Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск «канструктыўна шукае» нармалізацыі адносін з Вашынгтонам

  • БелаПАН

Беларусь і ЗША ў 2015 годзе працягнулі «сумесны канструктыўны пошук магчымасьцяў для далейшай нармалізацыі дыялёгу».

Гэтак у падсумаваньні вынікаў зьнешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь за мінулы год піша беларускі МЗС на сваім сайце.

У прыватнасьці, МЗС адзначае, што ў дачыненьнях з ЗША «актыўна разьвівалася гандлёва-эканамічнае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, пашыраліся гуманітарныя кантакты».

Як станоўчыя прыклады супрацоўніцтва МЗС называе прыпыненьне ў кастрычніку амэрыканскім бокам дзеяньня санкцый у дачыненьні да шэрагу прадпрыемстваў беларускага нафтахімічнага комплексу, правядзеньне экспэртных кансультацый па розных пытаньнях двухбаковых адносін, а таксама пытаньнях рэгіянальнага супрацоўніцтва, правоў чалавека, гандлю людзьмі, барацьбы з кібэрзлачыннасьцю і тэрарызмам, далучэньня да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Міністэрства згадвае візыт у Беларусь у жніўні дэлегацыі Кангрэсу ЗША, а таксама ўдзел прадстаўнікоў Злучаных Штатаў у вайсковым парадзе ў Менску 9 траўня з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі.

«На аснове зробленага Беларусь зацікаўлена ў наданьні працэсу нармалізацыі адносін з ЗША ўстойлівага характару» — адзначаецца ў аглядзе.

Ад 1 лістапада 2015 Мінфін ЗША, сьледам за Эўразьвязам, зьмякчыў да 30 красавіка 2016 санкцыі, якія дзейнічаюць у дачыненьні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў: Беларускага нафтавага гандлёвага дому, канцэрну «Белнафтахім», Belneftekhim USA Inc., «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан» і «Полацк-Шкловалакно».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG