Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часьцяком чуваць водгукі расейцаў пра Беларусь, што прыехалі ў Эўропу. Гэта ўражаньне нават не ад чысьціні і дагледжанасьці зямлі і паселішчаў, а ад людзей.

Тое, што Расея паўтарае ўнутрыпалітычныя схемы, адпрацаваныя ў Беларусі, заўважана даўно. Толькі ў Беларусі гэтыя схемы ўжываліся як «навучальныя» – прайшлі і забылі, а ў Расеі яны ўкараняюцца як аснова грамадзкага жыцьця.

Помніце, як закрывалі ў нас фонд Сораса ды іншыя фонды? Але што-нішто засталося. Тым часам у Расеі прыдумалі формулу «замежны агент», чытай – вораг народа. Барацьба там ідзе на поўнае вынішчэньне грамадзкіх ініцыятываў, якія фінансуюцца міжнароднымі фондамі. Пад нож адпраўляюцца ўсе – ад «Мэмарыялу» да таварыства дапамогі інвалідам.

А колькі ў нас было і ёсьць насьмешак з бутафорскай «лініі Сталіна». Там ужо і Дзед Мароз пасяліўся, што само сабою сьцёб. У Расеі Сталін – вельмі сур’ёзна. Яго профіль вяртаецца на ўзнагароды, яго анфас – у падручнікі, яго аб’ёмныя фігуры – на плошчы гарадоў.

А помніце ідэю Лукашэнкі прымацоўваць работнікаў дрэваапрацоўкі да прадпрыемстваў? Неяк адшумела тэма і нібы забылася. І вось яна ўсплывае ў Расеі ўжо як ідэалягічны мэйнстрым. Кінарэжысэр Мікіта Міхалкоў мяркуе, што прыгоннае права – гэта патрыятызм. Чалавек прывязваецца да зямлі ня толькі пачуцьцём доўгу, але і дакумэнтальна. «Прыгон – гэта мудрасьць народа», – заключае Міхалкоў.

Думаю, сам рэжысэр цудоўна разумее, што ніякая гэта ня мудрасьць, а рабская псыхалёгія, і не народа, а біямасы, дзе адзінка ня мае ніякай каштоўнасьці. У гэтым сэнсе мудрымі трэба прызнаць вечна галодныя плямёны Афрыкі і народ Паўночнай Карэі.

Не сумняюся, што значная частка расіян падзяляе погляд свайго вялікага рэжысэра. Напэўна, нямала такіх людзей і ў Беларусі. Думаю, і нязьменны кіраўнік нашай краіны – сярод іх. Проста ні Міхалкоў, ні Лукашэнка не дапускаюць, што самі апынуцца сярод тых мудрых прыгонных. А на астатніх глядзяць не як на адзінак, а як на масу – народ, электарат, антрапасфэру, калі хочаце.

Супрацьлеглыя бакі, што падзяляюць беларусаў, называюцца «ўсходняя дэспатыя» і «заходняя дэмакратыя». Нешта мне падказвае, што на другім баку беларусаў болей. Нягледзячы на 20 гадоў масавага сыходу прыхільнікаў дэмакратыі на Захад і нават у Расею, тады яшчэ збольшага дэмакратычную. Для многіх беларусаў і сёньня адкрытае пытаньне – «валіць» з краіны і пражыць дзе-небудзь у Канадзе годнае і беларускае, дарэчы, жыцьцё, ці ўсё ж застацца тут, бо гадзіньнік гісторыі ідзе, нібыта, у наш бок. Паглядзіце на Кубу, на Вэнэсуэлу…

Але цалкам выразнага адказу на гэтую дылему няма. Зь іншага боку, шкада жыцьця свайго адзінага, каб кідаць яго ў топку ўсходняй дэспатыі, так бы мовіць, для масавасьці.

Спрадвечную беларускую дылему Ўсходу і Захаду некалі вычарпальна апісаў Ігнат Абдзіраловіч. Усход ідзе зь вялікімі ідэямі, увасабленьне якіх у жыцьцё вымагае забыць пра каштоўнасьць чалавека. Захад даўно зразумеў гэта і дазваляе ўсім калісьці вялікім ідэям суіснаваць на маргінэсе жыцьця.

Беларусь за сваю гісторыю апыналася то ва ўсходнім, то ў заходнім полі. Яна ўжо бывала тварам Эўропы ў эпоху Адраджэньня ці ў часы «Ідыліі» Дуніна-Марцінкевіча ці ў часы позьняй БССР, якую ў саюзе называлі раем для вайсковых пэнсіянэраў. Такая яна і сёньня. Бывала яна і задам Расеі – у часы мураўёўшчыны, калі Северо-Западный край быў самым адсталым і занядбаным у Імпэрыі, дзе выраблялі толькі «пяньку ды гарэлку». І ў часы сталінскіх рэпрэсій тут, як нідзе, масава перавыконвалі пляны расстрэлаў за ідэйную і сацыяльную неадпаведнасьць. Зрэшты яшчэ ў часы раньняга Лукашэнкі, калі ў Расеі былі зародкі свабоды слова, бізнэсу і палітычнага плюралізму, Беларусь мела аблічча заду Расеі. Аднак сытуацыя зьмянілася.

Расея закрываецца. Як вароты ГУЛАГу. І тая меншасьць, якой гэтага ня хочацца, стала ахвярай дзяржаўнага выбару. Гэтая меншасьць ужо ні на што не ўплывае. Яе лічы што няма. Яна як фактар прапала з палітыкі разам з паўтанамі.

У Беларусі паўтаноў, здаецца, стала болей, чым было ў 1996-м, калі найлепшыя прадстаўнікі нацыі з дэмакратычнымі поглядамі масава пакідалі краіну.

На фоне расейскай сытуацыі беларуская ўжо не выглядае на такую ўжо дэспатыю. Самадурства чыноўнікаў і татальны дзяржкантроль – так. Аднаасобная ўлада – так. Адсутнасьць правоў і свабод – так. Але многія дэмакраты сёньня бачаць магчымасьць жыць і працаваць тут. І самае галоўнае – нельга сказаць, што прыхільнікаў усходняй дэспатыі – большасьць. Гэта ня тыя людзі, якія робяць на расейцаў уражаньне Эўропы.

Людзі з дэмакратычнымі поглядамі – яны і ёсьць адзіным паратункам ад чарговай катастрофы. Тое, чаго ў Расеі ўжо няма. Уладзе моцна хацелася б вымыць увесь гэты рэсурс за межы краіны і замясьціць яго кітайскімі і туркмэнскімі гастарбайтэрамі. Але вось здараюцца рэцыдывы вяртаньня дэмакратаў з-за мяжы. І вырастаюць новыя пакаленьні.

У Беларусі шмат праяваў сатрапіі, але спрацоўвае падгледжаны Абдзіраловічам прынцып: пакуль яны не татальныя, яны не фатальныя. Цяжка ўявіць, каб нехта прыўладны ў Беларусі назваў прыгон народнай мудрасьцю. Цяжка ўявіць, каб Беларусь зладзіла на суседзкай тэрыторыі вайсковы канфлікт. Цяжка ўявіць, каб у нас бульдозэрамі трамбавалі прадукты харчаваньня. Ды і культ асобы ППРБ у вачах сярэдняга беларуса выглядае камічна, да песень пра «великого Путина» не дайшло і напэўна ўжо ня дойдзе.

Ці зацягне Беларусь у варонку новай расейскай катастрофы? Ці зможа краіна захавацца ад гэтай бяды адна, без арыентацыі на НАТО і Эўразьвяз (на маю думку, «свой шлях» у сьвеце глябальнага супрацьстаяньня – згубная ілюзія)? Ці будзе Беларусь надалей тварам Эўропы ці зноў стане задам Расеі? Пры тым, як імкліва разьвіваецца сытуацыя, адказы на гэтыя пытаньні мы, верагодна, атрымаем ужо ў новым 2016 годзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG