Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Замест тысячы прадпрымальнікаў у Баранавічах на плошчу прыйшлі толькі двое


Акцыя пратэсту гандляроў у Баранавічах не адбылася. Прадпрымальніцкі лідэр Мікола Чарнавус адмяніў свой пікет, таму што прадпрымальнікі яго не падтрымалі.

Мікола Чарнавус падаваў на 4 студзеня заяўку ў Баранавіцкі гарвыканкам на вялікі пікет прадпрымальнікаў — да 1,5 тысячы чалавек. Чыноўнікі акцыю праводзіць забаранілі, а Чарнавуса папярэдзілі пра магчымую адміністрацыйную і нават крымінальную адказнасьць за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Спадар Чарнавус усё ж прыйшоў на плошчу да гарвыканкаму, каб паглядзець, ці прыйдуць пратэставаць прадпрымальнікі. Не дачакаўшыся сваіх калегаў, Мікола Чарнавус распавёў журналістам, што акцыю праводзіць ня мае сэнсу, калі яе не падтрымліваюць самі прадпрымальнікі:

Мог бы ляжаць на печы і чакаць, калі пацяплее, ды пайсьці на рынак. Але дзеля іх я прыйшоў паглядзець, прыйдуць прадпрымальнікі ці не.

«Я маю дакумэнты, сэртыфікаты. І мог бы ляжаць на печы і чакаць, калі пацяплее, ды пайсьці на рынак. Але дзеля іх я прыйшоў паглядзець, прыйдуць прадпрымальнікі ці не».

Спадар Чарнавус прызнаўся: ён спадзяваўся, што на акцыю, хоць і забароненую, выйдзе хаця б сотня прадпрымальнікаў. Сам ён гандлюе цацкамі, якія маюць неабходныя сэртыфікаты, але кажа, што «ня можа сядзець убаку, калі ўціскаюць іншых гандляроў».

«У народу няма ні накладных, ні сэртыфікатаў. А ўзяць беларускі тавар — і дарагі, і з-пад сякеры роблены. Прадпрымальнік, калі выйдзе на рынак, ён мусіць баяцца, што ў яго канфіскуюць тавар, і яшчэ штраф вялікі накладуць. Учора на рынак выйшлі літаральна пяць чалавек з тысячы», — кажа Мікола Чарнавус.

Акрамя Чарнавуса, на плошчу прыйшла яшчэ адна прадпрымальніца, якая думала, што тут адбудзецца пратэст. На пытаньне, чаму ўсе прадпрымальнікі збаяліся выйсьці пратэставаць, а яна — не, жанчына адказала, што ёй, «пэнсіянэрцы, ужо няма чаго баяцца».

Пратэставаць баранавіцкія прадпрымальнікі хацелі ў сувязі з тым, што 1 студзеня 2016 году ўступіў у сілу ўказ № 222. Ён патрабуе, каб прадпрымальнікі рэалізоўвалі прадукцыю лёгкай прамысловасьці, увезеную з краін Мытнага саюзу, толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі. Праблема ў тым, што расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасьць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакумэнты аб паходжаньні прадукцыі альбо прадстаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП церпяць ад штрафаў і канфіскацыяў.

Многія прадпрымальнікі заяўляюць аб спыненьні працы на нявызначаны тэрмін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG