Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нью-Ёрку працягваецца рэзкае падзеньне на фінансавых рынках


На фінансавых рынках Нью-Ёрку рэзка падаюць курсы акцыяў і кошты нафты.

У чацьвер на Нью-Ёркскай фондавай біржы рэзка ўпалі курсы акцыяў. Індэкс Dow Jones страціў падчас таргоў больш за 392 пунктаў або 2,32 працэнта. Такога рэзкага паніжэньня індэксу за першыя пяць гандлёвых сэсіяў году — на 5,2 працэнта, не адбывалася ні разу за ўсе 87 гадоў яго існаваньня. Індэкс NASDAQ, які адлюстроўвае курсы акцыяў высокатэхналягічных кампаніяў зьнізіўся больш чым на 3 адсоткі.

Прычынай падзеньня каціровак сталі пэсымізм інвэстараў з нагоды эканомікі Кітая, другой па велічыні ў сьвеце, і сумневы адносна пэрспэктываў энэргетычнага сэктару. Напярэдадні на кітайскіх біржах акцыі ўпалі пасьля рашэньня ўраду КНР не падтрымліваць нацыянальную валюту юань, якая перажывае самы глыбокі спад курсу за апошнія пяць месяцаў. У Нью-Ёрку акцыі важнага гульца на кітайскім рынку, амэрыканскай кампаніі Apple, апусьціліся на 4,2 адсоткі да самай нізкай адзнакі з жніўня.

На нафтавым рынку цана маркі Brent панізілася ў чацьвер амаль на паўтара працэнты да самай нізкай адзнакі за апошнія 12 гадоў, да 33,75 даляра за барэль. Заходнетэхаская нафта, якая здабываецца ў ЗША, патаньнела да 33 даляраў 27 цэнтаў.

У пятніцу будуць апублікаваныя афіцыйныя паказчыкі працоўнай занятасьці ў Злучаных Штатах, якія, як мяркуюць некаторыя ўдзельнікі рынку, пакажуць, што нягледзячы на турбацыі на біржы, рэальная амэрыканская эканоміка ў вялікай меры абароненая ад узрушэньняў, якія зьведваюць гандлёвыя партнэры ЗША.

XS
SM
MD
LG