Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыкан заявіў, што «юбілейная» вокладка Charlie Hebdo абражае вернікаў усіх канфэсій


Газэта Ватыкану L’Osservatore Romano падвергла жорсткай крытыцы «юбілейную» вокладку Charlie Hebdo, на якой намаляваны Бог з аўтаматам.

Паводле газэты, гэтая карыкатура ўвасабляе «сумны парадокс» нашага сьвету, які «да недарэчнасьці» дамагаецца паліткарэктнасьці, адначасова выяўляючы непавагу да веры. Пра гэта паведамляе іншая італьянская газэта La Stampa.

Карыкатура на вокладцы часопісу, на думку суразмоўцаў рэдакцыі L’Osservatore Romano ў Ватыкане, «абражае прадстаўнікоў усіх рэлігій».

У сераду, 6 студзеня, з нагоды гадавіны нападу ісламістаў на рэдакцыю парыскага сатырычнага штотыднёвіка Charlie Hebdo, у кіёсках зьявіўся «юбілейны» выпуск часопісу, на вокладцы якога намаляваны барадаты мужчына, пад якім разумеецца Бог, з аўтаматам Калашнікава. Малюнак суправаджаецца подпісам «Год пасьля: кілер ўсё яшчэ на свабодзе». Штотыднёвік выйшаў накладам у 1 мільён асобнікаў.

7 студзеня летась тэрарысты напалі на рэдакцыю Charlie Hebdo. У выніку нападу былі забітыя 12 чалавек і яшчэ 10 атрымалі раненьні. 9 забітых былі супрацоўнікамі рэдакцыі выданьня. Напад быў зроблены ісламістамі, якія помсьцілі журналістам за публікацыю карыкатур на прарока Мухамада. У ліпені рэдакцыя часопісу паведаміла, што спыняе публікаваць карыкатуры на Мухамада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG