Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіргізстан: чучук – каўбаса, а ня пэніс


Брытанец, які параўнаў кіргіскую нацыянальную страву чучук з «конскім пэнісам», будзе дэпартаваны з краіны, паведамляе «Настоящее время».

Грамадзянін Брытаніі, які выклікаў хвалю абурэньня пасля параўнаньня мясцовага дэлікатэсу — каўбасы з каніны — з конскім палавым органам, будзе дэпартаваны з Кіргізстану. Такое рашэньне прыняў суд гораду Каракол 4 студзеня.

Майкл Макфіт, супрацоўнік канадзкай золатаздабывальнай кампаніі «Кумтор» у Кіргізстане, напярэдадні Новага году апублікаваў пост у фэйсбуку, дзе напісаў, што яго кіргіскія калегі «стаяць у чарзе па конскі пэніс» — так брытанец апісаў «чучук», традыцыйную кіргіскую каўбасу з каніны .

Словы Макфіта закранулі пачуцьці яго мясцовых калегаў — 2 студзеня каля тысячы супрацоўнікаў рудніка «Кумтор» арганізавалі страйк з патрабаваньнем пакараць брытанца за «абразу нацыянальнай годнасьці».

«Супрацоўнікі рудніка ад імя ўсяго кіргіскага народу вельмі абураныя фактам публічнай абразы», — заявілі яны.

У той самы дзень галоўны зваршчык рудніка Майкл Макфіт быў затрыманы ў аэрапорце Бішкеку, калі паспрабаваў пакінуць краіну. Празь некаторы час ён даў паказаньні ў пракуратуры. Некаторыя СМІ паведамілі, што супраць брытанца адкрыта крымінальная справа паводле артыкулу «Ўзбуджэньне міжнацыянальнай варожасьці», але міліцыя абвергла гэтую інфармацыю.

Пазьней Макфіт выдаліў свой пост і прынёс прабачэньні за няўдалы жарт. «Я сапраўды не хацеў нікога абразіць і я выказваю шчырыя прабачэньні тым, каго мой пост абразіў», — напісаў ён.

Але гэта не дапамагло яму — брытанец будзе дэпартаваны і наўрад ці зможа прыехаць у Кіргізстан зноў.

Афіцыйная прычына дэпартацыі грамадзяніна Брытаніі — парушэньне парадку знаходжаньня на тэрыторыі Кіргізстану. «У яго ў дакумэнтах ня ўсё нармальна», — цытуе судзьдзю кіргіскі навінны сайт Kloop.kg.

Чучук — што гэта?

Традыцыйны від каўбасы у цюркскіх народаў, для падрыхтоўкі якой выкарыстоўваецца пераважна каніна. Вырабляецца шляхам набіваньня натуральнай конскай кішкі тлустым мясам. У некаторых краінах таксама вядомы як «казы».

«У краіне поўны чучук»

Гісторыя з чучукам выклікала буру абмеркаваньняў у сацыяльных сетках, дзе карыстальнікі падзяліліся на некалькі груп. Адны пісалі, што брытанца ня варта было затрымліваць за надпіс у фэйсбуку:

Іншыя сьцьвярджалі, што Макфіт сапраўды абразіў годнасьць кіргізаў і заслугоўвае пакараньня:

Для трэціх «чучучная гісторыя» стала выдатнай нагодай для жартаў:

XS
SM
MD
LG