Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць беларускіх турыстаў, якія трапілі ў аварыю ў Чэхіі, вярнулася на радзіму


Фота зь месца аварыі

Фота зь месца аварыі

У чэскіх шпіталях застаюцца трое.

Аўтобус зь беларускімі турыстамі, удзельнікамі ДТЗ у Чэхіі, прыбыў у Беларусь, паведаміла беларуская амбасада ў Чэскай Рэспубліцы, якую цытуе БелаПАН.

У сваю чаргу беларускі МЗС на сваёй старонцы ў Твітэры паведаміў, што ў Беларусь прыбылі трое пацярпелых у аварыі і асобы, якія іх суправаджаюць. «Амбасада трымае на кантролі сытуацыю з пакінутымі ў шпіталях грамадзянамі», — гаворыцца ў паведамленьні.

6 студзеня ў Чэхіі беларускі аўтобус трапіў у ДТЗ на сьлізкай дарозе. Паводле наяўнай інфармацыі, кіроўца ехаў зь мінімальнай хуткасьцю, аб’яжджаючы асноўную трасу, заблякаваную з прычыны ўмоваў надвор’я. Турыстычная група з 49 чалавек (дзеці разам з бацькамі) ехала з Прагі ва Ўроцлаў. Шпіталізавалі больш за 15 чалавек. Паводле стану на вечар 7 студзеня ў чэскіх бальніцах заставаліся трое пацярпелых, паведамляў МЗС.

Колькасьць параненых у аварыі беларускага аўтобуса 6 студзеня каля Нахаду ў паўночнай Чэхіі ўзрасла да 16 чалавек.

Пяць пацярпелых чэскія лекары вызначылі як цяжка параненых, 11 адносяць да катэгорыі лёгка параненых.

У шпіталі ў Градцы Кралавэ знаходзяцца 15-гадовы хлопец і дзяўчына, якія лічацца пацярпелымі найцяжэй.

Лекары ў Градцы Кралавэ адзначылі, што хоць Беларусь не знаходзіцца ў Эўразьвязе, беларускім пацярпелым у чэскіх шпіталях аказваецца ўся дапамога, якая належыцца грамадзянам Чэхіі.

XS
SM
MD
LG