Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ўлады нас ня чуюць і ня бачаць, мы пойдзем да іх самі», — віцебскія прадпрымальнікі


Удзельнікі сходу прадпрымальнікаў

Удзельнікі сходу прадпрымальнікаў

Віцебскія прадпрымальнікі падчас сходу ў гандлёвым цэнтры «Эвіком» прынялі рашэньне пайсьці заўтра ў аблвыканкам, каб данесьці да кіраўніцтва вобласьці сваю пазыцыю — чаму з 1 студзеня яны спынілі працу.

У аблвыканкам накіруецца дэлегацыя з прадстаўнікоў 5–6 кірмашоў абласнога цэнтру, паведаміла кіраўніца аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч. Прадпрымальнікі хацелі б сустрэцца з кіраўніцтвам вобласьці непасрэдна. Але нават у тым выпадку, калі іх ня пусьцяць у высокія кабінэты, яны перададуць чыноўнікам рашэньне сёньняшняга сходу. І 500 подпісаў пад ім — ад імя тых, хто мусіў спыніць працу, бо ня можа выканаць патрабаваньні ўказу № 222.

Выступае Ірына Яскевіч

Выступае Ірына Яскевіч

Апрача звароту да чыноўнікаў, удзельнікі сходу прапанавалі яшчэ шэраг захадаў, скіраваных на тое, каб іхны пратэст заўважылі. Адна зь першых прапановаў — пайсьці ў падатковыя інспэкцыі па месцы рэгістрацыі і запатрабаваць тлумачэньняў: чаму, паводле афіцыйнай інфармацыі з падатковых органаў, нібыта 90% прадпрымальнікаў ужо гатовыя працаваць ва ўмовах дзеяньня ўказу № 222 — а на працу не выходзяць толькі таму, што ў іх «калядныя вакацыі»? Прадпрымальнікі кажуць, што раз ім не даюць працаваць, то яны гатовыя стварыць цяжкасьці ў працы падаткоўцаў. Маўляў, няхай даюць пісьмовыя адказы, адкуль у афіцыйных паведамленьнях зьяўляюцца непраўдзівыя лічбы.

Яшчэ адна прапанова — масава патрабаваць сэртыфікатаў на тавары, якімі гандлююць сеткі «Эўраопту» або «Кароны». Кірмашовыя гандляры ўпэўненыя, што іхныя тавары нічым ня горшыя за тое, што можна набыць у краме. Аднак адмысловых дакумэнтаў патрабуюць толькі ў іх.

Пусты «Эвіком»

Пусты «Эвіком»

На сходзе была выказана прапанова, каб зьвярнуцца ня толькі ў аблвыканкам, а папрасіць таксама сустрэчаў з чыноўнікамі раённых адміністрацыяў. Дамагчыся ад іх адказаў на пытаньне, якія захады робіць улада, каб выправіць сытуацыю, аднолькава нявыгадную і для гандляроў, і для пакупнікоў, якія страцілі магчымасьць выбраць тавар ня ў краме, а там, дзе ён таньнейшы.

Урэшце, прадпрымальнікі прапанавалі зладзіць масавы паход у цэнтар занятасьці. Каб даведацца, як будуць працаўладкаваныя сотні людзей, якія вымушаныя кінуць прадпрымальніцкі занятак. Чым яны змогуць карміць свае сем’і?

Прадпрымальніцкая дзейнасьць без сэртыфікацыйных дакумэнтаў можа скончыцца канфіскацыяй тавару або вялізным штрафам. Таму такія прапановы зьяўляюцца ад адчаю, кажа прадпрымальніца Ірына Яскевіч:

Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч

«Сёньня немагчыма нават уявіць, што гэта за памер штрафаў — па 100, па 200, па 500 мільёнаў! Хто і калі з нас бачыў такія грошы, трымаў іх у руках? Грошай цяпер няма ні ў прадпрымальнікаў, ні ў пакупнікоў, бо прадпрыемствы вымагаюць датацыяў, калгасы вымагаюць датацыяў. А што рабіць людзям, у якіх дзеці? Застаецца пайсьці ды скрасьці нешта — ці ў дзяржавы, ці ў суседа па лецішчы... Сытуацыя насамрэч страшная. Я нават дзіўлюся, што наша прадпрымальнікі яшчэ здольныя ўсьміхацца адно аднаму, што кажуць адно аднаму „прывітаньне“... І першыя прыкметы дэпрэсіі ўжо ёсьць: людзі гатовыя ўзрадавацца добраму слову, любой кроплі ўвагі, хоць паўнамёку на тое, што іх праблемы заўважылі. І наша задача — зрабіць так, каб нас сапраўды заўважылі».

Улёткі, разьвешаныя ў гандлёвым цэнтры «Эвіком»

Улёткі, разьвешаныя ў гандлёвым цэнтры «Эвіком»

Наступны раз прадпрымальнікі вырашылі сабрацца 12 студзеня. Яны хочуць абмеркаваць вынікі паходу ў аблвыканкам, бо пакуль што чыноўнікі аніяк не адрэагавалі на спыненьне працы кірмашоў. Хоць яшчэ напрыканцы сьнежня ў аддзел гандлю гарвыканкаму быў дасланы ліст-папярэджаньне. Таксама людзі хочуць абмеркаваць магчымасьць удзелу ў маршы пратэсту, заяўка на які ўжо пададзена ў Менску.

Такія ж улёткі прадпрымальнікі распаўсюдзяць па горадзе

Такія ж улёткі прадпрымальнікі распаўсюдзяць па горадзе

А бліжэйшымі днямі прадпрымальнікі вырашылі распаўсюдзіць па горадзе адмыслова падрыхтаваныя ўлёткі. Каб пакупнікі ведалі, што ў гандляроў на кірмашах не «калядныя вакацыі», а вялікія праблемы з працай, якія не на карысьць ні ім самім, ні дзяржаўнаму бюджэту, куды прадпрымальнікі сплочвалі, можа, не такія вялікія, але ўсё ж грошы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG