Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Каляды для мяне — гэта Крэва, замак, суседзі, якім вароты будзем здымаць»


Як беларускія палітыкі сустракаюць праваслаўнае Раство? Старэйшае пакаленьне яшчэ памятае, якія былі традыцыі сьвяткаваньня ў беларускіх вёсках. Уладзімер Някляеў у родным Крэве зьбіраецца калядаваць і нават здымаць у суседзяў вароты. Рыгор Кастусёў будзе ладзіць сьвята ўнукам. А маладзейшыя проста адзначаюць Раство, як звычайныя сьвяты — з роднымі, блізкімі.

Паэт Уладзімер Някляеў па даўняй традыцыі адзначае Каляды на сваёй «малой радзіме», у мястэчку Крэва Смаргонскага раёну. Прапусьціў толькі адзін раз, у 2010 годзе, калі пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў сядзеў у турме КДБ:

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

«Каляды для мяне — гэта Крэва, замак, суседзі, якім вароты зараз будзем здымаць і пускаць па рацэ (хоць яна ўжо замерзла). Крэва сьвяткуе Каляды так, як адразу пасьля паганскіх часоў сьвяткавалі. Праўда, не захавалася людзей, дакладней, захавалася вельмі мала людзей, якія гэтыя традыцыі памятаюць. Бо Крэва на сёньняшні дзень, як і ўсе беларускія мястэчкі і вёсачкі, калі не напалову поўнае, то напалову пустое. Калядныя агні гараць толькі ў палове хат. Моладзі няма, у асноўным людзі сталага веку і тыя, хто прыяжджае на сьвяты. Калі выбліскаюць зоры, калі натаўчэм маку і паставім баранкі, калі зьедуцца ўсе сябры, браты мае — усё адно будзе сьвята. Стараюцца зрабіць усё так, як было ў сваім дзяцінстве. Я еду ў сваё дзяцінства: у гэты хрумст марознага сьнегу, у гэты звон на царкве, у гэтую пару ад людзей, калі яны вяртаюцца з царквы пасьля ўсяночнай, гэты гоман, гэты пах аўчын, зімовы лес — гэта ўсё дзяцінства. Туды, уласна кажучы, і еду — у дзяцінства на Калядныя сьвяты».

Намесьнік старшыні партыі БНФ «Адраджэньне» Рыгор Кастусёў памятае, як захоўвалі традыцыі ягоныя бабуля і маці. Але ў ягонай сям’і гэтыя традыцыі так строга ўжо не выконваюцца:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Канечне, у розныя часы па-рознаму. У часы дзяцінства, юнацтва вясковыя традыцыі былі, і яны захоўваліся. І калядавалі, і варажылі — старэйшае пакаленьне, і нам было цікава. Калі былі жывыя бабуля, маці, я памятаю, што і 12 страў на стол ставілі, а бывала, і 16 страў. Але пасьля, калі я ўжо з дому зьехаў, на жаль, у нашай сям’і так строга традыцыі не захаваліся. З гадамі, канечне, трошкі падыходы памяняліся. І вось на гэтыя Каляды мы ідзем у госьці да ўнукаў з падарункамі і будзем зь імі ладзіць сьвята адпаведна зь іх узростам, бо яны яшчэ маленькія. Будзем ім распавядаць, што за сьвята — Каляды, што павінны быць госьці, падарункі. Ну, і чарку падымем за сьвята».

У сустаршыні аргамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца — шматканфэсійная сям’я. Ён праваслаўны, а жонка Вольга — каталічка. Таму Раство сьвяткуюць і 25 сьнежня, і 7 студзеня:

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Мы з Волечкай, маёй жонкай, езьдзілі на каталіцкае Раство да яе сваякоў, каталікоў, у Нарач. І сустрэлі Раство ў касьцёле. Зараз, на праваслаўнае Раство, мы едзем у Віцебск, да маёй сям’і, праваслаўных, і сустрэнем Раство там. Пойдзем у царкву, ну, а потым дахаты, і зьбяромся сямейным колам. Бацькі стараюцца, каб было 12 страў на стале, куцьця каб была — гэта ўсё ёсьць. Але сэнс ня ў гэтым. Сэнс у тым, што ў нашых сэрцах нараджаецца Хрыстос. Гэта найлепш адчуваецца ў царкве і ў сямейным коле. Будзем глядзець фільм: на беларускую мову пераклалі цудоўны фільм „Гісторыя Раства“, зрабіў гэта Андрэй Кім».

Тацяна Караткевіч шчыра прызнаецца, што пільна традыцыі не захоўвае, на ўсяночную службу ў царкву ня пойдзе, а сьвята адзначыць у цесным сямейным коле — з мамай, мужам і сынам:

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

«Канечне, буду адзначаць у сям’і, зь вячэраю, са сьвечкамі. Для мяне пасьля вельмі плённай напружанай працы наступіў такі момант, калі я магу пабыць са сваімі роднымі болей часу, і я гэта выкарыстоўваю. А так, каб я была на службе ў царкве ад пачатку і да канца, такога няма. У царкву я хаджу толькі тады, калі ў мяне ёсьць адпаведны настрой: пабыць сам-насам, паразважаць, памаліцца, а ў сьвяточныя дні не хаджу. Для мяне сьвятло, цяпло і вера — гэта калі ўсе блізкія побач, сустрэцца, пасядзець, паразмаўляць. Раство якраз спрыяе такім сустрэчам. Трывалых традыцыяў няма, як і бальшыня беларусаў, мы адзначаем усе сьвяты. У мінулым годзе я гатавала не 12 страў, а 7 — у мяне так атрымалася».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG