Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія першай з постсавецкіх краінаў узаконіла аднаполыя грамадзянскія партнэрствы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Закон пра рэгістрацыю аднаполых партнэрстваў набыў сілу 1 студзеня 2016 году.

Закон аб сужыхарствах, які дазваляе заключаць грамадзянскія партнэрствы як разнаполым, так і аднаполым парам, быў прыняты парлямэнтам Эстоніі 9 кастрычніка 2014 году і набыў сілу 1 студзеня 2016 году. Хоць аднаполы саюз не называюць шлюбам, але зарэгістраваныя партнэры лічацца сваякамі — разнаполыя і аднаполыя пары ў выпадку грамадзянскага партнэрства маюць роўныя правы.

Новы закон яшчэ мае «дзіры», папярэджвае Палата натарыюсаў Эстоніі і раіць пачакаць з рэгістрацыяй партнэрстваў да прыняцьця падзаконных актаў. Напрыклад, грамадзянскае партнэрства можна заключыць, але нельга занесьці ў дзяржрэестар, а значыць, нельга разарваць, бо для разрыву партнэрства патрэбны запіс у дзяржрэестры. Пакуль не да канца акрэсьленая сытуацыя з правамі і абавязкамі па крэдытах і супольнай маёмасьці, спадчыне параў у грамадзянскім партнэрстве.

Закон, які даў (альбо мае даць) аднаполым парам роўныя правы з разнаполымі, быў распрацаваны яшчэ ў 2012 годзе. Ён прымаўся далёка не аднагалосна: «за» прагаласавалі 40 парлямэнтарыяў, «супраць» — 38, яшчэ 10 устрымаліся. Неадназначнае стаўленьне да аднаполых саюзаў паказала і апытаньне шараговых эстонцаў. Паводле «Эўрабаромэтра», у канцы 2015 году 44% выказаліся за тое, што «геі, лесьбіянкі і бісэксуалы павінны мець роўныя правы з гетэрасэксуаламі».

Але падобна, што эстонцы не зьвярнулі асаблівай увагі на новыя правы аднаполых параў: самыя чытаныя навіны на эстонскіх сайтах — пра будучыя маразы, вянчаньне прэзыдэнта Эстоніі Тоомаса Хендрыка Ільвэса і латвійкі Іевы Купцэ, а таксама папраўкі ў заканадаўства аб грамадзянстве. Пра аднаполыя саюзы на першых старонках асноўных эстонскіх інтэрнэт-СМІ навінаў няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG