Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паведамляе выданьне Jerusalem Post, міністэрства замежных справаў Ізраілю абвясьціла пра намер зачыніць пяць з сваіх 106 замежных місіяў у мэтах эканоміі сродкаў.

Зачыняць свае дзьверы амбасады Ізраілю ў Беларусі і Сальвадоры, а таксама некалькі кансулятаў у ЗША і Францыі.

У заяве міністэрства, паводле Jerusalem Post, гаворыцца, што закрыцьцё прадстаўніцтваў адбудзецца ў адпаведнасьцю з рашэньнем ураду, прынятым яшчэ летась. Вызваленыя сродкі плянуецца выдзеліць на ўмацаваньне іншых прадстаўніцтваў.

Мінулым летам у ізраільскіх мэдыях зьявілася інфармацыя пра тое, што ўрад дзеля эканоміі фінансаў вырашыў закрыць восем сваіх дыпмісіяў за мяжой, у тым ліку і ў Беларусі.

Тады ў амбасадзе Ізраілю казалі, што афіцыйнага паведамленьня з ураду пра гэта не было. Тагачасны амбасадар Ёсіф Шагал назваў паведамленьні мэдыяў чуткамі і адмовіўся іх камэнтаваць. Ягоная кадэнцыя скончылася 31 жніўня 2015 году, і новы амбасадар прызначаны ня быў.

Сёньня з рэзкай крытыкай рашэньня аб закрыцьці амбасады ў Менску выступіў былы міністар замежных справаў Ізраілю, лідэр партыі «Наш Дом — Ізраіль» Авігдор Лібэрман.

Палітык лічыць, што «закрыцьцё амбасады ў Менску — зусім вар’яцкі крок, як з пункту гледжаньня палітычнага, так і з пункту гледжаньня дзяржаўных інтарэсаў». Паводле яго, гэта нанясе Ізраілю цяжкую шкоду на міжнароднай арэне і калясальную шкоду адносінам з Рэспублікай Беларусь.

Кіраўнік партыі НДІ, нагадаўшы, што ў Ізраілі жыве 130 тысяч выхадцаў зь Беларусі, падкрэсьліў, што для іх закрыцьцё амбасады створыць сур’ёзныя цяжкасьці. Гэтак жа як і для беларускіх габрэяў, якія хочуць рэпатрыявацца ў Ізраіль ці маюць патрэбу ў консульскіх паслугах. Заява Лібэрмана апублікавана на афіцыйным сайце ягонай партыі.

Афіцыйных паведамленьняў пра гэта на сайтах міністэрства замежных справаў Ізраілю і ізраільскай амбасады ў Менску на гэты момант няма.

У 2003 годзе Ізраіль ужо зачыняў амбасаду ў Беларусі - і менавіта зь фінансавых прычынаў. Аднак у 2005 годзе дыпмісію аднавілі. У гэты прамежак часу беларусы, якія зьбіраліся наведаць Ізраіль, вымушаныя былі карыстацца паслугамі амбасады Ізраіля ў Расеі. А былы міністар замежных спраў Ізраіля Авігдор Ліберман, які цяпер у апазыцыі да дзейнага ўраду, нядаўна адзначыў, што пасьля закрыцьця амбасады дачыненьні паміж Ізраілем і Беларусьсю «рэзка сапсаваліся».

Ад 26 лістапада 2015 году паміж Беларусьсю і Ізраілем дзейнічае двухбаковы бязьвізавы рэжым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG