Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пецярбург: спаць апранутымі і абагравацца каля печы, — гэта «нармальна»


Неўскі праспэкт ў 1856 годзе.
Неўскі праспэкт ў 1856 годзе.

Спаць апранутымі і тапіць дровамі становіцца «нармальным» рашэньнем у другім па значэньні горадзе Расеі.

Камунальныя аварыі пачасьціліся ў Пецярбургу разам з прыходам маразоў, гэта значыць з першых дзён новага году. Прарывы цепласетак адбыліся ў Адміралцейскім, Выбарскім, Калінінскім, Фрунзенскім і іншых раёнах горада, але найгорш прыйшлося жыхарам Неўскага раёна. Тут з-за аварыі на Іванаўскай вуліцы, якая здарылася 6 студзеня, без цяпла засталіся больш за 90 дамоў.

Нягледзячы на тое што аварыя цяпер ліквідаваная і дамы зноў падлучаныя да цеплазабесьпячэньня, у частцы дамоў тэмпэратура ўсё роўна не падымаецца вышэй 3-10 градусаў. Аб катаваньні холадам паведамляюць жыхары дамоў на вуліцы Сядова, на Камэнданцкім праспэкце. 8 студзень з-за аварыі на цепласетках без цяпла засталіся 23 дома на вуліцы Дзям’яна Беднага, каля 1000 чалавек на праспэкце Луначарскага ў дадатак пазбавіліся электрычнасьці. Энэргетыкі вінавацяць камунальнікаў у няспрытнасьці, у тым, што пасьля ліквідацыі аварый яны марудзяць і не жадаюць апэратыўна прадзьмухваць ў дамах батарэі ацяпленьня.

Замярзаюць і насельнікі міжвузаўскага студэнцкага гарадку, у сацсетках зьявілася маса паведамленьняў аб тым, як абагрэць пакой з дапамогай фэна, пра тое, што студэнты прастуджаны, але ня могуць акрыяць з-за холаду, ім даводзіцца спаць у куртках і шапках. Зрэшты, галоўны спэцыяліст аддзела па сувязях з грамадзкасьцю адміністрацыі студэнцкага гарадка Лэйла Федароўская лічыць, што ў холаду спаць у вопратцы — гэта нармальна.

— Так, хлопцы кажуць, што яны сьпяць апранутымі, але калі зімовы час і за акном халаднавата, гэта нармальна. Пасьля таго як у сацсетках зьявіліся гэтыя пасты аб холадзе, мы стварылі камісію і пайшлі па карпусах з праверкамі, так вось, ні ў адной з пакояў мы не выявілі тэмпэратуры ніжэй за норму — усюды ад 18 да 21 градуса. Праблема ў вокнах — ад іх сапраўды дзьме, яны плястыкавыя, не разлічаныя на такія холады. У будучыні гэтую праблему давядзецца вырашаць. Цяпер мы выдаём усім жадаючым дадатковыя коўдры.


Хоць адміністрацыя гарадку сьцьвярджае, што тэмпэратура ў пакоях у норме, студэнты ў сваіх паведамленьнях распавядаюць пра тое, як яны закрываюць вокны падушкамі і коўдрамі, а таксама пра тое, што ў іх зьледзянелі ня толькі шыбы, але нават электрычныя разэткі.
Многія жыхары Пецярбургу скардзяцца на холад і на тое, што камунальныя службы не прымаюць заяваў і не адказваюць на званкі. Тыя, у чыіх дамах захаваліся ў працоўным стане печкі, топяць іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG