Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Twitter блякуе вядомых украінскіх блогераў. Як ня даць сябе забаніць?


Паводле новых правілаў сэрвісу ўжо заблякаваныя дзясяткі вядомых украінскіх блогераў. Але за тыя самыя парушэньні не чапаюць прарасейскіх.

30 сьнежня папулярная сацсетка Twitter паведаміла пра абнаўленьне правілаў сэрвісу, скіраваных супраць абразаў і заклікаў да гвалту. Але ўвядзеньне новых правілаў прывяло да блякіровак многіх украінскіх, праўкраінскіх і антыпуцінскіх акаўнтаў.

Пад блякаваньне патрапілі @persident_urk, @olegnovikovkh, @pv_petrychenko, @lvivzradko, @banderenko, @reggaemortis1, @tukvasociopat , @SPaWN_ua. Прычым некаторыя з гэтых акаўнтаў мелі нават больш за 400 000 падпісантаў.

Галоўная прычына бану — заклік да гвалту супраць сэпаратыстаў, якія забіваюць украінцаў. Але блякуюць паводле новых правілаў чамусьці за твіты гадавой даўнасьці — нават за цытаты — і толькі людзей з праўкраінскай і антыпуцінскай пазыцыяй. За тыя самыя парушэньні не выдаляюць троляў з Расеі, якія заклікаюць «выразаць» украінцаў і разьмяшчаюць жудасныя фота забітых украінскіх салдатаў.

Самае цікавае, што на скаргі на гэтыя твіты троляў тэхнічная падтрымка вельмі часта нават не адказвае. Але разам з тым кожны дзень выдаляе некалькі буйных праўкраінскіх акаўнтаў. На блякаваньне акаўнтаў уплывае масавасьць скаргаў, і падобна на тое, што нейкая арганізацыя тыпу «Ольгино» магла наствараць тысячы ботаў, каб тыя дзень і ноч шукалі даўнія твіты, якія парушаюць правілы сэрвісу, і скардзіліся ў тэхнічную падтрымку.

«Мяркуючы па адсутнасьці адкрытага каардынацыйнага цэнтру, верагодна, працэс пошуку твітаў, якія парушаюць правілы, і адпраўкі скаргаў адбываецца ў аўтаматычным рэжыме, з выкарыстаньнем ботаў», — піша на Facebook пра блякаваньне праўкраінскіх акаўнтаў расейскі блогер Кірыла Міхайлаў, які летась пераехаў ва Ўкраіну.

На сытуацыю ўжо адрэагаваў нават пасол Украіны ў Фінляндыі, які зьяўляецца актыўным карыстальнікам твітэру. Ён апублікаваў зварот да тэхпадтрымкі кампаніі з просьбай зьвярнуць увагу на блякаваньне ўкраінскіх акаўнтаў. Пасол таксама прапануе рабіць скрыншоты, якія б дазволілі даказаць зламысны характар банаў ад расейскіх троляў.

Што зрабіць каб цябе не заблякавалі?

1. Зьмяніць у наладах twitter мову на ангельскую. Такім чынам усе скаргі будуць ісьці ў заходнюю тэхпадтрымку, а не ў расейскую, бо блогеры падазраюць, што расейскаму сэрвісу нельга давяраць.

2. Зьмяніць у наладах краіну. Лепш ЗША ці нейкую эўрапейскую.

3. Прывязаць свой нумар тэлефона да акаўнту twitter.

4. Выдаліць усе свае твіты. Каб гэта зрабіць, вам патрэбна спачатку спампаваць архіў усіх сваіх твітаў на пошту. Гэта робіцца ў наладах. А потым спампаваць праграму Twitter Archive Eraser з дапамогай якой вы можаце выдаліць абсалютна ўсе свае твіты. Спасылка на праграму: http://martani.github.io/Twitter-Archive-Eraser/

5. Прытрымлівацца новых правілаў, не пісаць ніякіх словаў, якія могуць быць прычынай блякаваньня. Не заклікаць да гвалту, нават у жартаўлівай форме.

6. Не адказваць тролям. Шмат хто зь іх спэцыяльна вас правакуе, каб потым паскардзіцца на вашыя твіты.

Блякаваньні ўкраінскіх блогераў ужо адбываліся ў Facebook паводле падобнага сцэнару. Паўгода таму прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвяртаўся да стваральніка Facebook Марка Цукербэрга з просьбай аб адкрыцьці ўкраінскага падразьдзяленьня кампаніі дзеля барацьбы з блякаваньнямі з палітычных матываў. Цукербэрг адмовіў у адкрыцьці падразьдзяленьня, але масавыя блякаваньні праз пэўны час спыніліся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG