Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і фэмінізм. Пра «моцнае плячо»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

– Мне ўжо сорак два, а я нічога ў жыцьці не зрабіў, – паскардзіўся прыяцель.

– Мне ўжо сорак два, а я нічога ў жыцьці не зрабіў, – паскардзіўся прыяцель.

– Як жа не зрабіў? А колькі простага народу ашчасьлівіў! Каго «хоць на імгненьне», каго на некалькі тыдняў, а то і месяцаў!

Прыяцель пачынае прыгадваць. Вочы ягоныя напаўняюцца цеплынёю, суворы выраз твару зьмяняецца на лагодны. Колькі? Колькі ж гэта было жанчын?

Гісторыю прыгадаў, калі прачытаў, каго павіншаваў начальнік дзяржавы ў сваім навагоднім выступе. Жанчыны былі вылучаныя асобна: «Мае асаблівыя віншаваньні нашым любімым, непаўторным беларускім жанчынам».

Далей ідзе пералік канкрэтных сацыяльных групаў:

– пажылыя людзі;

– рабочыя, сяляне, будаўнікі, інжынэры, вучоныя;

– урачы і настаўнікі;

– шарагоўцы і афіцэры.

Чаму ўсё-ткі жанчыны вылучаныя асобна? Як варыянт, аўтар тэксту валодае дакладнымі лічбамі свайго электарату, і ведае, што большасьць ягоных прыхільнікаў – жанчыны.

Пажылыя людзі – пераважна жанчыны, у іх працягласьць жыцьця большая. Урачы і настаўніцы – ня трэба губляць час на пошукі статыстыкі, гэта ў абсалютнай большасьці жанчыны.

Рабочыя, сяляне, будаўнікі, інжынэры, вучоныя – тут гендэрныя лічбы могуць быць блізкімі, але ёсьць аспэкт, які рэдка ўзгадваецца. Пэрманэнтна за межамі Беларусі знаходзіцца каля аднаго мільёна грамадзян, і збольшага гэта мужчыны. Як мінімум, рабочыя, сяляне, будаўнікі, якія шукаюць заробку, найперш у Расеі. Гэтая колькасьць мужчын не бярэ ўдзел у выбарах.

Людзей у пагонах адносна ўсёй колькасьці электарату ня так шмат, але яны таксама пазначаныя ў віншаваньні. На мой погляд, з папярэднімі групамі, дзе пераважаюць жанчыны, «шарагоўцаў і афіцэраў» зьвязвае залежнасьць ад бюджэту.

Хоць пра рабочых, сялян, будаўнікоў, інжынэраў, вучоных у звароце гаворыцца, што яны «прымнажаюць багацьце краіны», вядома, што названыя катэгорыі грамадзян жывуць найперш з датацыі.

Тых, хто сплачвае ў казну падаткі, у навагоднім віншаваньні няма. Буйнога бізнэсу, як асобнай сацыяльнай групы, у Беларусі не існуе, а сярэдні і малы бізнэс сыстэматычна цісьнецца, максымальна выштурхоўваецца з соцыюму.

Такім чынам, за дваццаць зь лішкам гадоў большасьць насельніцтва была пастаўленая ў становішча залежных ад бюджэту, чытай – ад начальніка краіны.

«Дарагія жэншчыны» – гэта стары мэм, выраз начальніка краіны, які ён паўтарае досыць рэгулярна. Не ўпершыню выбарцы вылучаюцца ў асобную гендэрную групу. Калі прыняць вэрсію, што жанчыны ствараюць электаральную базу першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, усё стае на свае месцы – жанчын ашчасьліўліваюць.

Жанчынам даецца ласкавае слова, а галоўнае – крэпкае мужчынскае плячо, безь якога ім не пражыць. А тыя, хто хацелі пражыць без «пляча», самастойна, апынуліся ў групе, якую не павіншавалі. У групе незалежных ад датацый, у групе, якая часткова аплачвае тых, да каго высачайша зьвярнуліся.

Адпаведна такія паняцьці як «фэмінізм» і «жаночая эмансыпацыя» мусяць быць аднымі з самых непрымальных для аўтара віншаваньня. Бо з разьвіцьцём жаночай сацыяльнай незалежнасьці каму тады «падстаўляць плячо»? Гэта як пілаваць галіну дрэва, на якой сядзіш.

З падтрымкай жанчын, а заадно сацыяльных груп, названых вышэй, усё было добра, пакуль аснову бюджэту можна было ствараць самому. Там купіў танна, туды прадаў дорага: нафтапрадукты, газ. Плюс калійныя ўгнаеньні, крыху транзыту (дадай сваё). Дый проста – пазычыў, і не вярнуў, калі пачало рабіцца горш.

Некалькі соцень тысяч самастойных людзей псавалі ідэальную карціну, калі гаспадар выходзіць на падворак, кіруе работнікамі, а пасьля ўсіх зьбірае за стол і адорвае ежай – са сваёй кішэні.

Але ўсё зьмянілася. Пазычыў і не вярнуў – не атрымаецца. Там, дзе пазычаў, таксама ўсё кепска. З пэрспэктываў нічога канкрэтнага, адно «разумныя перамены, зразумелыя людзям, а ня шлях абвалу, ломкі і рэвалюцый». Словам, тэма для спэцыялістаў-дэшыфравальнікаў.

А для «дарагіх жэншчын» – пра дзяцей, пра любоў, пра радасьць, шчасьце, і пра цуд. Што будзе з «плячом» – пакуль загадка новага году.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG