елісейскім палацы.

У Францыі да гэтага часу дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча, уведзены пасьля лістападаўскіх тэрарыстычных нападаў.

XS
SM
MD
LG