Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт паміж Эр-Рыядам і Тэгеранам паглыбляецца


Міністар замежных спраў Савудаўскай Арабіі Адэль аль-Джубэр
Міністар замежных спраў Савудаўскай Арабіі Адэль аль-Джубэр

Пасьля разарваньня дыпляматычных адносінаў Савудаўская Арабія перапыніла паветраныя і гандлёвыя зносіны з Іранам. ЗША заклікалі лідэраў краінаў Блізкага Ўсходу прыцішыць рыторыку і зьняць напружанасьць.

Савудаўская Арабія перапыніла паветраныя зносіны і гандлёвыя сувязі з Іранам, запатрабаваўшы, каб Тэгеран «дзейнічаў як нармальная краіна» перш, чым будуць адноўленыя дыпляматычныя адносіны.

Міністар замежных спраў Савудаўскай Арабіі Адэль аль-Джубэр заявіў у інтэрвію Reuters, што Тэгеран нясе адказнасьць за рост напружанасьці пасьля таго, як у суботу быў пакараны шыіцкі рэлігійны дзеяч Німру ан-Німру, які лічыўся тэрарыстам у Савудаўскай Арабіі.

Паводле словаў міністра, Эр-Рыяд будзе рэагаваць на «іранскую агрэсію». Ён абвінаваціў Тэгеран у накіроўваньні байцоў у арабскія краіны і арганізацыі тэрактаў у Савудаўскай Арабіі і краінах-суседзях у Пэрсыдзкай затоцы.

Міністар заявіў, што з боку Савудаўскай Арабіі няма жаданьня нарошчваць канфлікт.

«Нашы дзеяньні сталі рэакцыяй на палітыку Ірана», — падкрэсьліў міністар. «Гэта іранцы ўвайшлі ў Лібан. Гэта іранцы накіравалі сілы Кодс і Вартавых рэвалюцыі ў Сырыю», — сказаў Джубэр. Міністар праінфармаваў, што іранскім пілігрымам, тым ня менш, будзе дазволена зьдзяйсьняць хадж у Мэку і Мэдыну. Джубэр зьяўляецца былым амбасадарам Савудаўскай Арабіі ў ЗША, дзе ў 2011 годзе ФБР прадухіліла спробу замаху на ягонае жыцьцё, арганізаваную Іранам.

Савудаўская Арабія перапыніла дыпляматычныя адносіны з Іранам пасьля нападу на амбасаду і консульства Савудаўскай Арабіі ў Тэгеране, які здарыўся пасьля пакараньня сьмерцю шэйха Німру ан-Німру. Адэль аль Джубэр абвясьціў пра разрыў адносінаў 3 студзеня і даў іранскаму дыпляматычнаму пэрсаналу 48 гадзінаў, каб пакінуць краіну.

Усе савудаўскія дыпляматычныя працаўнікі ў Іране былі адкліканыя пасьля нападу на дыпляматычныя ўстановы Савудаўскага каралеўства ў Тэгеране раніцай 3 студзеня.

ЗША заклікалі лідэраў краінаў Блізкага Ўсходу прыцішыць рыторыку і зьняць напружанасьць пасьля таго, як Савудаўская Арабія перапыніла дыпляматычныя адносіны з Іранам і пачала ствараць антыіранскую кааліцыю зь дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі. Раней паведамлялася, што дыпляматычныя адносіны з Іранам перапынілі Судан і Бахрэйн.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры абмеркаваў магчымыя шляхі пераадоленьня крызісу паміж Тэгеранам і Эр-Рыядам у тэлефоннай размове зь міністрам замежных спраў Ірану Джавадам Зарыфам і з кіраўніцтвам Савудаўскай Арабіі. Пра гэта паведаміў на брыфінгу кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Кірбі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG