Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Google-перакладчык назваў Расейскую Фэдэрацыю «Мордарам»


Прозьвішча міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова Google перакладае як «грустная лошадка».

Онлайн-перакладчык Google Translate перакладае з украінскай на расейскую мову словазлучэньне «Расейская Фэдэрацыя» (Російська Федерація) як «Мордор». Гэта — выдуманы брытанскім пісьменьнікам Джонам Толкінам горад у рамане-эпапэі «Уладар пярсьцёнкаў». Паводле зьместу кнігі, Мордар («чорная краіна») быў увасабленьнем зла.

Прозьвішча міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова Google перакладае як «грустная лошадка». Па паведамленьнях украінскіх СМІ, сэрвіс таксама дае пераклад з украінскай на расейскую мову слова «росіяни» («расейцы») як «оккупанты». Аднак гэтыя паведамленьні не пацьвярджаюцца.

Гэта далёка ня першыя «памылкі» падобнага роду. Улетку 2015 году ўкраінскае словазлучэньне «революція гідності» («рэвалюцыя годнасьці») перакладалася на расейскую мову як «политический кризис на Украине». Украінскія СМІ назвалі гэта перакладам у «духу прапаганды Крамля».

Да гэтага, у 2010 годзе пры перакладзе фраз «USA is to blame, Russia is to blame, Obama is to blame, Medvedev is to blame» у акне перакладчыка Google зьяўлялася «ЗША не вінаватыя, Расея вінаватая, Абама не вінаваты, Мядзьведзеў вінаваты». Годам раней сэрвіс замяняў прозьвішча Януковіча на Юшчанку пры перакладзе з расейскай мовы на кітайскую. У кампаніі тады гэта патлумачылі тэхнічнай памылкай, якая ня мае ніякай палітычнай падаплёкі.

У самой карпарацыі Google у аўторак заявілі, што падобныя памылкі адбываюцца з-за спэцыфікі аўтаматычнага перакладу: Google Translate аналізуе сотні мільёнаў дакумэнтаў і старонак у інтэрнэце і выдае ў выглядзе перакладу тое слова, якое часьцей за ўсё сустракаецца ў сеціве. У кампаніі адзначылі, што ў некаторых выпадках з-за гэтага адбываюцца памылкі, паколькі значэньне таго або іншага слова залежыць ад кантэксту, у якім яно выкарыстоўваецца, і дадалі, што такія недакладнасьці ў Google імкнуцца «выправіць як мага хутчэй».

XS
SM
MD
LG