Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада можа пайсьці насустрач прадпрымальнікам, але ня хоча», — голас народу


У Беларусі апусьцелі рэчавыя рынкі: прадпрымальнікі не змаглі дамовіцца з уладамі і масава згортваюць гандаль. Як да гэтага ставяцца пакупнікі і самі прадпрымальнікі? Карэспандэнтка Радыё Свабода пагутарыла з народам каля сталічнага гандлёвага цэнтру «Атлянтык», бальшыня гандлёвых павільёнаў якога пазакрываліся.

— Нядобра гэта. Не хапае тавараў. Павялічыцца колькасьць беспрацоўных. Мабыць, чыноўнікі нешта не дадумалі.

— Вельмі дрэнна гэта. На рынках нічога не купіць. Зараз да Раства трэба набываць падарункі. Усё зачынена, мне гэта не падабаецца.

— А на рынках усё таньнейшае было, чым у крамах?

— Канечне! Істотна таньнейшае, чым у крамах.

— Я лічу, што гэта вельмі дрэнна, таму што прадпрымальнікі мелі працу, людзі плацілі падаткі. А зараз — ні дзяржаве падаткаў, ні людзям тавараў.

— На рынках, у гандлёвых цэнтрах выбар быў большы, чым ва ўнівэрмагах. Да прыкладу, прыйдзеш паглядзець нейкую сукенку — навешана ўсяго, руку не прасунуць, а рэчы «адстойныя» як моладзь кажа. Ходзіш, заціснуўшы 2 мільёны ў руках, а купіць няма чаго. А тут можна нешта прыстойнае знайсьці. Канечне, шкада, што зачыняюцца нашы рынкі. Да таго ж прадпрымальнікі страцілі працу. Яны ж самі езьдзілі па тавар. А цяпер нам прапануюць: едзьце ў Расею, на «Чэркізон», купляйце там.

— Вельмі дрэнна, што рынкі закрываюцца. Мне падаецца, павінен быць выбар у людзей.

— Апусьцелі гандлёвыя рады на рынках, не дамовіліся прадпрымальнікі з уладамі. Прадпрымальнікі страцілі працу. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Трэба дамаўляцца з уладамі, шукаць кампраміс. Трэба як мага хутчэй дамаўляцца.

— У некаторых прадпрымальнікаў нармальныя кошты, а ў некаторых — накручаныя ў два-тры разы. Вось такая ж куртка, як у мяне, у «Паркінгу» будзе каштаваць у два разы даражэй.

— Колькі можна дамаўляцца? Ужо быццам бы пра ўсё дамовіліся, зьнялі пытаньні з арэндай, А цяпер вось з сэртыфікацыяй. Быццам бы таксама спачатку ўрэгулявалі, аказваецца — не.

— Дакумэнты не зрабілі, дык вось іх і закрылі. У гэтым ёсьць і станоўчае, і адмоўнае. Можа, ня будзе самага няякаснага тавару, таму што ёсьць на рынках такі тавар, на які брыдка глядзець, ня тое што ўявіць у сваім гардэробе. Хацелася б, каб на дзіцячыя тавары былі сэртыфікаты гігіенічныя.

— Мне іх вельмі шкада. Яны стаяць на марозе, у непагоду — бедныя цётачкі! Апошнім часам мала што і куплялі ў іх, таму што ў народу грошай няма. Але было крыху лягчэй — і ім, бо ў іх праца была, і нам — маглі нешта таньней купіць. Таму што тыя ж штаны на рынку былі ў паўтара-два разы таньнейшыя, чым ва ўнівэрмагу. Так што вельмі дрэнна, што рынкі апусьцелі.

— Шкада, што прадпрымальнікі вымушаныя закрываць свае кропкі. Бо былі ў іх добрыя крамы, якія цяпер немагчыма знайсьці.

— Як вы думаеце, можа ўлада неяк пайсьці насустрач прадпрымальнікам, дамовіцца, пашукаць кампраміс?

— Канечне, улада можа пайсьці насустрач прадпрымальнікам, але ня хоча. Можа, але ня хоча.

— Я думала, што на двары мароз і таму рынкі не працуюць. Наагул усе зачыніліся? Як жах, што робіцца!

— Неяк занадта рэзка быў зьдзейсьнены гэты крок. Таму што не вырашаецца праблема ў прынцыпе. Вось я сама прадпрымальнік, працую з тканінамі. У Расеі многія тэкстыльныя фірмы даюць паперу, у якой напісана, што сэртыфікат не патрэбны, калі фабрыка выпускае пэўны сэртыфікат. А цяпер праблема, што трэба кожную тканіну сэртыфікаваць, адрэзаць кавалак, здаць кудысьці. Гэта такія стварае цяжкасьці! Калі ўжо з Расеяй мы браты, то трэба дамаўляцца, каб іхнія сэртыфікаты былі дзейныя і на нашай тэрыторыі. Тут трэба вырашаць дыфэрэнцыявана: калі гэта тавар дзіцячага асартымэнту, то патрэбны сэртыфікат. А калі тканіна дэкаратыўная, якая да цела не прылягае — не абавязковы сэртыфікат.

— Дрэнна, што людзі страцілі працу. Жыць жа трэба за штосьці!

— Канечне, вельмі дрэнна, што не даюць разьвівацца прадпрымальніцтву. Трэба ісьці хаця б па шляху Польшчы. Там усё без праблем. А ў нас выйшаў новы закон, які перашкаджае — што ў прадпрымальнікаў павінны быць адпаведныя дакумэнты. Гэта ж трэба было неяк вырашаць на ўзроўні ўраду, а не рабіць зьнянацку.

— Я лічу, што трэба гэтае пытаньне перагледзець. Таму што пакутуюць малазабясьпечаныя слаі насельніцтва. Можна было штосьці таньнейшае знайсьці, штосьці лепшае. Гэта перабор.

XS
SM
MD
LG