Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«А ў Маскве мяне паслалі. І шыльдачку павесілі: "Тупых беларусаў не абслугоўваем"»


Каля трохсот прадпрымальнікаў з буйнейшых рынкаў Гомеля сабраліся 5 студзеня ў гандлёвым цэнтры «Сакрэт» на стыхійны сход, каб патрабаваць ад уладаў забясьпечыць ім канстытуцыйнае права на працу. Яны не на вакацыях — яны ня выйшлі на працу, бо ня маюць магчымасьці працаваць.

Адміністрацыя гандлёвага цэнтру «Сакрэт» вымусіла прадпрымальнікаў падняцца на чацьвёрты паверх, каб і бізнэсоўцы, і журналісты менш бачылі й менш здымалі пустыя гандлёвыя ралеты.

Па падліках ініцыятараў сходу, на працу сёньня выйшлі толькі 7 індывідуальных прадпрымальнікаў са 125, якія працуюць у «Сакрэце» і плацяць адзіны падатак. Прылеглыя да «Сакрэту» гандлёвыя рады Цэнтральнага рынку таксама спрэс пуставалі. У трох месцах прадавалі толькі дзіцячыя цацкі ды зімовыя буркі з галёшамі.

Адкрываючы супольны сход дробных бізнэсоўцаў, старшыня рады прадпрымальнікаў ГЦ «Сакрэт» Натальля Дасько заявіла:

«Паўтара года індывідуальныя прадпрымальнікі, рады рынкаў, грамадзкага аб’яднаньня „Пэрспэктыва“ зьвярталіся да кіраўніцтва краіны з просьбай знайсьці рашэньне дзеля таго, каб індывідуальны прадпрымальнік як платнік адзінага падатку мог працаваць у тым жа рэжыме, што й працаваў. Аднак за гэты пэрыяд кіраўніцтва нас так і не пачула. Ніякіх альтэрнатыўных прапаноў з боку кіраўніцтва не паступіла».

Індывідуальныя прадпрымальнікі лічаць, што кіраўніцтва краіны, увёўшы ўказ № 222 у дзеяньне без аніякіх паправак і зьменаў, дапусьціла вялікую памылку. На вуліцу толькі на Гомельшчыне выкінуты каля 28 тысяч дробных прадпрымальнікаў.

«Сёньня мы сабраліся з сумнай прычыны — у нас няма працы. Няма працы ў нас, нашых дзяцей, сяброў. Калі раней яшчэ крыху зараблялі, то цяпер з гэткай сыстэмай, з такімі мізэрнымі даходамі народу мы фактычна нічога ня маем. І ўжо заўтра нам давядзецца ісьці хоць куды, каб прасіць на кавалак хлеба», — дзеліцца сваімі адчуваньнямі немаладая прадпрымальніца з Прывакзальнага рынку.

Апусьцелыя ралеты ў ГЦ Сакрэт.JPG

Апусьцелыя ралеты ў ГЦ Сакрэт.JPG

Сьвятлана Калачова па прафэсіі інжынэр-чыгуначнік. Два дзесяцігодзьдзі займаецца прадпрымальніцтвам. Апошнім часам да яе далучылася й дачка. Калачова лічыць несправядлівым, што дзяржава «павесіла» на прадпрымальнікаў абавязак здабываць у той жа Расеі сэртыфікаты якасьці і таварна-транспартныя дакумэнты, якія б адпавядалі патрабаваньням Мытнага саюзу. Ня ўрад гэта вырашае, а прадпрымальнікі:

«Нам ня трэба рызыкаваць сваёй галавою і сваім таварам. Мы хочам жыць і працаваць сумленна. (Аплядысмэнты). Мы прывезьлі тавар, прадалі, заплацілі падатак. Для інфармацыі. Людзі, мы плацім 5–6 мільёнаў адзінага падатку ў месяц. Толькі падатку! Расейцы плацяць адзіны падатак ад памеру гандлёвай плошчы. За такую, як у мяне — на 25 квадратных мэтраў, з такім жа, як у мяне, таварам — расейцы плацяць 50 даляраў. Я плачу 300 даляраў у эквіваленце. Ва Ўкраіне — 8 даляраў».

Прамаўляе Натальля Дасько

Прамаўляе Натальля Дасько

На сходзе выступоўцы патрабавалі ад уладаў забясьпечыць ім канстытуцыйнае права на працу, калі іх ужо сталі выціскаць з рынкаў і гандлёвых цэнтраў, абы дагадзіць буйному бізнэсу. Прынамсі, пра гэта заяўляла прадстаўніца Прудкоўскага рынку:

«Я хачу зьвярнуцца да ўраду і папрасіць забясьпечыць нам права на працу — дайце нам яго альбо пакіньце нам яго. Мы знайшлі сябе, мы запатрабаваныя. У мяне шмат сваіх сталых пакупнікоў, якіх таксама мне нельга падводзіць. Я выбрала сваю дарогу й хачу ёю ісьці далей як грамадзянка сваёй рэспублікі. Я не хачу зьяжджаць ані ў Расею, ані ва Ўкраіну. Я хачу жыць дома».

Надзвычай эмацыйна на стыхійным сходзе выступіла прадпрымальніца са стажам з Прывакзальнага рынку спадарыня Тацяна.

Тацяна Данец

Тацяна Данец

«Усе сродкі ў прадпрымальнікаў укладзеныя ў тавар, які цяпер забараняюць рэалізоўваць без сэртыфікатаў. Дзяржава іх канфіскуе, а пасьля сама прадае без сэртыфікатаў утрая даражэй. А прадпрымальнікі іншую адзінку тавару прадаюць са стратамі для сябе.

Я распрадаю тавар таму, што хачу хоць неяк выручыць укладзеныя ў яго грошыкі. Цяпер і пакупнікам нашым асабліва няма за што жыць. Дзетка просіць: „Саступі мне на трусьняку пяць рублёў“ (пяць тысяч, вядома). Я, канечне саступаю. І маю з тых трусоў тры рублі (тысячы) выручкі. Гэта маё жыцьцё, гэта мае рэшткі. І яшчэ я хачу сказаць. Нашы гомельскія ўлады заяўляюць — я асабіста чула, што 80 адсоткаў прадпрымальнікаў атрымалі сэртыфікаты якасьці. Падыміце рукі, хто атрымаў? 80 адсоткаў нібыта атрымалі сэртыфікаты — гэта аблвыканкам падаваў такія зьвесткі. Але ж ніхто, па сутнасьці, запатрабаваных дакумэнтаў не зрабіў. Я абышла сваіх дзяўчат — і ўсе складваюць лапкі. А ў Маскве апошні раз, калі я пыталася пра суправаджальныя дакумэнты да тавараў, мяне паслалі: „Ідзі, цётка, калі ты такая разумная“. І шыльдачку павесілі: „Тупых беларусаў не абслугоўваем“. Дык мы, выходзіць, у суседняй краіне — таксама нікчэмныя?»

А так выглядаў 5 студзеня гомельскі Цэнтральны рынак

А так выглядаў 5 студзеня гомельскі Цэнтральны рынак

Беларускія ўлады не адрэагавалі на прапановы прадпрымальнікаў наконт працягу мараторыю на ўвядзеньне ўказу № 222. І дробныя бізнэсоўцы, якія ў свой час выцягнулі сытуацыю, калі айчынная лёгкая прамысловасьць ня ў стане была адзець і абуць сваіх грамадзянаў, апынуліся на ўзбочыне.

Пра гэта кажа прадпрымальніца Галіна, у якой муж пасьля інсульту ня ў стане дапамагчы сям’і ў цяжкай эканамічнай сытуацыі:

«Ня ведаем, што рабіць. Усе ў вялікай паніцы. Ёсьць у мяне некаторы тавар нібыта й з дакумэнтамі, ён у ралеце. Рэшткі без дакумэнтаў завезла дадому. Але ўсё адно баюся выходзіць на працу, бо шалёныя штрафы. Дзе я вазьму 42 мільёны? Надзвычай страшна. Хочам, каб нас усё-ткі пачулі, разабраліся ў сытуацыі. Найперш трэба штосьці вырашаць, каб мы працавалі. Такая грамада застаецца бяз працы — гэта проста страшна, проста страшна».

Сёньняшні стыхійны сход многія прадпрымальнікі лічаць першым крокам на шляху пратэстаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG