Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць параненых у аварыі беларускага аўтобуса — 16 чалавек; пяцёра ў цяжкім стане


Колькасьць параненых у аварыі беларускага аўтобуса, якая мела месца каля Нахаду ў паўночнай Чэхіі 6 студзеня, узрасла да 16 чалавек.

Гэты лік нам удакладніла прадстаўніца паліцыі гораду Нахад Эва Прахаржава. На ўчорашні дзень колькасьць пацярпелых у аварыі агучвалася як 13 чалавек.

Пяць пацярпелых чэскія лекары вызначаюць як цяжка параненых, 11 адносяць да катэгорыі лёгка параненых. Яны знаходзяцца ў шпіталях у чатырох гарадах рэгіёну Градэц Кралавэ: у самым Градцы Кралавэ, а таксама ў Нахадзе, Трутнаве і Двары Кралавэ над Лабэм.

У шпіталі ў Градцы Кралавэ знаходзяцца 15-гадовы хлопец і дзяўчына, якія лічацца найцяжэй пацярпелымі. Як мы паведамлялі, у дачыненьні да хлопца на месцы аварыі лекары праводзілі рэанімацыйныя захады. У яго былі зламаныя некалькі рэбраў і пашкоджаныя лёгкія. Цяпер ён знаходзіцца ў стане штучнага сну і падключаны да апарату штучнага дыханьня. Паводле атрыманай намі інфармацыі, пакуль што лекарам не ўдалося ўстанавіць ідэнтычнасьці гэтага хлопца.

Лекары ў Градцы Кралавэ адзначылі, што, нягледзячы на тое, што Беларусь не знаходзіцца ў Эўразьвязе, беларускім пацярпелым аказваецца ў чэскіх шпіталях поўная дапамога, якая належыцца грамадзянам Чэхіі.

У паліцыі ў Нахадзе нам таксама паведамілі, што распачата крымінальная справа ў адносінах да кіроўцаў беларускага аўтобуса паводле артыкулу, які гаворыць аб «пашкоджаньні здароўя празь нядбаласьць». У паліцыі нам патлумачылі, што алькагольны тэст у адносінах да кіроўцаў даў нэгатыўны вынік, а таму ў гэтай аварыі выключана наўмысная віна кіроўцаў.

Матэрыялы чэскага расьсьледаваньня аварыі, паводле адпаведных двухбаковых дамоўленасьцяў, будуць перададзеныя ў Беларусь.

Астатнія пасажыры аварыйнага аўтобуса, якія ня пацярпелі ў аварыі і мелі кароткі прытулак у вёсцы Горжэчкі, зьехалі адтуль на іншым беларускім аўтобусе, які па іх прыехаў.

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG