Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнебеларускі раман-хроніка пра тое, як Саветы прыйшлі на Ашмяншчыну


Янка Трацяк і ягоная кніга «Саветы 1939»

Янка Трацяк і ягоная кніга «Саветы 1939»

Кніга «Саветы 1939» падрыхтаваная да друку ў гарадзенскай друкарні, ужо зьявіліся сыгнальныя экзэмпляры. Аўтар заходнебеларускага рамана-хронікі, выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Янка Трацяк кажа, што праз архіўныя дакумэнты, успаміны аднавяскоўцаў, мастацкія вобразы ён паспрабаваў паглядзець на падзеі 1939 году ў Заходняй Беларусі, у прыватнасьці — на Ашмяншчыне, з пункту погляду беларуса.

З аўтарам гутарыў карэспандэнт Свабоды Міхал Карневіч.

Карэспандэнт: «Нягледзячы на актуальнасьць тэмы 1939 году, якая дагэтуль у беларускай літаратуры атаясамліваецца зь белымі плямамі гісторыі, усё ж пачаць размову хацелася б з жанру кнігі — раман-хроніка. Падобны жанр — рэдкасьць у беларускай літаратуры».

Я выкарыстоўваю шмат архіўнага матэрыялу, які пацьвярджае, што гэтыя падзеі — не мая выдумка, а з архіўных дакумэнтаў, і яны адбываліся насамрэч.

Трацяк: «Насамрэч у нашай літаратуры хронікаў няшмат: у Гарэцкага — «Камароўская хроніка», у Мележа — «Палеская хроніка», і больш цяжка ўзгадаць. У маёй кнізе, магчыма, хронікі болей, чым мастацкага твору, паколькі падзеі акрэсьленыя ў часе — 1939-41 год, падаюцца ў храналягічным парадку. Больш за тое, я выкарыстоўваю шмат архіўнага матэрыялу, які пацьвярджае, што гэтыя падзеі — не мая выдумка, а з архіўных дакумэнтаў, і яны адбываліся насамрэч. Акрамя гэтага я падаю ўспаміны людзей, якія жылі ў той час у канкрэтнай мясцовасьці. І каб твор быў прывабным для чытача, я дадаў сюды трохі аўтарскай інтэрпрэтацыі, што характэрна для раману.

Карэспандэнт: «Падзеі 1939 году дагэтуль неяскрава падаюцца гісторыкамі, пра іх практычна не дыскутуюць у СМІ, бракуе актуальных артыкулаў у навуковай літаратуры. У зьвязку з гэтым — ці далёка вам удалося прасунуцца ў разуменьні таго, што адбывалася ў тыя часы ў Заходняй Беларусі?

Трацяк: «У кнізе ёсьць герой, які вядзе нататнік заходняга беларуса. Ён запісвае ўсе падзеі, якія адбываюцца ў іх мясцовасьці і спрабуе асэнсаваць тое, што адбываецца, адкуль гэта ўзялося і што асабіста для яго азначае. Пазьней гэты нататнік трапіць у іншыя рукі, а на ім ужо будзе напісана рэзалюцыя: „Вещьдок, подлежит уничтожению“. Гэта за тое, што аўтар нататніка выказвае сваё стаўленьне да прыходу Саветаў. Хаця, зь іншага боку паўстае пытаньне: калі Саветы прынесьлі свабоду, далі магчымасьць разьвіваць беларусам іх мову і культуру, то навошта зьнішчаць нататнік?

Напачатку прыходу Саветаў над мясцовымі людзьмі чынілі суды за тое, што яны шчыра і сьмела выказваліся супраць таго, што забіраюць зямлю і гаспадарку, крытыкавалі новых гаспадароў.

Ёсьць дакумэнтальныя сьведчаньні таго, што напачатку прыходу Саветаў над мясцовымі людзьмі чынілі суды за тое, што яны шчыра і сьмела выказваліся супраць таго, што забіраюць зямлю і гаспадарку, крытыкавалі новых гаспадароў. Так многія казалі падчас гэтых судоў: калі я вораг народу, то пакажыце мне той народ, якому я вораг. Людзі не разумелі, калі чалавека адсылалі ў Сыбір за тое, што ён быў добрым гаспадаром. Урэшце гэта стала трагедыяй заходняга беларуса, нягледзячы на тое, што вельмі многія віталі савецкую ўладу, сустракалі яе. Але ёсьць багата сьведчаньняў, што ўжо ў 41-м годзе многія казалі: каб адпачатку ведалі, што яны такія, то ня кветкамі іх сустракалі б, а кулямі».

Карэспандэнт: «Значную частку кнігі займаюць архіўныя дакумэнты і сьведчаньні людзей, якія жылі ў той час. Што вас найбольш уразіла з дакумэнтальнага матэрыялу?»

Архіўныя дакумэнты і сьведчаньні людзей ушчэнт разьбівалі стэрэатыпы, якія былі створаныя камуністычнымі ўладамі аб падзеях 39-га году ў Заходняй Беларусі.

Трацяк: «Уражаньняў было шмат, асабліва на фоне таго, што архіўныя дакумэнты і сьведчаньні людзей ушчэнт разьбівалі стэрэатыпы, якія былі створаныя камуністычнымі ўладамі аб падзеях 39-га году ў Заходняй Беларусі. Ну вось ўявіце дакумэнт: маленькая дзяўчынка з Ашмяншчыны, толькі навучыўшся пісаць, дасылае ліст вялікаму Сталіну і просіць, каб вызвалілі яе татку, якога несправядліва арыштавалі. А на лісьце стаіць рэзалюцыя пракурора: асуджаны, як вораг савецкай улады за тое, што наймаў людзей у помач падчас збору ўраджаю, і справа касацыі не падлягае.

Яшчэ цікавы момант. Калі палякі ўцякалі, а архівы дэфэнзівы патрапілі ў рукі НКВД і ў іх на аднаго жыхара нашае вёскі выявілі запіс, што не зрабіў ніводнага даносу. І вось афіцэр НКВД піша на яго даведку, што маўляў і дэфэнзіва была незадаволеная гэтым чалавекам, не прыносіў ніякіх зьвестак. Але паколькі яму прапаноўвалі супрацоўніцтва, то афіцэр НКВД запісаў яго ў ворагі народу, і той падлягаў высылцы. Заходнія беларусы, паводле НКВД былі вінаватыя нават у тым, што папросту жылі пры Польшчы і дыхалі адным паветрам з буржуямі.

Карэспандэнт: «Але ў той самы час многія заходнія беларусы імкнуліся дагадзіць савецкай уладзе?»

Трацяк: «Вельмі шмат рознага сустракаецца у той час. Прывяду цікавы прыклад, таксама дакумэнтальны. Адзін з герояў кнігі яшчэ ў польскія часы зайздросьціў свайму суседу, што ў яго вялікі дом, а ён жыў у курніку. І калі прыйшлі Саветы, то суседа выслалі ў Сыбір, а ён стаў бальшавіцкім актывістам і заняў ягоны дом. Але пазьней дом падпалілі местачкоўцы, а дзеці ўратавалі два сшыткі. У адным былі даносы на аднавяскоўцаў, напісаныя па-польску у дэфэнзіву, а ў другім па-беларуску — у НКВД.

Карэспандэнт: «Вядома, што савецкая ўлада даволі жорстка абыходзілася з духавенствам. Што сьведчаць дакумэнты і ўспаміны людзей Ашмяншчыны на гэтую тэму?»

Трацяк: «Ёсьць цікавыя сьведчаньні аб тым, як адзін старшыня сельсавету, якога прыслалі аднекуль з Расеі, сказаў, што на царкоўнае сьвята людзі паедуць у царкву і касьцёл, а не на працу. Прыехалі машыны, людзі задаволеныя паселі і паехалі. Але іх завезьлі за 20 кілямэтраў за мястэчка ад храму, загадалі, каб усе выйшлі, група чырвонаармейцаў, якая іх ужо чакала, пачала насьміхацца зь іх і палохаць затворамі ружжаў. А потым самі селі ў машыну і ад’ехалі, а людзі 20 кілямэтраў вярталіся пешкі. Вось такая была барацьба з рэлігіяй».

Карэспандэнт: «Ці трапляліся нейкія дакумэнтальныя зьвесткі адносна таго, як першыя Саветы, як іх тады называлі мясцовыя людзі, ставіліся да беларускай мовы?»

Адныя зь першых абяцанак Саветаў былі тыя, што польскія школы заменяць на беларускія.

Трацяк: «Трапляюцца такія зьвесткі ў архівах, бо адныя зь першых абяцанак Саветаў былі тыя, што польскія школы заменяць на беларускія. І насамрэч напачатку беларускую мову ўводзілі замест польскай, але настаўнікаў адкуль браць? Пачалі прыяжджаць з савецкай Беларусі альбо наагул з Расеі, а мовы нашае яны ня ведалі, і беларуская мова паўсюдна замянялася расейскай. Прыяжджалі начальнікі з Расеі, якія таксама не разумелі па-беларуску, і іх дзеці, калі ішлі ў школу, то там адразу пачыналі вучыць усіх па-расейску. Яшчэ цікавыя сьведчаньні з архіваў адносна польскага насельніцтва, якое таксама выступала супраць беларускіх школаў, маўляў, калі забараняеце польскія, то няхай будуць расейскія школы, абы не беларускія. Мне гэтая пазыцыя так і засталася незразумелай».

Карэспандэнт: «Ваша кніга сканчаецца 41-м годам, ці шмат за гэты час патрапіла зрабіць на Ашмяншчыне савецкая ўлада?»

Нават у 90-я гады, калі я зьбіраў матэрыялы ў местачкоўцаў, то многія зь іх баяліся гаварыць аб тым, што перажылі насамрэч у той час.

Трацяк: «Калі напрыканцы 40-га напачатку 41-га пайшла барацьба з ворагамі народу, зьявілася ўстаноўка, што дзе зьбіраецца ад 5 да 7 чалавек, то там павінен быць адзін вораг народу, і трэба быць пільнымі, каб яго выявіць. Таму калі сям’я складалася з 12 чалавек, то там павінны былі быць ужо 2 ворагі. Таму, калі яшчэ ў 39-м людзі сустракаліся, гаварылі, абмяркоўвалі нешта, то потым людзі перасталі гаварыць пра падзеі нават паміж сабой. Пачалі гаварыць пра тое, што ты еў на сьняданак ці нешта падобнае. Але потым і гэта тэма стала небясьпечнай, бо ў 1940-41-м гадах ужо многія харчаваліся лебядой, а калі ты часам еў кумпяк, то дзе ты яго ўзяў, ці заплаціў ты падаткі і г.д.

Цікава, што нават у 90-я гады, калі я зьбіраў матэрыялы ў местачкоўцаў, то многія зь іх баяліся гаварыць аб тым, што перажылі насамрэч у той час».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG