Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная паэтка зь Беларусі — у праекце «Слово о Новороссии»


Алена Міхаленка

Алена Міхаленка

Вершы менскай паэткі і рэдактаркі праваслаўнай газэты «Воскресение» Алены Міхаленкі ўвайшлі ў маскоўскі зборнік «Слово о Новороссии».

Алена Міхаленка — сябра праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Яна адзіная зь беларусаў удзельнічае ў літаратурным зборніку «Слово о Новороссии», які прапагандуе раскол Украіны і падтрымлівае прарасейскіх сэпаратыстаў Данбасу.

У інтэрвію Свабодзе Алена Міхаленка расказала, чаму яна далучылася да гэтага праекту.

— Алена Ёсіфаўна, як вы трапілі ў праект «Слово о Новороссии»?

— У Фэйсбуку ёсьць група з такой жа назвай, дзе можна апублікаваць вершы ў падтрымку людзей, якія пакутуюць на Данбасе. Вершы там вельмі розныя — добрыя, кепскія, прафэсійныя, непрафэсійныя. Са зьместам некаторых зь іх я згодная, са зьместам іншых — не. У мяне ёсьць некалькі вершаў на тэму вайны на Данбасе. Я іх даслала ў групу, вершы спадабаліся людзям. У выніку мае творы трапілі ў друкаваны зборнік «Слово о Новороссии». Увогуле ў яго ўключаныя некалькі вельмі моцных паэтаў, якія жывуць і ў Расеі, і ва Ўкраіне, і на Данбасе, і ў далёкім замежжы.

— Пра што вашыя вершы?

Мне шкада не маскоўскіх ці ўкраінскіх палітыкаў, а таго, што зрабілі з гэтай зямлёй, і таго, што людзі робяць адзін з адным.

— У маіх вершах — боль, што людзі забіваюць адзін аднаго. Я за тое, каб усё гэта спынілася. І я лічу, што найбольш пакутуюць жыхары Данбасу. Мне шкада не маскоўскіх ці ўкраінскіх палітыкаў, а таго, што зрабілі з гэтай зямлёй, і таго, што людзі робяць адзін з адным. Праўда, калі я пабачыла, што ў групе публікуюць шмат вершаў «на крайніх пазыцыях», у якіх бачна нянавісьць, я трохі ад гэтага праекту адышла ўбок.

— У прадмове да зборніка гучаць такія выразы, як «хунта», «украінскія карнікі». Вы гэта маеце на ўвазе пад словамі «на крайніх пазыцыях»?

— Я магу сказаць, што да перавароту ва Ўкраіне я стаўлюся кепска. Я лічу, што тыя, хто там пры ўладзе, атрымалі гэтую ўладу нелегітымна. Можна па-рознаму ставіцца да расейскай улады, але ва Ўкраіне ўлада памянялася шляхам перавароту. Я лічу, што калі ў краіне адбыўся пераварот, то нейкая частка грамадзтва мае права быць нязгодная жыць пры ўладзе, якая прыйшла нелегітымна. І, напэўна, ня трэба такіх нязгодных людзей забіваць за гэта. Прыклад: паэт Юры Юрчанка, які ёсьць адным з аўтараў зборніка. Гэта пажылы чалавек, які ваяваў на Данбасе, быў захоплены ў палон і якога некалькі месяцаў катавалі і калечылі ўкраінскія спэцслужбы. Зразумела, пра што ён піша вершы.

Разумееце, мы глядзім збоку, у нас ёсьць свае эмоцыі і палітычныя погляды, а там людзі, якія сваімі рукамі хавалі сваіх блізкіх.

Ёсьць паэты, якія пахавалі сваіх сяброў, што загінулі на Данбасе. Разумееце, мы глядзім збоку, у нас ёсьць свае эмоцыі і палітычныя погляды, а там людзі, якія сваімі рукамі хавалі сваіх блізкіх. Я разумею, што іх эмоцыі могуць зашкальваць.

— Але ж забітыя ёсьць і з украінскага боку?

— Вядома, ёсьць. Гэта вельмі складана. І кожны з бакоў лічыць, што праўда на яго баку. Жыхары Данбаса лічаць, што гэта іх зямля і яны яе бароняць. Украінцы лічаць, што яны бароняць цэласнасьць сваёй краіны. Аргумэнты ёсьць у абодвух бакоў. Але, на мой погляд, калі б хоць бы выконвалі менскія дамоўленасьці — адвялі войскі, далі нейкую аўтаномію і перасталі забіваць — можна было б хаця б гаварыць пра мір. Але ж яны працягваюць забіваць, з абодвух бакоў.

— Вас не бянтэжыць тое, што Наваросія, якая ёсьць у назьве зборніка і ўсяго праекту, не адбылася ў тым аб’ёме, у якім плянавалася? Да таго ж на афіцыйным узроўні пазыцыя Беларусі — за цэласнасьць Украіны.

— У палітычным сэнсе Наваросіі як дзяржавы няма. Але ў палітычным пляне Эўропа прызнала, што Косава — ня частка Сэрбіі, але ёсьць людзі, якія лічаць, што Косава — гэта самая важная сэрбская сьвятыня. Наваросія — гэта гістарычная назва, гэтая тэрыторыя так называлася яшчэ пры Кацярыне ІІ. А цяпер гэтая тэрыторыя ў страшным стане, яна змардаваная вайной — разбураныя будынкі, зруйнаваныя цэрквы.

— Якая мэта вашага ўдзелу ў гэтым зборніку?

Выдаўцы ставілі за мэту выданьне і продаж зборніка — а пасьля перадачу атрыманых ад продажу сродкаў жыхарам Данецку.

— Увогуле выдаўцы ставілі за мэту выданьне і продаж зборніка — а пасьля перадачу атрыманых ад продажу сродкаў жыхарам Данецку. Я лічу, што іх трэба падтрымліваць, і калі мае вершы, увайшоўшы ў кнігу, унясуць сваю лепту, то гэта будзе добра. У нас таксама праваслаўныя валянтэры зьбіраюць сродкі і адвозяць іх дзецям і хворым людзям на Данбасе. Я таксама нешта перадала, бо ведаю, што гэта пойдзе на дапамогу людзям, якія пакутуюць.

— А вы ведаеце, што ў Беларусі ёсьць валянтэры, якія таксама зьбіраюць сродкі і дапамагаюць украінскаму боку?

— Няхай зьбіраюць. Адзінае, што я б ня стала зьбіраць грошы на армію. А на дапамогу параненым, тым, хто пакутуе, хто бяз дому застаўся, — няхай зьбіраюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG