Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У штаце Арэгон актывісты адмаўляюцца падпарадкавацца ўладам


У амэрыканскім штаце Арэгон каля сотні ўзброеных актывістаў адмаўляюцца вызваліць будынак адміністрацыі ў нацыянальным запаведніку Малхер, якое яны ўтрымліваюць чацьвёрты дзень.

Як паведамляе France Presse, прысуджаныя да турэмнага тэрміну за падпал двое мясцовых жыхароў Дуайтэ Хамондэ і ягоны сын Стывэн, у падтрымку якіх выступаюць актывісты, у панядзелак падпарадкаваліся патрабаваньням ўладаў вярнуцца ў турму для адбыцьця пакараньня і дыстанцыяваліся ад пратэстоўцаў.

Актывісты таксама выступаюць за вяртаньне земляў, на якіх знаходзіцца гэты прыродаахоўны аб’ект, мясцовым фэрмэрам. Лідэрам пратэстуючых зьяўляецца 40-гадовы мясцовы жыхар Амон Бандзі. Паводле яго слоў, улады перасьледуюць сям’ю Хамонд з-за таго, што яны адмаўляюцца прадаць свае зямлі.

Пратэстоўцы заяўляюць, што гатовыя ўжыць зброю, калі іх паспрабуюць выгнаць сілай. Паліцыя абвінаваціла актывістаў у намеры зрынуць мясцовыя і фэдэральныя ўлады. ФБР сумесна зь мясцовымі праваахоўнымі органамі спрабуе ўрэгуляваць сытуацыю мірным шляхам.

73-гадовы Дуайтэ Хамонд і ягоны 46-гадовы сын былі асуджаныя за падпал дзяржаўнага лесу. Такім чынам яны спрабавалі спыніць лясны пажар, які пагражаў іх маёмасьці. Фэрмэры ўжо адбылі турэмныя тэрміны — бацька адседзеў тры месяцы, сын адзін год. Аднак суд пастанавіў, што прысуд быў недастаткова суровы і прысудзіў іх да чатырох гадоў дадаткова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG