Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Гэта ўжо ня „Поле цудаў“, а празаічны рынак». Чаму не пакідаюць у спакоі адзіную менскую барахолку?


Менскі блышыны рынак у Ждановічах, вядомы як «Поле цудаў», абяцалі перанесьці за горад — у вёску Табары, што ў гарадзенскім напрамку. Свабода зьезьдзіла на «Поле цудаў», дзе даведалася, чаму прадпрымальнікі косяць пад барахольшчыкаў ды імкнуцца гандляваць ля прыпынкаў.

Аднойчы тут было два рынкі

«Ай, надакучылі ўжо гэтыя пераезды, — кажа Аляксандар, 40-гадовы гандляр з „Поля цудаў“. — Я ўжо за два гады чатыры разы пераяжджаў. Былі на прыпынку, нелегальна. Хтосьці там стаяў, хтосьці — тут».

Да апошняга часу ў «Поля цудаў» была пляцоўка каля бакалеі па вуліцы Ціміразева. Але ў пачатку сьнежня там пачалася будоўля й гандляроў перасунулі на суседнюю паркоўку.

«Поле цудаў» ніколі ня мела свайго сталага месца. Як згадваюць гандляры, яны качавалі ўжо па ўсіх Ждановічах. А год таму тут увогуле было два блышыных рынкі. Частка гандлявала дзе й цяпер, а частка — на аўтобусным прыпынку з боку Каменнай горкі.

«Легальна было тут, але на прыпынку было больш месца, таму людзі там стаялі, — кажа Аляксандар. — Але яны не плацілі нікому — стаялі па-за законам».

Толькі пасьля таго, як усе падыходы да рынку заставілі мэталічнымі платамі, гандляры вымушаныя былі пераехаць на афіцыйнае «Поле цудаў».

«Але й зараз каля станцыі „Лябяжы“ бываюць стыхійныя рынкі», — кажа Аляксандар.

Для адміністрацыі «Поле цудаў» — сацыяльны аб’ект

Пра тое, што «Поле цудаў» мае быць перанесенае ў вёску Табары, у адміністрацыі рынку самі даведаліся з навінаў. У Табарах сапраўды ідзе будоўля крытых павільёнаў, куды мае пераехаць рынак садавіны й гародніны, а таксама бакалеі. Але месца для «Поля цудаў» там не прадугледжана.

«Пра перанос „Поля цудаў“ увогуле гаворка ня йдзе, — кажа Антоль, начальнік аддзелу камэрцыі № 4 рынку „Ждановічы“. — Замацаваная за ім пляцоўка была тут, схему ўзгаднялі з адміністрацыяй раёну».

Па яго словах, «Поле цудаў» толькі тэарэтычна можна было б перанесьці ў Табары пасьля таго, як туды пойдзе грамадзкі транспарт.

«Вы ж паглядзіце, на чым прыяжджаюць сюды пакупнікі — на аўтобусах і электрычках, нават не маршрутках», — кажа Анатоль.

Такі самы сацыяльны склад і гандляроў. 90% — гэта пэнсіянэры й інваліды, якія за гандаль на «Полі цудаў» ня плацяць. Толькі за машына-месца ім трэба заплаціць 50 тысяч рублёў на дзень (безь ільготаў — 200 тысяч).

«Мы ўвогуле разглядаем „Поле цудаў“ выключна як сацыяльны аб’ект, — кажа Анатоль. — Прыбытку ён нам не прыносіць, наадварот, частку паркоўкі зараз занялі рынкам».

Ужо ня тая

Каб паглядзець на «сацыяльны аб’ект», Свабода прыехала на рынак у суботу. Толькі частка гандляроў разьмясьцілася на сталах. Для ўсіх ахвочых гандляваць месцаў не хапае, і людзі раскладаюць свае рэчы проста на зямлі.

«Калі добрае надвор’е, тут зьбіраецца да тысячы чалавек, — кажа Анатоль. — І нават у шараговы выходны прыходзіць прынамсі 500-600 гандляроў».

Як і на сапраўднай барахолцы, большасьць прывозіць сюды старыя рэчы. Адзін спадар выставіў перад сваім старым "Фольксвагэнам«тыповую музэйную экспазыцыю: драўляная ступа, прасы, сякеры ды куфары — усё як краязнаўчай залі.

«Я сам жыву на вёсцы, у Карэліцкім раёне, дык зьбіраю што па закінутых дамах навокал, — кажа Юры. — Вось гэтыя бутэлькі на тыдні знайшоў у лесе. Відаць, ад нямецкага шампанскага. Па 25 тысяч за бутэльку прадаю».

Напярэдадні сьвятаў шмат хто прадае ёлачныя цацкі. Плястыкавых кітайскіх тут зусім мала, усё больш старыя савецкія.

«А гэта ў мяне гэдээраўскія — па 10 тысяч за цацку, — кажа гандлярка ў вопратцы, быццам бы таксама з часоў ГДР. — Калі адмысловая цацка — да 50 тысяч. Зараз людзі зразумелі іх кошт, усё часьцей пытаюць».

«Тут больш не здараюцца цуды»

Але сярод барахольшчыкаў сустракаюцца й тыя, што прадаюць звычайныя новыя рэчы — вопратку, абутак, запчасткі й электратэхніку. Паляваць на іх прыходзіць падатковая інспэкцыя ледзь не штодня.

«Вось дзеду аднаму далі штраф 3 мільёны за ягоны ўнітаз, сказалі, што гэта новы», — наракае адзін гандляр.

Рэч у тым, што раней заканадаўства дазваляла займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю 5 дзён на месяц. Для гэтага ня трэба было рэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік. Але вось ужо год як без адкрыцьця ІП можна гандляваць толькі рэчамі, якія былі ва ўжываньні, уласнымі й тымі, што належалі членам сям’і.

«Таму „Поле цудаў“ вырасла за кошт псэўдабарахольшчыкаў», — тлумачыць спадар, што прыяжджае сюды штовыходныя з савецкімі часопісамі, манэтамі ды значкамі.

На тое, што барахолка ўжо ня тая, наракае й музыка Сяргей Пукст. Раней ён быў аматарам пашукаць антыкварныя рэчы на «Полі цудаў».

«Пасьля таго, як адбыліся зьмены парадку гандлю, асаблівага сэнсу ехаць туды ўжо няма, — сказаў ён Свабодзе. — Як калісьці, тут ужо ня знойдзеш рэдкіх і нечакана танных рэчаў. Само азначэньне „поле цудаў“ страціла сэнс. Гэта ня поле цудаў, а празаічны рынак, дзе прадаюць запчасткі для дрыляў».

Ён згадвае часы «сапраўднай барахолкі», калі тут «здараліся цуды» ў выглядзе эксклюзіўнай нямецкай парцаляны за недарагі кошт.

«Але нават у параўнаньні зь Піцерам тут усё капітальна вымыта, у нас антыкварныя прадметы вельмі рэдкія, можна сустрэць толькі дзіўныя рэчы».

«Поле цудаў» — праблема для начальства

Дзе раней была менская барахолка? Па словах гандляра з «Поля цудаў», што назваўся Багірычам, ён засьпеў часы, калі барахольшчыкі зьбіраліся на Старажоўцы. Аднак апісаны нават Уладзімерам Караткевічам у «Чорным замку Гальшанскім» рынак быў найперш калгасным.

«Калі калгасны рынак закрылі, мы перабраліся на Камароўку, а з пачатку 1990-х — ужо на „Ждановічах“ гандлюем», — кажа Багірыч.

Яшчэ раней прадаваць старыя рэчы можна было на рагу вуліцы Рэспубліканскай (сёньня — Раманаўскай слабады) і Сухой, а таксама ў павільёне № 10 на плошчы 8 сакавіка. Краязнаўца Вадзім Зелянкоў спасылаецца да даведнік 1960 году, дзе пазначаныя адрасы «крамаў выпадковых рэчаў».

Таксама ён прыгадвае, што галоўная менская «талкучка» працавала ў Маладэчне.

«Менчукі, што жадалі набыць нешта з рук, езьдзілі туды», — кажа Зелянкоў.

Цягам другой паловы 20 стагодзьдзя менскую барахолку выштурхоўвалі з цэнтру гораду, у той час як іншыя гарады прываблівалі да сябе турыстаў менавіта блышынымі рынкамі. Але імкненьне да «правільнасьці» і канцэпт «у нас тут чыста» не пакідаюць будучыні для «Поля цудаў» у Менску.

«Поле цудаў — даволі дзікі рынак, такое Буркіна-Фасо, — кажа Пукст. — Праз тое, што тут няма цывілізаванасьці, стэрыльнасьці, некантралюемы рынак стаў вялікай праблемай для нашага начальства».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG