Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН правядзе тэрміновую сустрэчу з нагоды выпрабаваньняў у КНДР вадароднай бомбы


Людзі глядзяць рэпартаж пра першае выпрабаваньне вадароднай бомбы ў Паўночнай на чыгуначнай станцыі ў Сеуле, 6 студзеня 2016

Людзі глядзяць рэпартаж пра першае выпрабаваньне вадароднай бомбы ў Паўночнай на чыгуначнай станцыі ў Сеуле, 6 студзеня 2016

У сьвеце рашуча асудзілі ядзерныя выпрабаваньні ў Паўночнай Карэі.

Паўднёвая Карэя і Японія праводзяць тэрміновыя кансультацыі ў сувязі з ядзернымі выпрабаваньнемі, праведзенымі ўладамі Паўночнай Карэі. Прэм’ер-міністар Японіі Сіндза Абэ выступіў з «суровым асуджэньнем» выбуху і назваў яго пагрозай сваёй краіне.

Токіё і Сэул абвясьцілі аб сумесных намаганьнях для «пакараньня» Паўночнай Карэі.

Белы дом выступіў з заявай аб намеры «прыняць захады» ў адказ на дзеяньні Пхэньяна. Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Нэд Прайс заявіў, што ЗША асуджаюць любое парушэньне рэзалюцыяў Рады бясьпекі ААН.

Выпрабаваньні ў Паўночнай Карэі асудзіў і міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Філіп Хаманд. Ён адзначыў, што калі паведамленьне пра выпрабаваньні ў КНДР вадароднай бомбы праўдзівыя, то гэта «сур’ёзнае парушэньне рэзалюцыяў Рады бясьпекі ААН і правакацыя».

Міністэрства замежных спраў Кітая заявіла, што ня мела папярэдняй інфармацыі аб падрыхтоўцы выпрабаваньня. Пэкін рашуча выступае супраць такіх дзеяньняў Пхэньяна, гаворыцца ў заяве МЗС Кітая, які лічыцца галоўным саюзьнікам Паўночнай Карэі.

Увечары 6 студзеня на тэрміновую сустрэчу з гэтай нагоды склікаюць сябраў Рады бясьпекі ААН.

Выпрабаваньне вадароднай бомбы было праведзенае ў Паўночнай Карэі за двое сутак да дня нараджэньня кіраўніка рэжыму Кім Чэн Ына.

У сьнежні Кім Чэн Ын абвясьціў, што ў Паўночнай Карэі пасьпяхова распрацаваная вадародная бомба. Аднак на Захадзе гэтую заяву сустрэлі скептычна. Сёньня, як перадае агенцтва AFP са спасылкай на вядучага спэцыяліста ў галіне кантролю за ядзернымі ўзбраеньнямі Крысьпіна Ровера, сумневы застаюцца. Вучоны лічыць, што землятрус магнітудай 5,1 бала, зафіксаваны ў раёне меркаванага ядзернага выпрабаваньня, не настолькі магутны, каб сьведчыць пра выпрабаваньне вадароднай бомбы.

XS
SM
MD
LG