Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчына з барадой нам патрэбная, як паветра 


Аліна і Анка Упала

Аліна і Анка Упала

У першую гадзіну новага году я ўжо накрылася коўдрай і зьбіралася спрабаваць заснуць нягледзячы на выбухі салютаў за вакном, як зазваніў тэлефон — гэта тэлефанавала Аліна, каб павіншаваць мяне са сьвятам і, як вядзецца, пажадаць найлепшага.

―А я адзначаю адна. У мяне тут пакет соку, таму што, ведаеш, алькаголем я неяк ня надта цікаўлюся. Сяджу гляджу тэлевізар ― спачатку СТВ, а потым пераключыла на іншы канал.

Аліна пыталася, ці ня можна ёй прыехаць у госьці, бо самотна, але, паколькі я ўжо паклалася спаць, мы дамовіліся пабачыцца на пачатку тыдня.

Прагаварылі хвілін дваццаць. А потым я ляжала і думала пра яе пад сьвяточныя фэервэркі, якія ўсё яшчэ ня сьціхлі. Калі я пабачыла яе ўпершыню, мне захацелася яе абняць. Аліна саромелася задаць пытаньне на лекцыі сама і папрасіла гэта зрабіць нас з калегай. Яе пытаньне да гендэрнай дасьледчыцы, якая вярнулася з Украіны, было такое: «Ці існуе трансфобія ― варожае стаўленьне да трансгендэраў і транссэксуалаў ― сярод украінскіх дактароў?»

На той момант Аліна толькі нядаўна пачала карэкцыю свайго біялягічнага полу на жаночы, які яна ўсьвядоміла з шасьці гадоў. На жаль, у дарослым узросьце, калі цела цалкам сфармавалася па мужчынскім тыпе, дасягнуць добрых візуальных вынікаў няпроста.

Зьдзекі, насьмешкі і грэблівае стаўленьне — паўсядзённая рэчаіснасьць Аліны. І з боку дактароў, чыім абавязкам нібыта ёсьць дапамога, і з боку абываталяў.

Неяк расказвала мне: «Я цяпер іду па горадзе, а за мной ― дзьве дзяўчыны. Адна зь іх пачынае крыўляцца, імітуючы маю паходку. А я ж усё бачу. Стараюся не рэагаваць». На вуліцы Аліну часта праводзяць доўгімі шматзначнымі позіркамі, абражаюць, пачынаюць шаптацца, калі яна ўваходзіць у мэтро ― гэта штораз раніць. «Мне хочацца паказаць ім „фак“, але я стрымліваюся. Псыхоляг навучыла мяне разумець, што гэта не мая праблема, а праблема грамадзтва, якое вельмі мала інфармаванае», ― кажа яна. Адукаваныя і пасьпяховыя людзі ставяцца нармальна, а вось з «простымі людзьмі» ― праблемы.

У Аліны доўгія хвалістыя валасы, яна носіць жаночую вопратку, але не любую можа сабе дазволіць надзець. Аднойчы патлумачыла: «Я не нашу спадніцы, бо тады б мяне проста забілі».

Я разумею, што гэта не перабольшаньне. Летась у красавіку жыхар Лельчыцаў спаліў жыўцом трох сваіх калег за тое, што яны пафарбавалі яму пазногці чырвоным лакам, калі той заснуў.

Жаноцкасьць, нават жартам, — аказваецца ў прамым сэнсе сьмяротнай абразай для мужчыны ў грамадзтве, якое жыве «па паняцьцях».

Увесь пласт перадузятасьці, што існуе ў ім да жанчын, увесь суплёт шаблёнаў, пра тое, чым жанчына ёсьць — падпарадкаванасьць, недалёкасьць, другаснасьць, прыгажосьць, што прадаецца і купляецца — быў беспамылкова счытаны паспалітым чалавекам зь Лельчыцаў. Такую абразу «сапраўдны мужчына» ня можа трываць, таму крыўдзіцеляў пакараў — сьмерцю.

Сёньня мне не падаецца недарэчным выпадак, калі сябар юнацтва колісь адмовіўся хвілін на дзесяць патрымаць маю торбу, патлумачыўшы тым, што яна жаночая. Я не жадаю яму і дзесяці хвілін асуджэньня за жаночы атрыбут. Што тады казаць пра косыя позіркі, неўладкаванасьць і небясьпеку цягам усяго жыцьця?

Я магу толькі ўяўляць узровень агрэсіі, які даводзіцца трываць Аліне, якой не пашчасьціла адразу нарадзіцца дзяўчынкай.

Добраахвотны пераход з мужчынскага ў жаночае, бадай, самае непрымальнае ў нашай краіне, дзе ў прынцыпе асуджаюць за ўсе адрозьненьні ад таго, як прынята ў большасьці: за беларускую мову, за звычкі ў ежы, за татуіроўкі...

Аліна ня можа выбіраць, падпарадкоўвацца чаканьням іншых або не. Яна ёсьць, нарадзілася жанчынай, ёй неабходна ісьці на зьмены, каб выглядаць той, якой яна пачувалася заўжды. Яна ня можа «не высоўвацца», яна заўжды заўважная.

У сьвеце большасьць апэрацый па карэкцыі полу робіцца з мужчынскага на жаночы. У Беларусі да нядаўняга часу ўсё было з дакладнасьцю наадварот — 70% складалі пераходы з жаночага полу ў мужчынскі. Сёньня ёсьць тэндэнцыя да выроўніваньня суадносін у іх колькасьці. Маю здагадку, што не ў апошнюю чаргу гэта зьвязана з далёка не дастатковым, але тым ня менш, суадносным падвышэньнем статусу жанчыны ў соцыюме празь яе эканамічную актыўнасьць і пэўным ростам агульнай адукаванасьці людзей у пытаньнях гендэру — сацыяльнай мадэлі полу.

Вядома, недастатковым — напрыклад, адзін мой знаёмы, дэкляруючы сябе цярпімым, любыя размовы ў кампаніі навязьліва зводзіць да гамафобных жартаў, яму робіцца сьмешна штораз, калі ён заводзіць сваю гутарку пра гомасэксуалаў. Убачыўшы часопіс з партрэтам расейскага спэцыяліста ў модзе на вокладцы, кажа: «Хіба ня бачна, хто ён па жыцьці? Нават хацеў схадзіць на сустрэчу зь ім, калі ён да нас прыяжджаў». Схадзіць, каб пасьмяяцца, вядома. Талеруючы. Я так і не змагла зразумець, што з гэтым маім знаёмым ня так. Хіба аднойчы сарвала голас у спрэчцы.

Я думаю, што для здаровага грамадзтва талерантнасьці не дастаткова. Хто каго мусіць талераваць, цярпець? У паняцьці талерантнасьці няма роўнасьці, але ёсьць пагарда. Ёсьць тыя ўнармаваныя, хто цярпіць, і тыя неўнармаваныя, каго цярпяць. Людзі ж, якія чымсьці адрозьніваюцца, маюць права на годнасьць такое самае, што і ўсе. Усе мы чымсьці адрозьніваемся.

Але і талерантнасьці не дачакацца ад жыхароў і жыхарак Беларусі. Усім людзям патрэбныя сябры, усім патрэбная любоў. Вы ўяўляеце, колькі блізкіх людзей у дзяўчыны ў мужчынскім целе? Аліну адштурхоўваюць уласныя маці, сястра, яна ня мае падтрымкі блізкіх. Нас жа гэта не зьдзіўляе? Гэта распаўсюджаная гісторыя. Пры гэтым заўжды ёсьць праблемы з працай, з тым, што ты будзеш есьці, дзе ты будзеш жыць. Аліна зарабляе малярнымі і аддзелачнымі працамі. Цяпер заказаў вельмі мала. Жыве, дзе добрыя людзі дазволяць.

Праблемай робіцца нават наведваньне грамадзкай прыбіральні — Аліна кажа, што калі ідзеш у мужчынскую, нарываесься на агрэсію — «Э, підар!». Калі ў жаночую, сутыкаесься са страхам — «Вой, вычварэнец-гвалтаўнік».

Мала хто ў Беларусі зразумеў, чым была важная колішняя перамога «жанчыны з барадой» Канчыты Вурст на Эўрабачаньні. Канчыта кінула выклік усім носьбітам веды, якой мусіць быць жанчына. Яе зьнешні выгляд — чырвоная ануча для традыцыйнай сьвядомасьці, якая кожнай і кожнаму рыхтуе пракрустаў ложак стандартаў, укласьціся ў які патрапляе, па шчырасьці, мала хто. У многіх знойдзецца тая або іншая асаблівасьць у зьнешнасьці ці характары, ці звычках, якая не адпавядае «канону». Лёгкая неадпаведнасьць прыносіць лёгкі дыскамфорт, а ўжо калі ты цалкам ня ўпісваесься — карацей, мы памятаем, як працуе пракрустаў агрэгат.

Менавіта Канчыта Вурст як гаспадыня леташняга фэсту ў Вене падтрымала расейскую сьпявачку Паліну Гагарыну, асьвістаную заляй за палітыку дзяржавы ў той краіне, якую тая прадстаўляла. Як апякунка, стала з Палінай побач, прадэманстраваўшы, што значыць прыманьне і чалавечнасьць.

Калі беларускае грамадзтва навучыцца спакойна ўспрымаць «жанчыну з барадой», што, мабыць, ёсьць вяршыняй раздражненьня для знаўцаў, як трэба выглядаць правільна ― нам абсалютна ўсім стане лягчэй побач адно з адным:

беларуска- і расейскамоўным, татуяваным, вэгетарыянцам, вернікам і атэістам, дзядам маразам на інвалідных вазках і без... Бо гэта будзе азначаць тое, што нішто вонкавае ня замінае нам бачыць адно ў адным ― людзей, проста людзей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG