Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь мяне ў міліцыі зьдзекаваліся», — пэнсіянэр распавёў пра затрыманьне на вакзале ў Асіповічах


Аляксандар Страх
Аляксандар Страх

Магілёўскі пэнсіянэр, адстаўны афіцэр Савецкага флёту і сябра Партыі БНФ Аляксандар Страх хоча пакараньня асіповіцкіх міліцыянтаў, якія, як ён сьцьвярджае, беспадстаўна яго затрымалі і зьняволілі на пяць гадзінаў.

Аляксандар Страх ужо зьвярнуўся з заявай у транспартную пракуратуру Магілёўскай вобласьці і зьбіраецца бараніць свой гонар і годнасьць у судзе. Ён цьвердзіць, што міліцыянты зьдзекаваліся зь яго.

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні пазначана: 59-гадовы магілёвец расьпіваў алькагольныя напоі у грамадзкім месцы. Аляксандар Страх з абвінавачваньнем міліцыянтаў не згаджаецца. Заяўляе, што гэтага не рабіў і што ў міліцыянтаў няма доказаў ягонай віны. Пэнсіянэр, аднак, ня ўтойвае: быў зьлёгку нападпітку.

Затрымалі Аляксандра Страха і ягонага даўняга саслужыўца на асіповіцкім чыгуначным вакзале. Ён сьцьвярджае, што ў Асіповічах ні ён, ні ягоны саслужывец не ўжывалі алькаголю. Яны прагульваліся па райцэнтры, згадваючы гады службы на флёце. Выпіў, як запэўнівае магілёвец, ён да прыезду ў Асіповічы. Інцыдэнт зь міліцыянтамі адбыўся напярэдадні каталіцкіх Калядаў — 24 сьнежня.

«Калі мы ішлі зь сябрам на вакзал, каб узяць квіткі для сябе, то наперад выскачыў міліцыянт і голасна пачаў крычаць, каб мы спыніліся, — апавядае пра затрыманьне Аляксандар Страх. — Запатрабаваў дакумэнты і загадаў прайсьці зь ім. Мой сябра папрасіў патлумачыць, у чым наша віна і чаму нас затрымліваюць. У пастарунак мы адмовіліся ісьці».

Паводле фронтаўца, пасьля таго, як яны зь сябрам адмовіліся ісьці ў пастарунак, да міліцыянта адразу падбегла падмога. З гэтага пэнсіянэр робіць выснову, што за імі сачылі, каб затрымаць на вакзале:

«Іх было мо чалавек пяць ці шэсьць. Нас схапілі за рукі і пачалі цягнуць. Мой сябра крычаў, што яму вельмі балюча, але яны цягам цягнулі. Вырвалі ў мяне мае валізкі. І зацягнулі-такі ў пастарунак. Там запатрабавалі плаціць грошы. За што — не патлумачылі. Сказалі, што нібыта мы нешта парушылі, але доказаў віны не прадставілі».

У пратаколе пра адміністрацыйнае правапарушэньне гаворыцца, што Аляксандар Страх расьпіваў гарэлку ў не прызначаным для гэтага месцы. Паводле дакумэнту, адміністрацыйнае правапарушэньне затрыманы зьдзейсьніў ля гандлёвых павільёнаў паблізу будынку чыгуначнага вакзалу. У пастарунак быў дастаўлены а палове на 12-ю, а вызвалены а 17-й гадзіне.

Пратакол агляду асабістых рэчаў. Пад нумарам 26 – Герб Беларусі, пад 27 – налепкі партыі БНФ
Пратакол агляду асабістых рэчаў. Пад нумарам 26 – Герб Беларусі, пад 27 – налепкі партыі БНФ

Пра ступень ап’яненьня і супраціў міліцыі ў пратаколе ня згадваецца. Сярод апісаных міліцыянтамі рэчаў пазначаныя герб Беларусі і налепкі партыі БНФ.

«Я не магу зразумець дзеяньняў міліцыянтаў. Ці яны гэтак мяне запалохвалі праз маю фронтаўскую дзейнасьць. Мо на мяне была наводка нейкая. Альбо бачаць, што чалавек зь вялікімі валізкамі, ды пашчыраваць па кішэнях, — выказвае меркаваньне пра прычыны затрыманьня Аляксандар Страх. — Так, я выпіў гарэлкі да прыезду ў Асіповічы. Пару кілішкаў. Я ні да кога не чапляўся. Мы проста размаўлялі, як культурныя людзі. Я не плаціў ніякага штрафу. Наадрэз адмовіўся. Мне сказалі, што разьбірацца з маім затрыманьнем будзе начальнік міліцыі».

Расьпіцьцё алькагольных напояў у грамадзкім месцы, на думку Страха, міліцыянты выдумалі, каб прычапіцца. Гэта абвінавачваньне зьявілася, кажа ён, пазьней, калі адмовіўся плаціць штраф.

Не падпісаны Страхам пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне з фармулёўкай абвінавачваньня
Не падпісаны Страхам пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне з фармулёўкай абвінавачваньня

Паводле слоў Страха, калі ён адмовіўся плаціць штраф, яму загадалі зьняць паліто, завялі ў «абязьяньнік», дзе ён прасядзеў болей за тры гадзіны. Калі вывелі адтуль, сьцьвярджае пэнсіянэр, то асабістыя рэчы былі раскладзеныя на стале, і яму паведамілі, што будуць іх апісваць. Як вымаліся гэтыя рэчы, затрыманы ня бачыў. Акрамя таго, кажа пэнсіянэр, міліцыянты ўскрывалі ягоныя тэлефоны. Адзін зь іх пашкодзілі.

Як сьцьвярджае Аляксандар Страх, у пастарунку ён дамогся, каб выклікалі сьледчага і каб ён разабраўся ў сытуацыі, аднак, паводле яго, міліцыянты і ў прысутнасьці прадстаўніка Сьледчага камітэту працягвалі зьневажаць яго.

«Я ў іх папрасіў вады, бо трымалі ж мяне доўга ў пастарунку. У грубай форме адмовілі. Папрасіўся ў прыбіральню, таксама груба адмовілі. Тады я зьвярнуўся да сьледчага, што парушаюцца правы чалавека і што міліцыянты зьдзекуюцца зь мяне, дык дапамажыце мне і разьбярыцеся, за што я арыштаваны. Яна адказала, што нічога ня ведае, і я тады заявіў, што не давяраю ёй і адмовіўся даваць тлумачэньні. Цяпер буду грукацца ва ўсе дзьверы, а ў суд — абавязкова», — заяўляе Аляксандар Страх.

Паводле пэнсіянэра, пасьля таго, як міліцыянты азнаёмілі яго з дакумэнтамі, яго выправадзілі з пастарунку. Пэнсіянэр беларускамоўны, але са сваім саслужыўцам і міліцыянтамі гаварыў па-расейску. Заўважае, што беларуская мова не магла стаць чыньнікам для затрыманьня. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні Аляксандар Страх адмовіўся падпісваць.

Аляксандар Страх — капітан трэцяга рангу ў адстаўцы. Служыў на розных флатах Савецкага Саюзу ў падразьдзяленьнях забесьпячэньня. Рыхтаваў караблі для дальніх паходаў. Даглядае паўналетняга сына-інваліда. У 2012 годзе спрабаваў стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Да выбарцаў зьвяртаўся па-беларуску.

На просьбу пракамэнтаваць скаргу Аляксандра Страха ў Асіповіцкім РАУС Свабодзе адказалі: «Гэта яго права, гэтым будзе займацца Сьледчы камітэт. Мы па тэлефоне такую інфармацыю не даем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG