Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украіна прапанавала ААН разгарнуць міратворчую місію на Данбасе


Уладзімер Ельчанка

Уладзімер Ельчанка

Каб вывучыць сытуацыю, ва Ўкраіну запрасілі ацэначную місію Сакратарыяту ААН.

Новы пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Уладзімер Ельчанка заявіў, што адной з формаў удзелу ААН у дээскаляцыі сытуацыі на Данбасе магло б стаць разгортваньне міратворчай апэрацыі, паведамляе ўкраінская місія пры ААН.

«Мы гатовыя абмяркоўваць мандат і іншыя аспэкты такой апэрацыі. З мэтай вывучэньня сытуацыі на месцы запрашаем ва Ўкраіну ацэначную місію Сакратарыяту ААН», — заявіў Ельчанка, заклікаючы ААН актыўней прычыніцца да замірэньня расейскай агрэсіі.

На погляд Ельчанкі, іншым напрамкам супрацы магло б стаць адкрыцьцё ва Ўкраіне офісу ААН па падтрымцы выкананьня Менскіх дамоўленасьцяў. Такі офіс, сярод іншага, мог бы заняцца каардынацыяй праектаў па разьмініраваньні, абапіраючыся на багаты досьвед ААН у гэтай сфэры. Тым часам прадстаўніцтва Ўкраіны ў ААН будзе ўзмоцненае камандай з 15 украінскіх дыпляматаў.

Дыплямат адзначыў, што адным з прыярытэтаў Украіны стане забесьпячэньне няўхільнага выкананьня палажэньняў статуту ААН, перш за ўсё ў частцы павагі да тэрытарыяльнай цэласнасьці і палітычнай незалежнасьці дзяржаваў. Украіна, кажа ён, аддасьць увагу пытаньням міру і бясьпекі ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе, процідзеяньня тэрарызму, абароны цывільных асобаў у збройных канфліктах і нераспаўсюджваньня ядзернай зброі.

Раней Ельчанка казаў у інтэрвію ўкраінскай «Эўрапейскай праўдзе», што такая місія, вядома, нямала б каштавала ўкраінскаму бюджэту. Паводле папярэдніх падлікаў, трэба разгарнуць кантынгент сама менш у 25 тысяч вайскоўцаў, да таго ж на гэтую ідэю, хутчэй за ўсё, наклала б вэта Расея. Але міратворчая місія, лічыць ён, будзе мець эфэктыўнасьць — у адрозьненьне ад цяперашняй місіі АБСЭ, якая можа толькі «хадзіць і запісваць» і «ня здатная і ня мае права прыпыняць нейкія дзеяньні, якія супярэчаць выкананьню менскіх дамоўленасьцяў».

XS
SM
MD
LG