Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная Карэя абвясьціла пра пасьпяховае выпрабаваньне вадароднай бомбы


Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын выступае з навагоднім зваротам да краіны

Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын выступае з навагоднім зваротам да краіны

Паўночная Карэя, магчыма, правяла выпрабаваньні ядзернай прылады.

Паўночная Карэя заявіла ў сераду раніцай аб тым, што яна ўпершыню правяла пасьпяховае выпрабаваньне вадароднай бомбы.

Раней мэтэаслужбамі Паўднёвай Карэі і Японіі быў зафіксаваны землятрус магнітудай 5.1 з эпіцэнтрам на паўночным усходзе Паўночнай Карэі. Ён, хутчэй за ўсё, стаў вынікам выбуху. Пра гэта заявіў прадстаўнік мэтэаралягічнай службы Паўднёвай Карэі.

«Сэйсьмічныя хвалі, якія мы зарэгістравалі, прыкметна адрозьніваюцца ад тых, што назіраюцца падчас натуральных землятрусаў, — гаворыцца ў заяве паўднёвакарэйскай мэтэаслужбы. — Падобнага тыпу хвалі звычайна суправаджаюць маштабныя выбухі — вынік выкарыстаньня выбухоўкі ці ядзерных зарадаў».

Эпіцэнтар землятрусу знаходзіцца ў 49 кілямэтрах ад паўночнакарэйскага ядзернага палігона Пунгеры. Паводле дадзеных спадарожнікавай выведкі, на палігоне ў апошнія месяцы была адзначаная незвычайная актыўнасьць.

Папярэдні выбух ядзернага зарада быў праведзены Пхеньянам ў лютым 2013 году. Ён выклікаў землятрус падобнай магутнасьці. У сьнежні кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын абвясьціў аб тым, што Паўночная Карэя гатовая правесьці выпрабаваньні атамнай і вадароднай зброі.

XS
SM
MD
LG