Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памятаеце, як Турцыя даволі рашуча заявіла, што не дапусьціць анэксіі Крыму? Забыліся? І ня дзіўна: анэксія адбылася вобмільгам.

Хутка споўняцца два гады з часу адарваньня Крыму ад Украіны. Дарэчы, і Кітай заявіў у тыя дні, што выступае за захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Ясна, што ні туркі, ні кітайцы не зьбіраліся рабіць за ўкраінцаў іхнюю працу: абараняць Крым ад Расеі. Гэта было проста дыпляматычнае акрэсьленьне пазыцыі: мы супраць, ня трэба парушаць, гэта прывядзе да дэстабілізацыі становішча ў рэгіёне.

Ясна, што ў такой сытуацыі дзяржавы імпэрскага кшталту, з агрэсіўнымі намерамі, не зважаюць на такія папярэджаньні. Пайшлі яны! Пуціна не цікавіла, што думае (прычым думае цьвяроза) кітайскае кіраўніцтва альбо турэцкае. Яму хацелася ў героі дакумэнтальнага фільму для РТР і каб яго глядзеў увесь электарат. (І Абама таксама, і Абама!) А потым прыпёрла і паехаў да тых кітайцаў, можна сказаць, на паклон. І ён думаў, што яны аб усім забыліся? Кітай навязаў тады свае ўмовы, выдатна разумеючы, што Расея знаходзіцца ў патрэбе. (Падпісаныя дамовы з КНР, паводле расейскіх эканамістаў, пакуль не прынесьлі ніякай сапраўднай карысьці.)

Ну вось каб Расея папярэдзіла нейкую суседнюю краіну: не рабі анэксіі, а тая не паслухалася, Расея б ёй так даравала? Сьмешна падумаць.

Гэтак жа і з Турцыяй, а зь ёй тым больш. Чорнае мора ўнутранае, найбольшую частку берагавой лініі займае яна, на другім месцы была Ўкраіна (з Крымам). Расея дэстабілізавала сытуацыю, першым разам прызнаўшы незалежнасьць Абхазіі, другім — захапіўшы Крым. Каму спадабаецца, калі ў цябе пад носам такое чыняць і не зважаюць на тваё меркаваньне? Маўляў: Анкара ў басэйне Чорнага мора — ніхто, нуль.

І гэта пры тым, што Турцыя ведае сабе цану. І ў эканамічным сэнсе, і ў мілітарным.

Крымская траўма туркаў нейкім чынам і адгукнулася ў цяперашнім канфлікце Расеі з Турцыяй. Ня лішне нагадаць, што ў Стамбуле месьціцца сядзіба міжурадавай Арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва. У ёй, зразумела, і Турцыя, і Ўкраіна, і Расея. Ваенныя канфлікты, няхай і ў межах эканамічнай арганізацыі, ня робяць лепшымі узаемадачыненьні. Сёньняшнія дзеяньні Расеі супраць Турцыі перакрэсьліваюць мэты, дзеля якіх была створаная Арганізацыя чарнаморскага супрацоўніцтва. Мова пра эканамічную вайну, турыстычныя ды іншыя санкцыі Масквы.

Мала таго, Крэмль змушае да падтрымкі сваіх санкцый Абхазію. Турцыя не прызнала адарваньне Абхазіі ад Грузіі. Але час ідзе, эканамічныя сувязі паміж туркамі і абхазцамі ўсё роўна пачалі разьвівацца. Мінулым летам у Сухумі абмяркоўвалі пашырэньне супрацоўніцтва. Гучала прапанова, каб непрызнаная рэспубліка стала эканамічным мостам, каб турэцкія тавары ішлі ў Расею праз Абхазію. Напачатку восені ў Сухумі пабывала дэлегацыя адной з турэцкіх правінцый, дзе існуе абхаская дыяспара.

Аднак перад Новым годам Сухумі наведаў памочнік Пуціна Суркоў. Мэта: абгаварыць — якія галіны турэцкага бізнэсу будуць абмежаваныя ў Абхазіі, каб тая дзейнічала супольна з Расеяй. Будаўніцтва, рыбалоўніцтва, гандаль ды іншая турэцкая актыўнасьць будуць згорнутыя. Хоць яшчэ напярэдадні абхазцы ўскладалі на эканамічныя сувязі з Турцыяй вялікія надзеі.

Памочнік застаўся задаволены: Абхазія настроеная на актыўную салідарнасьць з Расеяй! Але хіба магло быць інакш? Куды ж падацца марыянэтцы, цалкам залежнай ад Масквы?

Разбурыўшы палітычную стабільнасьць у рэгіёне Чорнага мора, Расея адчула смак, з імпэтам схапілася за эканамічную… А тут навіна: растуць міратворчыя амбіцыі сталіцы РБ. У чым, канечне, нічога дрэннага няма. Але ці адпаведнае месца горад Менск — каб залечваць крымскія траўмы турэцкай душы?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG