Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фарны касьцёл у самым цэнтры Гародні сваёю цнатліва-велічнаю красою заўсёды вабіць вока. Гісторыкі паправяць: правільна ня Фарны, а Касьцёл Сьвятога Францыска Ксавэрыя. Але паслухаем паэтаў.

Пройдземся па Гародні, зазірнуўшы спачатку ў не такі ўжо і даўні час — у вясну 1965 году, сьледам за Данутай Бічэль і яе менскім госьцем Уладзімерам Караткевічам. Блукаюць яны па самых знакавых мясьцінах, ды ня толькі ў прасторы гарадзенскай, але і ў часе: у даўніне Баторыя, Аўгуста Трэцяга, бліжэйшай эпосе Тарашкевіча, Дварчаніна, Пестрака, даходзяць да Фарнага касьцёла, дзе гаспадыня-гарадзенка кажа мо самы лепшы камплімэнт, які паэту пры жыцьці чуць даводзілася:

У Фарным касьцёле апосталы

пяты век выступаюць на сходзе.

Каторы з раскрытай кнігай,

да цябе падобны, Валодзя.

Чым падобны? Зьнешне? Столькі разоў углядалася. Наўрад ці. Кніжнік! Бясспрэчна. І між апосталамі яму месца. Апосталамі беларускага Адраджэньня. Ды й неаднойчы ўсьлед за Хрыстом у Гародні прызямляўся.

Але гэта лірычнае дзейства ўсё ж у мінулым. У параўнальна нядаўнім вершы Дануты Бічэль «Анёлы Гародні» лірычная гераіня, на першы погляд, звычайная назіральніца, што знаходзіцца па-за тлумным жыцьцём места, па-за штодзённымі клопатамі:

Сяджу перад Фарным касьцёлам

На лаўцы.

Гародня віруе наўкола

На пляцы.

Адасобленасьць, засяроджанасьць на іншым, зусім ня тым, што проста, безь відавочнае мэты, віруе тут, вядзе да заглыбленасьці ў праблемы вечныя: часу, чалавека ў ім, зямнога і нябеснага, якое тут, у гэтым незвычайным месцы незвычайнага места, праступае на кожным кроку:

Стараецца час незваротны.

Яму не належаць

Анёлы спрадвечнай Гародні

На вежах.

Паэтка таксама не належыць часу. Яна ня толькі высока лунае ў сваіх мроях. Душа творчай асобы ўбірае ў сябе ўвесь разнастайны бязьмежны сьвет. Далёкі і блізкі. Яна здольная бачыць тое, што вакол, і суперажываць кожнай жывой істоце, пакінутай, няшчаснай. Лірычная гераіня далучаная да тых, што кінутыя на самае дно жыцьця, да пакрыўджаных і абражаных. І ў гэтым праява вышэйшае, хрысьціянскае любові — бачыць у кожным родную душу:

І выгнаны з дому сабачка

І люд гэты просты...

І я, і пад Крыжам жабрачка —

Мы сёстры...

Але гэтае самапрыніжэньне ня ёсьць прыніжэньнем свае чалавечае, мастакоўскае вартасьці. Наадварот. Бо сказана: «Апошнія будуць першымі». І разуменьне гэтага жыве ў ёй, як жыве і адчуваньне творцам свае далучанасьці да высокага, боскага:

Але прыбядняцца чаго там!

Мая гэта лаўка.

Зьвініць ва мне боская нота

І ласка.

Жывое чалавечае пачуцьцё пульсуе ў «фарным» трыялеце Юркі Голуба «Спатканьне». Лірычнае дзеяньне таксама па-за асабістым аўтара. Ён — глядач, але ня просты назіральнік, а мудры суцяшальнік, які імкнецца спалучыць высокае і звычайнае:

Гадзіньнік на Фарным касьцёле

Ня лічыць спазьненьне за грэх.

І хоча чаканьне сагрэць

Гадзіньнік на Фарным касьцёле.

Тут заўважная ледзьве ўлоўная ўсьмешка аўтара, бо ведае ён: нішто не зьмяняецца ў гэтым сьвеце. Заўсёды нехта некага чакае, а нехта заўсёды спазьняецца на спатканьне. Але ўсё гэта толькі імгненьні жыцьця, кароткага, як час красаваньня-гарэньня восеньскага лісьця. Толькі марная марнасьць. А Фара, гадзіньнік на ёй у параўнаньні з жыцьцём чалавечым, тым болей з каханьнем-чаканьнем, вечныя:

Сьпяшаецца восень згарэць,

Шпурляючы лісьце пад колы.

Гадзіньнік на Фарным касьцёле

Ня лічыць спазьненьне за грэх.

Гучыць у маёй памяці яшчэ адзін паэтычны матыў, зьвязаны з Фарным касьцёлам. Майскі надвячорак. 1994 год. Гуляючы з паэтам Едрусем Мазько па вуліцы Ажэшкі, даходзім да цэнтральнага пляцу. Да таго, які застаўся толькі ў памяці гарадзенцаў. Праходзім першы сквэр, і нам адкрываецца белая Фара. Як заўсёды ў тыя часы, калі была ў засені дрэваў, велічна і нечакана. Едрусь цытуе нейкі верш, які ніколі не чула. Запомніўся толькі матыў: Фара белаю птушкай выплывае з-за дрэваў...

Чый гэта верш?

Пацюпы...

Усё зьбіралася спытаць у Юрася Пацюпы, што гэта за верш і ці быў надрукаваны. І ўсё забывалася. Аж пакуль усе мы не разьляцеліся з вуліцы Пралетарскай, дзе жылі ва ўнівэрсытэцкім інтэрнаце, у розных напрамках. А Юрась найдалей — у Менск. Пры сустрэчы згадала той верш, запытала. «Няма ў мяне такога верша!» — адказ быў упэўнена-катэгарычным.

Колькі выплывала перад маімі вачыма Фара, столькі выплываў і той матыў. Усё зьбіралася спытаць у Едруся, дык што ж гэта за верш і чый. І ўсё забывалася пры не такіх ужо і частых постпралетарскіх сустрэчах. Так і не спытала.

Звычайны вечар, звычайная размова. А не забудзецца ніколі, бо колькі буду бачыць Фару (хай яна ўжо, аголеная з усіх бакоў, і ніадкуль ня выплывае), мне гучаць тыя няпэўныя радкі, якія чытае Едрусь. А мо гэта быў ягоны верш?

Едрусь Мазько ня быў гарадзенцам па нараджэньні. Як і большасьць з гарадзенскіх паэтаў. Але гэты горад стаў для яго местам вялікага каханьня, местам, куды заўсёды вяртаўся як да сябе. А вяртаючыся, як жа Фару абмінуць? Зроку лірычнага героя адкрываецца незвычайная, тая вечная варта, што пільнуе спакой Фары, спакой места і ягоных жыхароў:

Сьвяты анёл са шпілю пекнай

Фары Штоночы шпацыруе па Гародні.

І я патрапіў на яго сягоньня,

Калі вяртаўся да цябе з вакзала.

Творцу дадзена бачыць, «камунікаваць» з сіламі іншасьвету, паразумецца моўчкі, бяз словаў. Той незвычайны начны прамэнад ёсьць і самамэтай, бо што можа быць лепшае, больш прыемнае за вандроўкі па ўлюбёным горадзе? І пошукам скарбаў, якія паўсюль захаваныя ў каралеўскім горадзе:

І скрозь сьвятло нэонавых рэклямаў

Мы моўчкі зь ім па вуліцах блукалі

І тое, што ня страцілі, шукалі

На польскім бруку, у вітрынах крамаў.

Прыцягальнае месца для паэтаў — гэтая белая Фара.

І для празаікаў таксама. У рамане Аляксея Карпюка «Карані» ягоны герой дзядзька Лаўрэн Маркевіч, цікаўны, дапытлівы, зразумела ж, не праходзіць паўз Фарны касьцёл. Паведамляе чытачам пра колькасьць трубаў у аргане. Было б недарэчна, каб у вусны не вельмі адукаванага селяніна была ўкладзена дакладная лічба. Пэўна, ён ня мог яе ведаць. Аляксей Карпюк ужывае прыём аўтарскага ўдакладненьня, тактоўна папраўляючы свайго героя ў зносцы: «Дзядзька Лаўрэн памыляецца. Арган у фарным касьцёле (фірмы Вацлаў Бярнацкі, Вільня) мае 30 рэгістраў і аж 2184 трубы і трубачкі». Але важна тут іншае — страчаная традыцыя вайсковых сьпеваў, якую аднаўляе ў сваёй згадцы герой. Лаўрэн прыпамінае, як звонка, шматгалоса гучала песьня, калі па горадзе маршыраваў іх стралковы полк. А было тое ў далёкія трыццатыя гады: «Мэлёдыя на розныя галасы атрымлівалася ў іх магутнай і складнай — бытта на ўсю вуліцу грымелі на свае сто дваццаць трубаў арганы з фарнага касьцёла».

Герой старамесцкіх апавяданьняў Сяргея Астраўца — тыповы інтэлігент, што ўвесь час у пошуку. Тэмаў, матэрыялаў (працуе журналістам), месца для працы (марыць быць пісьменьнікам), урэшце — сябе. Бо заўсёды чымсьці незадаволены, змрочны. Так, падставаў больш, чым трэба. Але выклікае толькі шкадаваньне няздольнасьцю выбраць з горшага лепшае, зь цямнейшага сьвятлейшае. Ня ўмее сябраваць, ня ўмее ўсьміхацца, няздольны быць шчасьлівым. Нават не самотнік. Змрочнік. Ягоныя вандроўкі па месьце Кладна (яшчэ адна літаратурная назва Гародні) часта праходзяць паўз Фару. Герой ня бачыць яе прыгажосьці, не заўважае сьвятла. Але здольны часам узьняць свой зрок у неба, дзе таксама сьвятло не пануе. Як у апавяданьні «Партрэт Ягамосьці»: «Купалы Фары са сьпічакамі шылавата праціналі паўцемру неба». Часам гэта толькі канстатацыя, калі публіцыстычны погляд пераважае над мастакоўскім: «Унікальны алтар. Вежавы гадзіньнік на высознай званіцы. Колькі мне пра гэта апавядаў адзін краязнаўца» («Сэрца места»). Герой заўсёды знойдзе прычыну для незадаволенасьці. Ня тое, што ён ня мае рацыі, але на кожную зьяву можна зірнуць зь іншага боку, на што ён няздольны: «Статуі на фасадзе касьцёла памаляваны блякла-зялёнай фарбай. Гэта ня можа падабацца. Прынамсі, мне яны цяпер не даспадобы. Бо нагадваюць, не, не нябожчыкаў, але кранутыя цьвільлю выстаўленыя на дождж гіпсавыя помнікі эпохі росквіту сталінізму» («Заступнік Губэрт»). Калі б размова ішла не пра мастацкі твор, можна было б казаць пра некарэктнасьць параўнаньня. Што да іншага погляду, то ўжо лёгкая колеравая карэкцыя (бледна-зялёны можна ўспрыняць як далікатна-зялёны, сьвежы) дапаможа зьмяніць успрыманьне. І тады зусім інакшымі паўстануць статуі на фасадзе. Але такі ён — герой Сяргея Астраўца, што малюе сьвет вакол сябе толькі праз шэрае, змрочнае. І сам такім бачыцца.

Вернемся да назвы гораду. Кладна. Аптыміст расчытае — клад. Скарб. Іх безьліч у нашай Гародні. Пэсыміст — клады, могілкі.

У апавяданьні Альжбэты Кеды «Фара» (назва не да гэтае Фары адносіны мае, а да Фары Вітаўта) сустракаем Паэтку, у вобразе якое зразумела каго пазнаем. Моліцца яна ў Фарным касьцёле. Ацаляе сваю душу малітвай: «Яе бачу ў касьцёле — Белым Птаху. Яна падоўгу стаіць перад алтаром Маці Божай Кангрэгацкай, часта сама не разумее, што пераступае мяжу. Тады, калі зь любоўю ўглядаецца ў Прачысты Лік, калі падоўгу разглядае кожную кветачку на алтары. Ня думае, ня ведае, адкуль бяруцца сілы ісьці далей. Сілы, якія амаль пакінулі яе хворыя ногі. Выходзіць з касьцёла абноўленай. Бо той дазвол ступіць за мяжу, каб набрацца моцы, з усяго горада дадзены толькі ёй. Яна яшчэ не ўсё сказала. У яе яшчэ ёсьць Слова. Ёй яшчэ быць тут».

Белы Птах — гэта і ёсьць Фарны касьцёл.

XS
SM
MD
LG